Цётка — Журавель і чапля

Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Жылі сабе па абодвух канцах балота Журавель і Чапля.
 После стала ім надта маркотна жыць, і вот уздумаў Журавель да Чаплі ў сваты ісці. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Чапляў двор.
 – Як маешся, Чапля?
 – Здароў, Журавель.
 – Ці не пойдзеш, Чапля, за мяне замуж?
 – А твае ногі доўгі, пер’е каротка; дужа ты брыдкі… Ідзі сабе, дзе быў!
 Журавель перабраўся ізноў цераз балота дый прыйшоў у свой двор.
 Раздумалася Чапля, што за Жураўля замуж не пайшла. «Дай, – кажа, – пайду да яго і перапрашу».
 Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Жураўлёў двор.
 – Здароў, Журавель!
 – Як маешся, Чапля?
 – Вазьмі мяне замуж за сябе.
 – Твая шыя доўга, і сіня, і крывая, і сама ты гарбатая; такой мне не патрэбна.
 Хаця было і стыдна, аднак Чапля паплялася цераз бор назад у свой двор.
 Шкода стала Жураўлю, што не ўзяў Чаплю бедную, і зноў пайшоў ён тою самаю дарогаю. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху…
 Так цэлы век свой хадзілі яны адзін да аднаго ў сваты, і так на абодвух канцах балота асталіся іх хаты.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений