Іван Навуменка нарадзіўся 16 лютага 1925 г. у г. Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Пасля армейскай службы ён паступіў ва універсітэт, які скончыў у 1950 г. Яшчэ пад час свайго навучання Навуменка ўступіў у шэрагі камуністычнай партыі. У 1954 г. ён заканчвае вучобу ў аспірантуры, абараняе кандыдацкую і доктарскую дысертацыі (1969), у 1971 г. атрымлівае званне прафесара. Праз два гады Навуменка займае пасаду дырэктара Інстытута літаратуры, а ў 1982 г. становіцца віцэ-прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук.
Першая публікацыя Навуменкі адбылася ў 1955 г., а першы зборнік апавяданняў «Сямнаццатай вясной» пабачыў свет на два гады пазней. Як вынікае з назвы зборніка, цэнтральнай тэмай для Навуменкі таго перыяду была праблема падлеткаў, і ён развіваў яе ў цэлай серыі празаічных зборнікаў, такіх, як «Хлопцы-равеснікі» (1958) і «Таполі юнацтва» (1966), а таксама ў мностве апавяданняў і аповесцяў, сярод якіх трэба назваць «Снежань» (1958), «Мой сябар Пятрусь» (1958), «Пераломны ўзрост» (1958), «Трымценне дубовага лісця» (1962), «Бульба» (1964) і «У бары на світанні» (1971). Многія з гэтых аповесцяў і апавяданняў апісваюць пачуцці і досвед пакалення маладых людзей, што пасталелі ў час вайны. Творы Навуменкі напісаны ў лірычным і рамантычным стылі, але з рэалістычнымі і прачулымі адносінамі да блытаных пачуццяў юнакоў, якія раслі ў заблытаных і неспакойных умовах часоў нямецкай акупацыі. У некаторых апавяданнях малюецца таксама карціна пасляваеннага савецкага грамадства (ізноў бачаная вачыма юнакоў), дзе навакольная ідэалагічная атмасфера цяжка б’е па тых, хто шукае лепшага жыцця пасля ранейшых матэрыяльных нягодаў. Такім чынам, неабходна адзначыць, што Навуменка пры ўсёй сваёй пазнейшай схільнасці да канфармізму, усё ж у некаторай ступені паказвае тагачасны разрыў паміж рэчаіснасцю і прапагандай.
Найбольш важным дасягненнем гэтага крытыка і пісьменніка сталі, несумненна, тры звязаныя між сабой раманы пра маладых людзей, заспетых вайной: «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967) і «Сорак трэці» (1973). Сярод іх, безумоўна, найбольш удалым быў першы раман, які дэманструе такую самую псіхалагічную глыбіню і сінтэз лірызма з рэалізмам, як і найлепшыя ягоныя апавяданні. Галоўны герой Міця Праха надзелены многімі поглядамі і рысамі самога аўтара. Ён адзін з юнакоў з палескага мястэчка Бацькавічы, што апынулася пад варожай акупацыяй. Навуменка дакладна ўзнаўляе унікальную атмасферу таго часу, і чытач падзяляе з юнакамі разгубленасць і суперажывае неабходнасці прымаць складаныя рашэнні, што сутыкаюць іх адно з адным у дадатак да праблем, звязаных звычайна са сталеннем. Далёка не ўсе немцы ў рамане намаляваны толькі чорнаю фарбай. Апісанне Міцевай сустрэчы з адным добрым з выгляду немцам, які пужаецца неблагога ведання Міцем нямецкай мовы, бо мяркуе, што той можа быць габрэем, нагадвае чытачу пра тое, што стаяла за нямецкай ідэалогіяй, без неабходнасці аўтару непасрэдна выказваць свае адносіны да габрэйскага пытання. Міця, з іншага боку, думае, што паколькі ён (немец) выглядае добрым, то мусіць быць «працоўным», што адлюстроўвае савецкую ідэалогію, у якой ён поўнасцю заграз, нягледзячы на часам страшэнны разрыў паміж прапагандай і рэчаіснасцю:
«На полі гэтым восенню гніла незасціртаваная салома, яе расцягвалі хто хацеў, сям-там бульба аставалася не выкапанай да марозаў. Але ў газетах пісалі пра Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку ў Маскве, пра поспехі калгасаў, і ён [Міця], бачачы на ўласныя вочы непарадак, не верыў у яго, лічыў дробяззю, не вартай таго, каб пра гэта думаць. Для яго не існавала сярэдзіны паміж вялікім і малым, з’явы і рэчы ў яго разуменні мелі выразную і толькі адзіную назву.
Калі ішла вайна з белафінамі, Міця на нейкі час разгубіўся. Двое ці трое раненых местачкоўцаў прыехалі са шпіталяў, яны расказвалі пра баі не зусім так, як пісалася ў газетах. Гэта бянтэжыла, злавала. Зрэшты, нашы авалодалі Выбаргам, у клубе паказвалі фільм «Лінія Манергейма», і Міця супакоіўся. Усё стала на сваё месца».
Свежасць першага рамана абсалютна не захавалася ў наступнай частцы трылогіі, «Вецер у соснах», дзе дзейнічаюць тыя самыя юнакі, але паказаныя на больш шырокім фоне росту народнага супраціву акупацыйным нямецкім сілам. Навуменка ўсё яшчэ дэманструе добрую памяць і разуменне псіхалогіі падлеткаў, але прыводзіць значна меней дэталяў, што надавалі першаму раману трылогіі своеасаблівую прывабнасць. Усё ўжо не выглядае такім зразумелым і адназначным, як у першыя дні вайны, калі Міця апантана спрачаўся з больш асцярожным бацькам наконт мэтазгоднасці актыўнага супраціўлення немцам, замест таго каб сядзець ціха і чакаць, пакуль бяда міне. Такія спрэчкі, тыповыя для таго часу, надавалі першаму раману Навуменкі аўтарытэтнасць, з большага страчаную апошнім раманам трылогіі, хоць і трэба адзначыць, што ў гэтым творы ўсё яшчэ прыемна адсутнічае фальшывы гераізм.
Навуменка і далей працягвае пісаць пра вайну, аднак, апрача таго, звяртаецца, хоць і досыць умоўна, да традыцыйнай савецкай тэмы барацьбы за мір, акцэнтуючы ўвагу на бязмежным патэнцыяле савецкага народа (народаў). Сярод аповесцяў і апавяданняў гэтага перыяду трэба ўзгадаць карціну вясковых нораваў з пункту гледжання настаўніка ў «Развітанні ў Кавальцах» (1974), «Апошняй восені» (1976) і «Інтэрнаце на Нямізе» (1978). У 70-я і 80-я гг. героі Навуменкі становяцца ўсё больш разважлівымі, яны спрабуюць зразумець асноўныя сацыяльныя, эканамічныя, ідэалагічныя і экалагічныя праблемы сучаснасці, але зараз ідуць абсалютна канфармісцкім шляхам. Два больш познія раманы, «Смутак белых начэй» (1979) і «Летуценнік» (1984), і п’еса «Птушкі між маланак» (1982) сведчаць пра тое, што Навуменка працягвае актыўна выкарыстоўваць досвед уласнага жыцця і ў той жа час ідэалізуе homo sovіetіcus з ягоным аптымізмам, мужнасцю, годнасцю і адказнасцю за будучыню ўсяго чалавецтва.
Многія творы Навуменкі, які займае такое высокае афіцыйнае становішча, перакладаліся на ўходнеславянскія і іншыя мовы. Ягонаму пяру належаць таксама аповесці пра вайну для дзяцей і цэлы шэраг навуковых даследаванняў, у тым ліку манаграфіі, прысвечаныя Янку Купалу (1967), Якубу Коласу (1968) і «пісьменнікам-дэмакратам »(1967). Нягледзячы на тое, што за гэтыя працы Навуменка быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Коласа (1972), ягоныя навуковыя працы былі такімі ж малавыразнымі, як і большасць ягоных мастацкіх твораў. Менавіта непасрэдны ўласны досвед пісьменніка даў жыццёвую сілу і пэўную вартасць лепшым ягоным творам, асабліва раману «Сасна пры дарозе», якія зрабілі малы, але несумненны ўнёсак у беларускую літаратуру, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне.
Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.