Творчасць Пімена Панчанкі

Пімен Панчанка

  Пімен Панчанка — пясняр высокага гуманізму, палымяны абаронца духоўнасці і маральнасці жыцця. Народны пісьменнік Васіль Быкаў піша, што яго вершы "былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, неслі ўвесь напал яе творчага пафасу", зрабіліся "баявой зброяй народа ў барацьбе з бюракратызмам, пустазвонствам і раўнадушшам". Аднак Пімен Панчанка не толькі паэт-грамадзянін, але і таленавіты лірык, паэт-філосаф.
  Жыццёвая і творчая біяграфія Пімена Панчанкі (1917-1995) насычаная падзеямі. Гэта чалавек і творца, які прайшоў складанымі пуцявінамі XX стагоддзя. Сапраўдная духоўная Радзіма Пімена Емяльянавіча Панчанкі (хоць нарадзіўся ён у Таліне 23 жніўня 1917 г.) — Бягомльшчына (Віцебская вобласць), куды ў 1920 г. прыехала яго сям’я. Тут прайшлі яго маленства і школьныя гады. Беларускі лес, дзівосныя краявіды вакол мястэчка глыбока кранулі хлапчукова сэрца, на ўсё жыццё засталіся жывой крыніцай любові да радзімы.
  Пімен Панчанка рана выйшаў на дарогу самастойнага жыцця. Пасля Бягомльскай сямігодкі ён выбраў прафесію настаўніка. Закончыў педагагічныя курсы ў Бабруйску і з 1934 да 1938 г. настаўнічаў на Магілёўшчыне. Займаўся самаадукацыяй, завочна вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, які закончыў у 1939 г. Потым была служба ў арміі, удзел у Вялікай Айчыннай вайне.
  Першыя вершы Пімен Панчанка надрукаваў у 1934 г. У даваенны час выдаў зборнікі "Упэўненасць" (1938) і "Вераснёвыя сцягі" (1940). Многія творы з гэтых паэтычных кніг адлюстроўваюць тыповы настрой і адчуванні тагачаснага маладога пакалення: у іх струменяць радасць, рамантычная вера ў чалавечае шчасце, упэўненасць, што заўтрашні дзень адкрые новыя, яшчэ больш шырокія далягляды жыцця:

 

Чуваць, як дыша вераснем зара
Па ўсёй зямлі, што ў вечаровым дыме,
I добра нам маўчаць і пазіраць
На родны край вачыма маладымі!
("Упэўненасць")

  Малады аўтар паэтызуе працу, калгасныя будні і багатыя ўраджаі, вітае пераўтварэнне рэчаіснасці, поспехі савецкага будаўніцтва. Гэтыя тэматыка, пафас творчасці бачацца праявай агульнай тэндэнцыі ўсёй даваеннай паэзіі. За кадрам заставаліся негатыўныя бакі жыцця, яго складаная глыбінная супярэчлівасць, бо традыцыя павярхоўнага аптымістычнага светабачання тады ўжо моцна ўсталявалася ў літаратуры, а да таго ж моладзь успрымала свет і час у ружовым, ідылічным святле. I ўсё ж у паэзіі Пімена Панчанкі знайшлося месца і вечным, неўвядальным пачуццям. Каханне, радзіма, прырода — вось тыя асноўныя тэмы, на якіх трымаецца яго паэтычны свет і якія ратуюць ад суцэльнай аднапланавасці і аднастайнасці. Яркімі слоўнымі фарбамі напісаны вершы "Восень" і "У навальніцу".
  У вершы "Журавы" (1938) паэт гаворыць пра моц і невынішчальнасць пачуцця радзімы. I даносіць да нас гэтую думку праз пранікнёную мелодыку радка, вобразную яркасць слова:

Пад залатымі сонечнымі промнямі
Не хочацца і птушкам паміраць,
I будуць доўга галасамі сумнымі
Радзіму жураўліную гукаць.

  Па-новаму з вышыні сучаснага дня ўспрымаецца верш "Зубр" (1940), які ўражвае сваёй іншасказальнасцю і філасофскай падтэкставасцю. Вобраз зубра ў запаведніку ўвасабляе няволю, скаванасць духу, і таму падобнага лёсу не жадае зазнаць паэтаў герой, які імкнецца абудзіць зубрыную годнасць:

Што сталася з табой, магутны бык,
Дзе сілу, спрыт і ваяўнічасць страціў?
Чаму не ўсхопішся, як віхар, на дыбы?
За выгляд твой аж сорамна мне, браце.

А ведаеш што, зубр, давай-ка уначы…
Я памагу… Не бойся, нас не чуюць…
Гайда туды, дзе спеў драздоў гучыць,
На папараці мяккай заначуеш

  Гэтыя пытанні, адрасаваныя зубру-маўчуну, і заклік да свабоды міжволі ўспрымаюцца як пытанні да грамадства і народа, якія апынуліся ў стане страху, інертнасці, абыякавасці. Верш "Зубр" у даваеннай паэзіі вылучаецца нестандартнасцю і глыбінёй вобразна-алегарычнага мыслення аўтара.
  У гады вайны муза паэта апранула ваенны шынель. Пімен Панчанка ганарыўся тым, што Янка Купала ў сваім дакладзе "Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя", прачытаным на навуковай сесіі Акадэміі навук БССР у Казані, упершыню тройчы назваў яго як паэта-франтавіка. Перамогу Пімен Панчанка сустрэў у далёкім Іране, сустрэў пасля таго, як пабыў на чатырох франтах, зведаў сапраўдную цану і жыццю і смерці. Вайна прымусіла інакш зірнуць на рэчаіснасць, і пра гэты набыты новы і суровы вопыт Пімен Панчанка добра сказаў у "Паэме сораму і гневу" (1986):

Вайна усім прачысціла мазгі:
Жыццё і смерць,
I праўда, і сумленне
Адкрыліся між гора і тугі
У першародным матчыным значэнні.

  Зборнікі "Дарога вайны" (1943) і "Далёкія станцыі" (1945) — балючая споведзь паэта пра зведанае, перажытае ў віхуры крывавага грознага ліхалецця. Творчасць Пімена Панчанкі ваеннага часу — гэта лірыка суровай праўды, паэзія надзвычай трагедыйнага гучання. Яго лірычны герой, поўны мужнасці і рашучасці абараніць родную зямлю, у вершы "Беларусі" (1941) выказвае свой боль і гнеў. Паэт згадвае нашу гісторыю, гаворыць пра велічны і няскораны дух беларускага народа і, як некалі Янка Купала, з грамадзянска-публіцыстычным пафасам сцвярджае ідэю свабоды і адраджэння Беларусі: "Пакуль сонца не згасне, // Пакуль свецяцца зоры, // Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь!"
  У вершы "Кожны з нас прыпасае Радзімы куток…" (1942) эмацыянальна і псіхалагічна глыбока выяўлены пачуцці салдата, які выйшаў з акружэння і апынуўся ля спаленай роднай хаты. Герой аддаецца ўспамінам, не можа прымірыцца з жахлівай рэчаіснасцю:

 

Не прыпомню цяпер, што ў адказ я шаптаў —
Ці зямлю суцяшаў, ці пра маці пытаў.
Слоў вуголле злятала з патрэсканых губ,
I растоптаны кут быў да болю мне люб.

Наліваліся кветкі сцюдзёнай расой,
I прамыла раса мае сумныя вочы,
Каб убачыў я ўсё, каб запомніў усё,
Каб я думаў пра помсту і ўдзень, і уночы.

  Гэтыя радкі раскрываюць драматызм і пакуты чалавечай душы.
  З псіхалагізмам напісаны і такія вершы ваеннай пары, як "Сінія касачы", "Будуць вечна сады расцвітаць…", "Лес асенні глуха гудзе…" і інш.
  Героіка-драматычны пафас вызначае гучанне балады "Герой" (1943). Салдат здзяйсняе самаахвярны подзвіг:

 

Злосна сказаў: "Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне".
I лёг на змяіныя скруткі дроту.
I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.

  Слова-дзеяслоў "лёг" тут красамоўна гаворыць пра мужнасць і абдуманасць кроку салдата, які цаной жыцця пракладваў шлях наперад.
  Па-мастацку адметна і важка прагучаў верш паэта "Курганы" (1943). Суровы ваенны час вымагаў ад паэта героіка-патрыятычнага пафасу, і ён у гэтым творы выявіўся з глыбокай духоўна-вобразнай напоўненасцю. Пейзажныя вобразы становяцца прадвеснікамі крывавай, але пачэснай бітвы: "Заўтра раніцай сонца узыдзе крывавае, // Праплывуць над акопамі журавы. // Калі ляжам і мы ў курганы, дык са славаю, // Вось за гэты бяскрайні прастор баравы". Курганы за дротам на чужой старане клічуць заступіцца за патаптаную славу роднай зямлі. Твор адчувальна пераклікаецца са славутым "Словам пра паход Ігаравы".
  Знаходзячыся ў Іране, Пімен Панчанка стварыў вельмі адметны і цікавы цыкл вершаў "Іранскі дзённік" (1944-1945). Паэт здолеў перадаць экзотыку і хараство краявідаў паўднёвай краіны, яскрава паказаць народнае жыццё і побыт, "нязвыклыя кантрасты". Запамінальныя паэтычныя малюнкі "загадкавага Ірана" створаны ў вершах "На Ардабільскім перавале…", "Сустрэча з бярозай", "Я ўсё пераблытаў…", "Бутэлька цынандалі", "Дождж", "Дэмавенд, галоўная гара іранцаў", "Караван" і інш. Увесь час у думках і снах паэт згадвае вобраз роднай зямлі — "Беларусь… у рамонку і верасе", "сасновую хату з пахам свежага хлеба і паранага малака". Яго герой успрымае экзотыку чужой краіны вачыма і душой беларуса, які моцна трымаецца свайго роднага, нацыянальнага свету:

 

Далёка, ў зялёнай хваёвай старонцы,
Ёсць хата свая ў мяне, пушча і поле,
Сваё найсвятлейшае добрае сонца.
Я іх прамяняць не згаджуся ніколі.
("Я ўсё пераблытаў…")

  Цыкл "Іранскі дзённік" прасякнуты моцнымі настальгічнымі і патрыятычнымі пачуццямі. Герой паэта адчувае сябе на чужой зямлі падарожнікам.
  Зімой 1946 г. Пімен Панчанка дэмабілізаваўся, вярнуўся ў Мінск. Ён не ўяўляў свайго жыцця без творчасці, працаваў шмат і актыўна, стварыў дзесяткі паэтычных кніг. Працаваў у рэдакцыях часопіса "Вожык", газеты "Літаратура і мастацтва", узначальваў часопіс "Маладосць", з’яўляўся сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў рэспублікі. Ён стаў народным паэтам Беларусі (1973). Гэта не толькі афіцыйнае званне, але і шырокая вядомасць у народзе.
  Пік у творчасці Пімена Панчанкі прыпадае на другую палову 50-х — 60-я гг. У гэты час чытач сустрэўся з такімі яго зборнікамі, як "Кніга вандраванняў і любові" (1959), "Нью-Йоркскія маланкі" (1960), "Тысячы небасхілаў" (1962), "Пры святле маланак" (1966) і інш.
  Яшчэ ў 1962 г. Пімен Панчанка ў сваім дзённіку зрабіў запіс: "Паэзія — споведзь веку, прапушчаная праз уласнае сэрца". У яго творчасці надзвычай ярка адлюстравалася мінулая эпоха — XX стагоддзе — з яе грамадскім жыццём, сацыяльнымі праблемамі, пошукамі шчасця і хараства быцця. Паэзія Пімена Панчанкі — гэта гаворка пра самае галоўнае, набалелае, важнае для грамадства. Праўда, якая адкрылася пасля XX з’езда партыі (люты 1956 г.), спарадзіла крытычнасць і спавядальнасць, публіцыстычную завостранасць твораў паэта. "Праўда веку! Зрабі нас дужымі…" — так вызначыў сацыяльна-духоўны пафас таго часу Пімен Панчанка ў вершы "Сумленне" (1964). Творца смела, па-новаму паяднаў палітыку і гуманізм, сацыяльнае і маральнае, асабістае і грамадскае. Ён павёў усхваляваную размову пра сучаснае, мінулае, лёс чалавека, грамадства, пра неабходнасць вяртання да маральна-гуманістычных асноў жыцця. Паэт у той час прызнаваўся, што яго "катуюць… памяць і сумленне". Ён не прымаў аморфнага ідылічнага гладкапісу, безаблічнасці, імкнуўся, каб яго радок увасобіў "пакуты і радасць, праклён і бязлітаснасць, споведзь…". "У паэтаў няма забароненай зоны…" — даводзіў мастак слова.
  У вершах "Прыстасаванцы", "Сумленне", "Трэснула, грукнула…" і іншых паэт непрымірыма ставіцца да негатыўных з’яваў грамадскага і чалавечага жыцця, з гневам і сатырычнай з’едлівасцю выкрывае бюракратаў, прыстасаванцаў, чынуш — носьбітаў сацыяльнага зла, несумленнасці, хцівасці і чэрствасці. Ён піша з гранічнай адкрытасцю пачуццяў, мужнай наступальнасцю слова, сцвярджае прыярытэт вечнага, чалавечага на зямлі:

Толькі б захаваць
Усё найлепшае,
Толькі б пахаваць
Усё найгоршае.

Бо без чалавечнасці
Не будзе і вечнасці.
("За вогненнымі вякамі")

  Перажыўшы вайну, паэт, як і яго пакаленне, верыў у справядлівае, сумленнае ўладкаванне жыцця. Але на практыцы аказалася ўсё складаней — у савецкім грамадстве ўсталявалася "рабства чаркі, паперкі, блату, біркі званняў і крэслаў чынуш". Таму Пімен Панчанка з маральнай бескампраміснасцю, грамадзянскай смеласцю выступіў супраць "раўнадушных, чэрствых, прагных, хіжых". Паэт не хаваў пагарды да гэтых перараджэнцаў і дэмагогаў, выказваўся востра, сатырычна:

 

Застылі твары кароўім лоем,
Нос падпірае тупая веліч.
Глядзяць з пагардай на ўсё малое,
Балбочуць нешта ды ружавеюць.
("Прыстасаванцы")

  Паэзія Пімена Панчанкі — "лінія высокага напружання", якая нясе ў сабе магутны ток эмацыянальна-духоўнай энергіі. Памяць паэта жыве пакутамі вайны, якую ён паказвае без прыхарошвання, ідылічнасці, не прымае фальшу і хлусні пра ваеннае мінулае, бо "за перамогу вялікай цаной плацілі найлепшыя сэрцы" (вершы "Святочныя салюты", "Франтавік", "Слова да паэтаў", "У сорак першым" і інш.).
  Не мог Пімен Панчанка прыняць і тое, што ў 60-я гг. пад шыльдай "дружбы народаў", "зліцця моў і народаў" пачалося выцясненне з грамадскай сферы беларускай мовы, праводзілася актыўная палітыка. русіфікацыі. Паводле яго ўспамінаў, першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў падчас наведвання Мінска сказаў так: "Чем скорее мы будем говорить по-русски, тем быстрее построим коммунизм". Гэтыя словы, якія зляцелі з вуснаў першай асобы ў дзяржаве, былі ўспрыняты мясцовымі партыйнымі функцыянерамі як кіраўніцтва да дзеяння: у хуткім часе на Беларусі не засталося школ з беларускай мовай навучання. Пімен Панчанка не прымаў падобны валюнтарызм у нацыянальным пытанні і бараніў роднае слова. Верш "Родная мова" (1964) гучыць як пратэст супраць замаху на самую дарагую святыню:

 

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.

  Твор прасякнуты пачуццём любасці да роднай мовы і непадробнай сыноўняй трывогай за яе лёс: "Песню сваю, мову сваю // Я да грудзей прытульваю". Першапачаткова верш заканчваўся страфою "Ці плачу я, ці пяю?.. // Восень. На вуліцы цёмна… // Пакіньце мне мову маю, // Пакіньце жыццё мне". Але пад націскам цэнзуры паэт мусіў замяніць апошнія радкі. Аднавіў ён іх у кнізе "Выбранае" (1993).
  Пімен Панчанка — паэт і грамадзянін — спавядаў высокія маральна-этычныя прынцыпы жыцця, таму ён заклікаў сучаснікаў да ўнутранага ачышчэння, чалавекалюбства, спагады. Трэба, аднак, сказаць, што ў вершах на грамадзянскую і публіцыстычную тэматыку знаходзіць выяўленне паэтава вера ў ленінскую палітыку, камуністычную ідэалогію. Гэтыя перакананні — адметнасць свайго часу, аснова светапогляду цэлых пакаленняў людзей, і падыходзіць да іх асэнсавання мы павінны з разуменнем гістарычнай эпохі. Галоўнае бачыцца ў іншым, а менавіта ў тым, што паэт усведамляў, як "шчасце… цяжка ўладкаваць на зямлі" ("Паэма майго лесу"), прапаведаваў гуманізм як аснову чалавечых узаемаадносінаў: "Лечыцца трава ад спёкі ліўнем, // Людзі ласкай лечацца людской" ("Чалавечнасць").
  Сардэчны лірызм, асаблівая тонкасць уражанняў выяўляецца ў пейзажнай паэзіі і інтымнай лірыцы. Яркі вобраз лесу паўстае ў вершы "Паэма майго лесу". Лірычны герой твора пакліканы лесам на прычашчэнне, споведзь, тут ён выказвае сябе нязмушана і даверліва. Лес, дрэвы — блізкія, жывыя істоты, яны паяднаны з чалавекам і народам агульным лёсам: "Усе мы дрэвы <…> // Цягнемся да сонца, // Шалясцім ліствою, // Грымне навальніца — // Сагнёмся ад дум, // А зрэжа маланка — // Заснём пад жарствою".
  Непаўторна, узнёсла гучыць верш "Белыя яблыні" (1958). Паэт стварыў яркі малюнак вясновай прыроды, поўны хараства, руху, дзівоснага абнаўлення. Пейзаж на пачатку твора запалоньвае зрокавымі і гукавымі вобразамі:

 

Вясной светлы сок прарывае бяросту
І рэкі сплаўляюць у мора свой панцыр.
Вясною на елчыных лапах адростваюць
Светла-зялёныя пальцы.
І гладзяць яліны свой ельнік малы
І пацеркі дораць з янтарнай смалы.

Зязюлі варожаць, і кнігаўкі жаляцца,
І глушаць усіх салаўі…

  Вясна намалявана аўтарам светлымі лірычнымі фарбамі, з вобразнай метафарычнасцю. Пасля пейзажнай экспазіцыі паэт згадвае прыгожую легенду пра нараджэнне ў белай квецені дзяўчат на нашай зямлі, захоплена гаворыць пра непаўторную пару маладосці. Псіхалагічна пранікліва, з сардэчнай пяшчотай апаэтызавана ў вершы першае каханне:

 

О белыя яблыні, белыя яблыні,
Пялёсткаў шалёны хвалюючы пах!
Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя,
І хмель веснавы на гарачых губах!

  Белая квецень яблынь успрымаецца як сімвал чысціні і прыгажосці чалавечых пачуццяў.
  Далей у вершы разгортваюцца тэмы мацярынства і жаночай долі. Паэт добра ведае пра тое, якія выпрабаванні і пакуты давялося перажыць беларускім жанчынам. Ён услаўляе мацярынскую самаахвярнасць, з глыбокай пранікнёнасцю гаворыць пра мацярынскія хваляванні і трывогі. Вобраз жанчыны перарастае ў сімвал любові, вечнага радаводнага пачатку. Жанчына-маці, яе ласка, дабрыня і любоў, як даводзіць паэт, здольныя сагрэць сусвет, які "ачарсцвеў і дашчэнту прадрог". Космас уяўляецца паэту ў белай яблыневай квецені.
  Журлівая мелодыка напаўняе радкі верша "Рабінавы гай" (1964). Апісанне прыроды тут — сродак выяўлення ўнутраных інтымных перажыванняў. Чырвоны агонь рабінавых гронак становіцца колерам болю, пабуджае да глыбокага лірыка-філасофскага роздуму:

 

Гэты след і зары, і кахання,
Знак праклятай замовы,
Дрэў апошняе красаванне
Перад белаю карай зімовай.

Зноў зямля стане белым экранам.
Дык няўжо, што было, — упустую?
I чырвоныя гронкі, як раны,
Снегапад забінтуе?

  Цудоўны, прывабны сваёй настраёвасцю, музыкай слова верш "На Палессі восень…". Паэт у гэтым, як і многіх іншых пейзажах, выступае як майстар маляўнічага эпітэта, метафарычнага жывапісу:

 

На Палессі восень .
Гусі белыя
Выскублі мядовую траву.
І вятры, ад сцюжы ашалелыя,
То журботна свішчуць,
То равуць.

  Мова пейзажных твораў Пімена Панчанкі сакавітая, каларытная, багатая на паралелізмы. Паэт адухаўляе прыроду, апісвае яе з вялікай замілаванасцю, з шчодрасцю фарбаў і багаццем колеравай гамы: "Пажоўклых клёнаў ціхае святло"; "скупога сонца роснае дыханне"; "зары світальнай медзь"; "у лужынах барвовыя ільдзінкі" (верш "Асеннімі дажджамі заліло…").
  Родныя краявіды для паэта — бясконцы свет непаўторнай паэзіі, выток самага глыбіннага і сапраўднага ў душы.
  У 70-90-я гг. з-пад пяра Пімена Панчанкі выйшлі кнігі "Снежань" (1972), "Крык сойкі" (1976), "Вячэрні цягнік" (1977), "Лясныя воблакі" (1985), "І вера, і вернасць, і вечнасць" (1986), "Горкі жолуд" (1988), "Высокі бераг" (1993) і інш. Несумненна, што гэтыя творчыя набыткі паэта з’яўляюцца важкім укладам у агульную скарбонку ўсёй беларускай літаратуры XX ст.
  Творчае самавыяўленне ПіменаПанчанкі і ў 70-90-я гг. вызначалася бескампраміснай праўдзівасцю, баявітасцю духу і шчырай спавядальнасцю.   Яго паэзія арганічна спалучае ў сабе грамадзянска-публіцыстычны, эмацыянальна-тэмпераментны пафас выказвання і пранікнёны, глыбокі лірызм. А яшчэ ён па-мастацку яскрава і псіхалагічна змястоўна раскрывае духоўнае жыццё асобы: "у высокім сненні душы, у трапяткіх пачуццёвых рэакцыях, у ёмістых абагульненнях, у раптоўных і адкрышталізаваных паэтычных формулах" (В. Бечык).
  Найвышэйшыя ідэалы паэта — праўда, сумленнасць, чалавечнасць, і гэты глыбінны гуманізм мыслення, а таксама высокая патрабавальнасць да сябе і сучаснікаў збліжае яго з такімі творцамі XX ст., як балгары Георгій Джагараў і Xрыста Радзеўскі, славацкі паэт Лаца Навамескі, башкірскі майстар слова Мустай Карым, балкарскі паэт Кайсын Куліеў і інш. Гуманістычным пафасам прасякнуты верш "Той дзень прапаў…" (1973). Паэт заклікае нас задумацца пра сэнс жыцця, кажа пра вострую неабходнасць дабрыні, душэўнай спагады на гэтым свеце:

 

Той дзень прапаў і страчаны навекі,
Калі ты не зрабіў таго, што мог;
Калі не паспрыяў ты чалавеку,
Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.

  Змагарніцкі імпэт Панчанкі-паэта тлумачыцца яго ваенным лёсам. У вершы "Мала сказаць: ненавіджу…" (1976) ён узрушана гаворыць пра канфлікт дабра і ліха, даводзіць, што дабро павінна быць, як кажуць, з кулакамі, не здавацца перад напорыстасцю подласці і хіжасці:

 

Мала сказаць: ненавіджу,
Мала сказаць: прызнаю.
Біцца за праўду — і выжыць,
Нібы салдат у баю.

  Паэт выказваецца э эмацыянальнай намагнічанасцю слова, нярэдка з палемічнай завостранасцю, ён, як дакладна заўважыў Дзмітрый Бугаёў, "імкнецца… да сэнсавай яснасці, выразнасці і глыбіні, да натуральнасці часта па-размоўнаму раскаванай інтанацыі…".
  Пімен Панчанка заставаўся непрымірымы да рознага роду негатыву, фальшу, гвалту над чалавечай свабодай. Ён выказваўся з сацыяльна-крытычным імпэтам, узрушана, часам з рэзкасцю тону. Але найперш паэт імкнуўся даць крытычную самаацэнку, пачаць, як кажуць, гаворку з сябе. У "Паэме сораму і гневу", вершах "У стылі рок", "Я цяжка захварэў: і грып, і запаленне…", "Не сярдуйце, не крыўдуйце…" і іншых Пімен Панчанка асэнсоўвае ўласнае мінулае, свае погляды і веру, і гэты ўнутраны самааналіз высвечвае асобу чалавека, які нясе адказнасць за пражытае жыццё, не хавае сваіх памылак. Паэт прамаўляе словы віны, дакору і пакаяння і, разам з тым, цвёрда стаіць на непарушным маральным грунце:

Даруй, зямля мая, за дробныя грахі,
А буйных я не меў:
Адданым быў салдатам.
Я часам быў сляпы,
А часам быў глухі
І пеў хвалу усім чырвоным датам.
("Даруй, зямля мая, за дробныя грахі…")

  У вершах "Непрымірымасць", "Не спявай мне песню пра арэлі…" і іншых творах паэт паўстае гэткім жа максімалістам і праўдалюбам, якім мы ведаем яго па ранейшых творах. Ён, аглядаючы наша складанае мінулае, не прымаў тупіковасць, безвыходнасць жыццёвага шляху. З усёй грамадзянска-публіцыстычнай страснасцю Пімен Панчанка сцвярджаў гуманістычную канцэпцыю рэчаіснасці:

 

Ад нявер’я і тугі не плачу,
Веру:
Дабрыня людская —
Толькі ў працы з поўную аддачай,
І ў каханні шчырым і гарачым,
І ў вачах даверлівых дзіцячых
Дзе яшчэ не начавала злосць.
("Не спявай мне песню пра арэлі…")

  Паэт не меў ілюзій адносна хуткага грамадскага ачышчэння і ўсеагульнага маральнага прасвятлення. І ў той жа час глыбока разумеў, што агульнанароднае "мы" шмат значыць і мае дзейсную моц. У спавяданні агульначалавечых ідэалаў Пімен Панчанка быў паслядоўны і бескампрамісны, блізка да сэрца прымаў лёс Бацькаўшчыны, хваляваўся пра годную і вартую нашага народа будучыню:

 

…Сумленне і справядлівасць
Мы адновім
Навечна.
Мы зробім сваю зямлю
Зямлёй сапраўдных майстроў,
Самай праўдзівай І чалавечнай.
("Непрымірымасць")

  Словы "сумленне", "чалавечнасць" праходзяць скразнымі матывамі праз усю паэзію Пімена Панчанкі, і гэтая лексіка красамоўна сведчыць пра яго этычную і грамадзянскую пазіцыю.
  Запаветная думка паэта — гэта мара пра прыгожае, гарманічнае быццё. Ён трывожыўся пра тое, ці здолеем мы пабудаваць дом шчасця, радасці, цывілізаванай людской супольнасці, дзе будуць шанавацца вечныя каштоўнасці, не будзе месца ваяўнічаму злу, прыніжэнню, балючым пакутам. Ён разумеў, што "новае творыцца цяжка і доўга", і гэты заўтрашні дзень залежыць ад кожнага з нас, маральных асноў асобы. Можна шмат што памяняць да лепшага, калі жыць і клапаціцца на зямлі пра сапраўднае, прыгожае і духоўнае. У верлібры "Калі мы губляем час…" паэт робіць афарыстычную выснову пра змест і сэнс чалавечага жыцця:

 

І толькі калі мы працуем са смакам —
Мы не губляем часу.
І толькі калі мы з вадою і сонцам —
Мы не губляем часу.
І толькі калі мы слухаем вецер,
Які шуміць у лістве зялёнай —
Мы не губляем часу.
І толькі калі мы гуляем з дзецьмі —
Мы не губляем часу.
І толькі калі мы пішам да маці —
Мы не губляем часу.

  Галоўнае ў чалавеку — гэта яго духоўны свет, глыбока маральная сутнасць, пра якую сведчаць адносіны да працы, любоў да прыроды, клопат пра дзяцей, стаўленне да блізкіх.
  У творах Пімена Панчанкі на сучасныя тэмы вельмі часта прысутнічаюць драматычны пафас, трагедыйныя матывы. Ён вядзе шчырую і адкрытую публіцыстычную размову пра набалелае ў душы, пра надзённае і вечнае.
  Кнігі паэзіі "І вера, і вернасць, і вечнасць", "Горкі жолуд", "Высокі бераг" — яскравыя літаратурныя дакументы пра наш час, на які прыпала шмат бедаў і няшчасцяў. Пімен Панчанка трывожыцца, што грамадства раз’ядноўваюць сацыяльныя супярэчнасці, перапаўняе чалавечы і смутак. "Шмат на жыцці нашым // Чорных слядоў", — гаворыць паэт у вершы "Чорныя дзіркі", папярэджвае пра небяспеку паглынання змрочнымі сіламі ўсяго светлага, чалавечага. Рэагуючы на вострасучасныя праблемы, Пімен Панчанка надзвычай занепакоены тым, што на схіле XX ст. грамадству пагражае сапраўднае разбурэнне — маральны Чарнобыль: "Злаба і раздражненне, // Разбойніцкі разгул… // I спее ў нашых сэрцах // Расплаты гнеўны гул" ("Не раз мы пад крывавымі сцягамі…"). Думкі пра адраджэнне чалавечага ў чалавеку, пра жыццё, вартае памяці тых, хто загінуў на вайне, развагі пра будучыню, пазбаўленую "хлусні, маны, ілжы", складаюць асноўны змест паэтычна-публіцыстычных маналогаў мастака слова. Голас яго — іранічна шчыры, усхвалявана-спавядальны, у многіх выпадках эмацыянальна-выбуховы. Светапогляд П. Панчанкі прайшоў значную эвалюцыю, ён змяшчае ў сабе пераасэнсаванне перажытага на пуцявінах жыцця і веку. Але як бы ні мяняліся вятры часу і палітыкі, самым істотным у паэтавых поглядах і памкненнях застанецца вялікае жаданне, нават прага ўладкаваць годна і прыгожа наш агульны чалавечы дом. Паэт хацеў, каб у гэтым нашым агульным доме заўсёды шанаваліся родная зямля, праца, мова бацькоў… Па роднай мове ў Пімена Панчанкі балела душа найболей, бо ён выразна бачыў яе бядотны стан:

Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы у расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
Дратавалі, здзекваліся, мучылі…
("Беларуская мова")

  I, як гэта ні сумна, тут жа ў вершы "Развітанне" (зборнік "Горкі жолуд") паэт развітваецца з роднай мовай: "Гэта ўжо не світанне, // Гэта наша настала змярканне, // Гэта з мовай маёй, // Гэта з песняй маёй // Развітанне". Па-рознаму можна ўспрымаць гэтыя словы народнага паэта, і, зразумела, найперш як вельмі песімістычныя. Аднак — і гэта высвечвае душэўны стан мастака слова — у вершаваных радках нельга не адчуць вялікага драматызму, нават адчайнай спробы выратаваць роднае слова ад забыцця і смерці. А ў вершы "Не адцураюся, не адракуся", што ўвайшоў у кнігу "Высокі бераг", Пімен Панчанка чарговы раз усхвалявана выказваецца пра лёс роднай мовы, даводзіць, што эмацыянальна-драматычная завостранасць яго гаворкі абумоўлена бязрадаснымі рэаліямі і тэндэнцыямі мінулага і сучаснасці. Паэт сцвярджае сваю моцную духоўную повязь з радзімай і роднай мовай: "Я — сірата // Без маёй Беларусі. // Ад роднай мовы, // Ад роднай нацыі // Не адцураюся, // Не адракуся!".
  Пімен Панчанка — паэт, моцна ўлюбёны ў прыроду роднага краю, у бацькоўскую зямлю. Таму ён і палымяны абаронца маці-прыроды. У вершах, прасякнутых вострым экалагічным гучаннем ("Лясныя воблакі", "Лясы і рэкі", "Сармацкае кадзіла", "Ветрана і золка…", "Мы пільней пазіраем на рэкі…", "Замоўкнуў жураўліны скрып калысак…" і інш.), мастак слова занепакоена гаворыць пра тое, як збядняецца, спустошваецца навакольны свет, якая глыбокая расколіна пралегла паміж чалавекам і прыродай. Без зялёнага, жывога свету прыроды паэту не ўяўляецца будучыня, таму ён заклікае людзей адумацца і спыніць варварства ў іх супольным экалагічным доме: "Смерць лясоў для мяне непрымальна, // Як і гібель павольная рэк… // Людзі, людзі, жывіце нармальна // I пра будучы думайце век" ("Лясы і рэкі").
  Паэту не падабаліся словы "пакарыцель", "уладар" у дачыненні да прыроды. Ён жадаў бачыць свайго сучасніка на прыродным улонні "з добрым сэрцам". Яшчэ на пачатку 70-х гг. паэт так выказаў экалагічную трывогу: "Пакідайце і буслу, і чайцы // Больш вады і неба на душу" (верш "Не люблю я слова "пакарыцель"…") Спусташэнне навакольнага свету, здзек з маці-прыроды ён успрымаў як вынік страты чалавечнасці і меры разумнасці, як маральны разлом у грамадскай свядомасці, выкліканы збядненнем чалавечай душы. У вершы "Лясныя воблакі" (1984) гаворыцца пра варварскія, бяздумна-сляпыя адносіны да прыроды. Аўтар прамаўляе з маральна-публіцыстычным пафасам, бо палка бароніць зялёны свет ад агрэсіўных паводзінаў, пратэстуе супраць таго, што чалавек безаглядна вынішчае грыбніцы, выдзірае ягаднікі, рабуе лес. Паэт нязмушана заклікае адчуць непаўторнасць зямной красы, бо яна здольная абудзіць чыстыя і светлыя пачуцці:

 

Воблакі — гэта лясное дыханне,
Гэта маленства майго караблі,
Воблакі — гэта лісты да каханай,
Воблакі — светлая м,ара зямлі.

  Воблакі — гэта ўвасабленне дзівоснага і вечнага ў прыродзе, без чаго чалавечае жыццё страціць паэтычнасць і духоўную паўнавартасць.
  Адным з першых як паэт вострага эмацыянальна-паэтычнага рэагавання на падзеі Пімен Панчанка адгукнуўся на чарнобыльскую бяду. Трагедыйны малюнак ён стварыў у вершы "Аб самым смачным…" (1987), з якога чарнобыльская ява паўстае бязрадаснай і змрочнай. З вялікай трывогай паэт успрымае смяротную пагрозу прыродзе і чалавеку, малітоўна просіць паратунку:

 

..А сёння ўсюды цьмяна, дымна, чорна,
Не звіняць у небе жаўрукі…
Божа, не гані мяне ў пячоры,
Божа, не гані у глыб ракі!

  Вобразы пячоры і ракі нябыту яскрава перадаюць жахлівую экалагічную сітуацыю, якую спарадзіў атамны выбух.
  Пімена Панчанку вельмі непакоіў лёс Беларусі пасля Чарнобыля. "Усё пераблытаў атрутны чарнобыльскі вецер…" — гаварыў паэт у вершы "Раўнавага" пра страту гармоніі і суладнасці ў сучаснай рэчаіснасці. Ён не мог мірыцца, што няпраўда ды абыякавасць прыносяць людзям пакуты і гора, гаварыў пра крызісны стан сучаснага свету, чуйна ўспрымаў яго маральны заняпад. "Сэрца зноў атручана горкім пачуццём…" — прызнаваўся паэт у вершы "Юбілейнае". Гэты пазмрачнелы настрой быў выкліканы цяжкасцямі і выпрабаваннямі паслячарнобыльскага і постсавецкага часу.
  Краса вобразаў і пачуццяў палоніць у пейзажнай лірыцы паэта. Ён паказвае краявіды роднай зямлі як свет адухоўлена-дзівосны, багаты на яркія дэталі (вершы "Асенняя навальніца", "Людзі лета з палеткаў пазвозілі…", "Хмары плаваюць над намі…" і інш.) Лірычная паэзія прыроды нярэдка напоўнена медытацыямі: "Ідуць гады, // Рады сяброў радзеюць, // А новых мне, напэўна, не знайсці… // На скверах клёны ціхія ірдзеюць, // I хутка цёмным сіверам гусці" ("Апошні дзень вясны і першы лета…"). Пімен Панчанка любіць маляваць прыроду яскравымі эпітэтамі і метафарычнымі фарбамі: "Бярэзнікаў белая песня, // Званы медзяныя бароў, // Заставы калматых елак — // Надзейныя сховы звяроў" ("Бярэзінскі запаведнік").
  Праз усю паэзію Пімена Панчанкі лейтматывам праходзяць вобразы прыроды — жыта, зор, сонца, жаўранка і інш. I гэтае захапленне — "душы патрэба", сведчанне пастаяннай і непарыўнай роднасці лірычнага героя паэта з прыгажосцю. У вершы "Ля жыта" (1986) вобраз жыта паўстае як сімвал жыцця:

Стаю ля жыта,
Малюся жыту,
Пішу пра жыта,
Ізноў пра жыта:
Умее жыта
Душу лячыць.
Пакінь, зязюля,
Гады лічыць!

  У вершы "Жытнёвы звон", што пачынае пасмяротна выдадзены зборнік П. Панчанкі "Зямля ў мяне адна" (1996), з вобразам жыта знітаваны матывы перажытага і роздуму пра вечнае: "Калі за лета не ўбачу жыта — // Зраблюся хворым. // А за плячыма ўсё перажытае // Стаіць з дакорам". "Голас жыта" для паэта неўміручы, а "спеў жытнёвы" святы, як "вочы маці".
  Філасофія жыцця Пімена Панчанкі грунтавалася на высокай эстэтычнай і маральнай повязі чалавека са светам. Паэт Сяргей Панізнік у вершы "Над кнігай П. Панчанкі" добра сказаў пра душэўны неспакой мастака слова: "Ведаю, як Панчанку няспіцца… // Ён і нам аціхнуць не дае. Ён, паэт, ніколі не даруе // нам радок, што сэрца халадзей". Яго паэзія апошніх дзесяцігоддзяў — гэта споведзь эмацыянальна напружанага жыцця асобы — асобы, якая пратэстуе супраць абсурду, бездухоўнасці рэчаіснасці, кліча кожнага з нас усвядоміць сябе Чалавекам.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений