У кашульцы чорнай, зрэбнай.
Тварык сплаканы, мурзаты;
Ані бацькі, ані маткі;
Дзядзька выгнаў з роднай хаты.
На узмежку сядзіць, плача, –
Куды дзецца – знаць не знае;
Гадок шосты пайшоў толькі…
А тут ночка… страх… змяркае…
Не плач горка, сірацінка,
Беларуская дзяўчынка!
Спяць сном вечным бацька, матка, –
Не пачуюць ця, дзіцятка,
Не памогуць твайму плачу,
Не траць сілы дарагія:
Жыта сіва спаць ця прыме,
Дожджык цёплы шчочкі змые,
Пасцель мякку трава ўсцеле,
Пырнік ножкі ўкрые босы;
Сном забудзешся спакойным,
Вецер вольны спляце косы.
Каласочак ця накорміць,
Сонка яснае прыгорніць,
Крыж расстайны будзе таткай,
Ралля чорна – роднай маткай.
Ўстань з узмежка, не плач горка,
Глянь у неба: зорка ясна,
Што найдалей свеціць міла, –
Твая гэта, твая ўласна.
Вер: не згінеш, сірацінка,
Беларуская дзяўчынка!
Ў нашым краю многа гэтак
Ў людзі выйшла сірат-дзетак…
Мы належым да народу,
Што ад свету да заходу
Кожны з гора ўтрое гнецца,
Аднак гору не даецца.
Крыжам ляжа ў крыві ўласнай,
А ўсё ж верыць зорцы яснай.
Наш народ наўздзіў трывалы!
Шмат прыдбаў чужынцам славы…
Аб сабе адно забыўся,
Толькі вось цяпер збудзіўся.
Хоць шмат латак, хоць без хлеба, –
Жыць і крэпнуць і нам трэба.
Беларусы! Больш нікому
Не ўступайце вы загону
Свайго жніва, сваёй працы.
Сіраціна! страх дзіцячы
Зглушы ў сэрцы, расці жвава –
Цябе жджэ народна справа!
1914
Крыніца: Цётка. Творы. – Мн.: Маст. літ., 1976. – 306 с.