Творчасць Алеся Пісьмянкова

Алесь Пісьмянкоў

   Паэзія Алеся Пісьмянкова, якога літаратуразнаўца А. Бельскі назваў "паэтам лірыка-рамантычнага светаўспрымання", вызначаецца надзіва гарманічным спалучэннем адкрытай пачуццёвасці і спакойнага, глыбокага роздуму. Нездарма паэт, аднойчы шчыра захапіўшыся фразай Тодара Кляшторнага: "Вершы думаю…", так любіў паўтараць яе. Для Алеся Пісьмянкова паэзія была не прафесіяй, а спосабам жыцця, мыслення, абсалютна арганічнай формай самавыражэння і самарэалізацыі. У вершах Алеся Пісьмянкова няма халодных эксперыментаў, але заўсёды ёсць арыгінальныя паэтычныя знаходкі, якія нараджаюцца ў выніку эмацыянальнай лірычнай споведзі і беспамылкова знаходзяць водгук у сэрцах чытачоў. Высокая культура паэтычнага мыслення, дадзеная паэту ад прыроды яго таленту і развітая праз няспынную вучобу ў класікаў сусветнай і беларускай літаратуры (найперш у землякоў Аркадзя Куляшова і А. Пысіна, а таксама А. Вялюгіна), меладычная дасканаласць верша, адмысловы гукапіс, афарыстычнасць і мудрая лаканічнасць выказвання – тыя рысы, якія надаюць вершам А. Пісьмянкова эстэтычную вартасць і робяць знаёмства з імі захапляльным і непаўторным.
    Алесь (Аляксандр Уладзіміравіч) Пісьмянкоў нарадзіўся 25 лютага 1957 года ў вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Успаміны дзяцінства, захапленне прыгажосцю родных мясцін заўсёды былі крыніцай натхнення паэта: "У час цяжкі, у момант паваротны свайго жыцця" я ўсё часцей вяртаюся ў шчаслівае маленства. Мае думкі і ўспаміны там, дзе нясуць свае светлыя воды мае любімыя Бесядзь, Зубар і Сураў, "дзе трымаюць зямлю на карэннях сваіх сасна і бяроза", там, дзе некалі разам са мною радаваліся і журыліся, смяяліся і плакалі Бялынкавічы, Белы Камень, Мізырычы, Камічы, Калодліва, Белая Дуброва…". Гэтая цытата з эсэ "Пісьмянкоў луг" у многім характарызуе самога Алеся Пісьмянкова: і яго любоў да родных мясцін, і творчую вучобу ў Аркадзя Куляшова, і раскаваную метафарычнасць думкі, і ўменне ўслухацца ў назвы вёсак, адчуць іх паэзію. Разумеючы "таямнічую старажытную славянскасць" і паэтычнасць назваў вёсак, Алесь Пісьмянкоў і для першай сваёй кнігі, якая выйшла ў 1983 г., па парадзе паэта А. Вялюгіна абраў шматзначную назву "Белы Камень".
    Паэтычны дэбют А. Пісьмянкова адбыўся ў пятнаццацігадовым узросце, калі яго вершы былі надрукаваны ў касцюковіцкай раённай газеце. Ужо з ранніх вершаў у паэта было моцнае адчуванне Радзімы, роднай зямлі, каранёў роду, таму не дзіўна, што ў яго ўспамінах дзяцінства апаэтызаваны не толькі бацька і маці, але і дзяды Сямён Варфаламеевіч і Сямён Масеевіч, бабулі Алёна і Анісся, у якіх Алесь вучыўся сакавітай і трапнай народнай мове. Філалагічную ж адукацыю А. Пісьмянкоў атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які скончыў у 1980 г.
    Працаваў у часопісе "Полымя", быў галоўным рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва" і часопіса "Вожык".
    Пасля першага зборніка паэзіі "Белы Камень" (1983) выйшлі кнігі "Чытаю зоры" (1988), "Планіда" (1994), вершы для дзяцей "Заўзятары" (1993) і "Ласуны-веселуны" (1996), "Журавель над студняй" (1998), "Я не памру, пакуль люблю…" (2000, выбранае).
    Назвай апошняй кнігі і многімі вершамі-разважаннямі пра жыццё і смерць Алесь Пісьмянкоў нібы напрарочыў сваё ранняе развітанне са светам. Хворае сэрца паэта не вытрымала заўсёднага эмацыянальнага напружання, і 23 красавіка 2004 года А. Пісьмянкоў раптоўна памёр.
    Гістарызм паэтычнага светабачання, трывалая нацыянальна-культурная памяць з ранняй паэзіі былі вызначальнымі рысамі творчай індывідуальнасці Алеся Пісьмянкова. Характарызуючы лірычнага героя яго першай кнігі, крытык Т. Чабан падкрэслівала: " Ён… – асоба гістарычная, і яго гістарычныя карані – у Беларусі старажытнай, славянскай". Нават знешне Алесь надзіва адпавядаў традыцыйнаму генатыпу беларуса, вызначанаму Уладзімірам Караткевічам у нарысе "Зямля пад белымі крыламі": невысокі, каржакаваты і шыракаплечы, са светла-русай чупрынай і заўсёднымі пшанічнымі вусамі, з хітраватымі агеньчыкамі ў светлых прыжмураных вачах. Такімі мы, услед за паэтам, і ўяўляем нашых крэўных продкаў радзімічаў і крывічаў, Васіля Вашчылу і Кастуся Каліноўскага ў "Баладзе роду". У гэтым вершы, напісаным яшчэ зусім маладым дваццацігадовым паэтам нібы "навырост", сцвярджалася цэлая жыццёвая і эстэтычная праграма: продак Пісьмянок залажыў першы вянец у "баладу роду", а справа нашчадкаў – годна працягваць справу, не выпускаючы з рук плуга, мяча і пяра.
    Знойдзеным у юнацтве жыццёвым ідэалам паэт заставаўся верным заўсёды, асэнсоўваючы ўнутраную повязь самых галоўных слоў: "…Радзіны. / Радзіміч. / Радзіма." (верш "Роднае"). Пераемнасць традыцый пацвярджае паэт і ў напісаным праз многія гады вершы "Продкі" са зборніка "Планіда". Як і ў вершы "Балада роду", тут паўтараюцца нязменныя нацыянальныя архетыпы: плуг, сяўба, меч, сцвярджаецца нязводнасць і духоўная моц народа, паэтава вера і вернасць продкам. Аднак пасталелы паэт знаходзіць асабістыя і таму пераканальныя дэталі для таго, каб засведчыць неўміручасць роду і дзейснасць традыцый: "вяду сваіх сыноў да іх на раду". У мастацкай манеры і вобразна-выяўленчых сродках двух вершаў таксама адчуваецца час, пражыты Алесем Пісьмянковым у паэзіі: верш "Продкі" лаканічны і ёмісты, напісаны на адным перарывістым дыханні, нібы ў няспыннай хадзе, у ім многа дзеясловаў дзеяння (ідуць, вялá, не сеяў зла, а сеяў зерне, іду, вяду).
    Вернасць народным традыцыям, славянскае міфалагічнае і хрысціянскае мысленне ва ўласцівай для беларусаў еднасці ўвасоблена ў вершы "Вяртанне". Канкрэтна-пачуццёвыя дэталі (пах аеру і яблыкаў), паўтораныя рэфрэнам у гэтым невялікім вершы, узмацняюць яго эмацыянальнае ўздзеянне, ствараючы атмасферу такой жаданай для паэта чысціні, прасветласці, святасці.
    Лейтматыў чысціні, прыроднай і духоўнай, настальгіі па светлых і святых рамантычных ідэалах праходзіць праз усю творчасць А. Пісьмянкова. А ўпершыню ён з высокай мастацкай дасканаласцю быў ўвасоблены ў раннім вершы паэта:

 

Ты адбі мне тэлеграму,
Што і ў нашай старане
Ў ціхай вёсцы Белы Камень
Выпаў белы-белы снег.
Вёсак многа. Ёсць другія.
Ў вёсках нашы карані.
У мяне не настальгія –
Проста сум па чысціні.
Проста сум па белым полі,
Па рабінавым агні,
Проста хочацца да болю
Першароднай чысціні,
Той, што мроіцца начамі,
Што з душы здымае грэх…
Проста ў вёсцы Белы Камень
Самы белы ў свеце снег.
 

    У гэтым вершы, які так і застаўся адным з лепшых у паэзіі Алеся Пісьмянкова, паэт не толькі палемізуе з кідкай і моднай на той час фразай "ностальгия по настоящему" (А. Вазнясенскі), ён спакойна і суцішана разважае пра свае вясковыя карані, пра тое, што першародная чысціня радзімы, дзяцінства, бацькоўскага дому "з душы здымае грэх". Адмаўляючы эстрадную гучнасць, паэт нібы імкнецца апраўдаць сваю сентыментальнасць, чатыры разы пачынаючы радок эпіфарай "проста". Так мужчына звычайна стараецца прыхаваць слязінку расчуленасці, выкліканую ад замілавання самым дарагім: "проста ў вёсцы Белы Камень / Самы белы ў свеце снег".
    З гэтага верша бярэ пачатак магія белага колеру ў паэзіі А. Пісьмянкова, звязаная з моцна выяўленым пафасам духоўнага абнаўлення і маральнай чысціні.  "Белая посцілка двара" з матчынымі слядамі; "мой белы конь… над чорнаю вадой"; "Белы бусел, белы бусел / Мой задумлівы сааўтар"; Я – пра белае, / Я пра белае, – Набалелае… / Яно выстае – яно чыстае!", "У маленстве – белы снег", "бялюткі кілім… свята", "сон мой чорна-белы" – гэтыя і многія іншыя вобразы нясуць не толькі адзнаку колеру, але і маюць сімвалічнае, сакральнае значэнне. У паэзіі Алеся Пісьмянкова сустракаюцца і іншыя колеравызначэнні: зялёны, ружовы, залаты. Аднак менавіта беламу ў апазіцыі з чорным нададзена сэнсавызначальная і сімвалічная роля: яны сімвалізуюць жыццё і смерць, душэўную чысціню, святасць і грэх, імкненне да самаўдасканалення. У такіх колеравых перавагах адчуваецца і ўплыў літаратурнага настаўніка Аляксея Пысіна, які побач з сімвалічным ужываннем чырвонага колеру часта выкарыстоўваў і белы і нават паэму, напісаную задоўга да выхаду ў свет першай кнігі Алеся Пісьмянкова, назваў так жа – "Белы камень".
    Матыў ачышчэння нязменна звязаны ў А. Пісьмянкова з паэтычным хранатопам вёскі маленства, трохі ідэалізаванай рамантычным паэтам, які далучае сябе да "апошніх з нашага роду, каму сняцца вясковыя сны", "каго лучыць няўтольная смага / Па водары сонечных хат!" (верш "Спавядацца бяжым да прыроды…").
    Алесь Пісьмянкоў, як і многія сучасныя беларускія паэты, адчуваў сябе ў горадзе чужым і прызнаваўся, што хацеў бы вярнуцца жыць у вёску. Натуральна для пакалення вясковых паэтаў, якіх можна назваць, па трапным выслоўі Міхася Стральцова, "сенам на асфальце". Але менавіта такое драматычнае светаадчуванне дапамагае рабіць глыбокія філасофскія вывады:

Я зведаў нямала дарог
І ўсе палюбіў іх нібыта,
Але без адной бы не змог –
Дарогі

праз

жыта.

Маленства, як воблак, сплыло,
І колькі ўсяго перажыта!
А я ўсё шукаю сяло
З дарогай

праз 

жыта.

Мне кажуць: "Душу не трывож –
Цяпер там асфальт бескапытны",
А памяць бяжыць басанож
Дарогай

праз 

жыта.

 

    Цэнтральны вобраз гэтага верша, падкрэслены рэфрэнам, графічна і інтанацыйна выдзелены "лесвічкай", пераклікаецца з вядомым вобразам паэзіі Максіма Танка: "дарога, закалыханая жытам". Такое судакрананне ўяўляецца невыпадковым, бо і па філасофскай глыбіні, і па лаканічнасці выказвання, і па спецыфіцы ўмоўна-асацыятыўнага вобраза паэзія А. Пісьмянкова апошніх гадоў моцна наследуе танкаўскія традыцыі. Пры чытанні верша Алеся Пісьмянкова ўзгадваецца яшчэ і яркі вобраз Аляксея Пысіна: "Мне ў вечнасць хочацца ўвайсці / Мне вечнасцю здаецца жыта". Вобраз "дарогі праз жыта" ў А. Пісьмянкова, такім чынам, грунтуецца на багатай літаратурнай традыцыі і ўзбагачаны ўласнымі паэтычнымі знаходкамі: у паэта "памяць бяжыць басанож" па "бескапытным асфальце" праз вечную дарогу жыцця.
    Заканамерна, што такі эмацыянальна адкрыты, рамантычны паэт, як Алесь Пісьмянкоў, напісаў нямала выдатных вершаў пра каханне. У першым зборніку каханне жыло як неўтаймаваны парыў, страсць, радасць зліцця вуснаў, шчасце ўзаемнасці і трывожная самаіронія ("Я venі, vіdі, vісі…").
    У інтымных вершах сталага паэта больш спакойнай пяшчоты, ласкавага зажуранага ўспаміну, бязмежнай дабрыні і вернасці ("Прабачэнне").
    Адзін з лепшых вершаў Алеся Пісьмянкова пра каханне "Мой сад у снезе па калена…" прысвечаны жонцы Алене. Гэты верш прасякнуты сумным, элегічным настроем, ён добра перадае трывогу за каханую, якой лёсам наканавана ісці побач з паэтам яго няпростымі жыццёвымі шляхамі. Што ж гэта за сад, калі ў ім толькі фальклорныя рабіна ды каліна як сімвалы прыгажосці і невясёлай жаночай долі, золь, снегапад, калючы град і ахрыплыя вятры? Пэўна ж, з сабой вядзе трывожны дыялог паэт, хоць і пытаецца ў каханай: табе не хочацца назад? З жыццёвага саду, які гадавалі разам і які, вядома, не такі змрочны, якім яго палемічна, быццам просячы ў любай прабачэння, малюе паэт, вяртання няма, яно і непатрэбна, таму і не баіцца паэт паўтараць раз за разам сваё трывожнае пытанне. Ён проста добра ведае адказ любай і хоча ўпэўніцца ў ім зноў і зноў, знаходзячы ў каханым сэрцы падтрымку і душэўную апору.
Вершы пра каханне паэта спрадвеку дарылі жанчынам як прыгожы адмысловы сувенір. Такія вытанчаныя па форме творы, як, напрыклад, верш "Чаканне", ёсць і ў Алеся Пісьмянкова. Хоць у вершы і ёсць словы "сэрца хвалюецца", але асаблівага эмацыянальнага напружання ён не выклікае, а захапляе дасканаласцю кампазіцыі, майстэрствам гукапісу, цікавымі форматворчымі знаходкамі, якія, зноў жа, пераклікаюцца з паэзіяй Максіма Танка.
    Стылеўтваральны ўплыў паэзіі Максіма Танка ўвогуле моцна адчуваўся ў сталай лірыцы А. Пісьмянкова як у агульнай гуманістычнай ідэі, так і ў спецыфіцы ўмоўна-асацыятыўнага вобраза: "Хата вачмі пустымі / Глядзіць у халодны студзень."; "Афарыстычнасць, лаканічнасць выказвання, схільнасць да паўтору сінтаксічных канструкцый – таксама асаблівасці мастацкай формы, якія лучаць паэзію А. Пісьмянкова і М. Танка. І, як вынік – з’яўленне ў творчасці Алеся Пісьмянкова верлібраў, якія па форме і нават інтанацыі вельмі блізкія да танкаўскіх, як, напрыклад, верш "Падзяка".
    І ўсё ж А. Пісьмянкоў у параўнанні з М. Танкам больш адкрыта – пачуццёвы і рамантычны, больш традыцыйны ў добрым разуменні гэтага слова. Паэт імкнуўся пісаць, па яго прызнанні, "традыцыйна, каб – жыццёва / Пачуццёва, бо – балюча…"
    У вершах Алеся Пісьмянкова заўсёды было многа разваг, філасофскіх рэфлексій, якія, аднак, заўсёды вырасталі з моцнага пачуцця, сапраўднага ўзрушання душы. Элегічнасць асабліва ўзмацняецца ў апошняй кнізе паэта:
 

Восеньскі одум бусла.
Каліва светлай самоты.
Ціха ў душы ажыла
Згаслая

некалі

нота.

Срэбра зялёнай травы, 
Думных лясоў пазалота.
Жораў у небе сівым –
Чыстая

ціхая

нота.

Востры халодны скавыш.
Рэшта апошняй пяшчоты.
Дзякуй, што ты не маўчыш,
Ціхая

чыстая

нота.

 

    Элегічнасць А. Пісьмянкова празрыста – светлая, сонечная і спакойная, як паветра ранняй восенню, прасякнутая спрадвечнай для паэта прагай чысціні.
Восеньская, узроставая элегічнасць А. Пісьмянкова натуральная, як выдых паэта ў звычайна-побытавай замалёўцы, паэтычны і філасофскі сэнс якой надае толькі апошняе слова:
 

А заўтра я зноў у восем
Выйду ў сырую восень

І буду з пакутным тварам
Жоўты чакаць "Ікарус",

А голас пад парасонам
Пра час запытае сонна,

І я замест лічбы восем
Выдыхну ціха:
"Восень…"
 

    Драматычнае светаадчуванне лірычнага героя паэзіі А. Пісьмянкова апошніх гадоў, у якім месціліся ўсе трывогі часу, у тым ліку і чарнобыльская бяда, што не абышла стараной родныя паэтавы мясціны, і клопат за культуру, маральную дэградацыю грамадства, добра выявілася ў вершы "Рабіна над вірам". Гэты верш дынамічны па інтанацыі, прасякнуты фальклорнымі вобразамі, меладычны і зладжаны па кампазіцыі. Апошнія яго радкі, узмоцненыя паўторам-заклікам, прымушаюць не быць абыякавымі да трагедый свету.
    Алесь Пісьмянкоў з вялікай адказнасцю ставіўся да сваёй паэтычнай творчасці, асэнсоўваў яе ў вершах ("Паэт", "Трывожна-сцішаны Сусвет…", "Вечарам…" і інш.), шукаў новыя сродкі паэтычнай выразнасці. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, ён пакінуў адметны след у беларускай паэзіі. 

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений