Павольна, ціха над зямлёй,
нібы валы, бліжэюць хмары.
Дзе — чарадой, дзе — грамадой,
дзе — падабраныя да пары.
На небе месяц, як пастыр,
на плечы ўскінуўшы сярмягу,
зганяе хмары ўсе ў Мазыр,
каб паратунак даць на смагу.
Магчыма, там грыміць пярун?
Ці дзе варочаюцца жорны?
Ці, можа, ляскае бізун
за пеляною цьмяна-чорнай?
Туды і месяц наш нырнуў,
сярмягай да вушэй закрыты.
А праз густую пеляну
паліўся дождж, як цераз сіта.
Не спіць ніхто ў Мазыры.
Глядзяць усе праз вокны, дзверы,
як неба шле людзям дары
без ліку, без ніякай меры.
Знікае смага тая скрозь,
што панавала тут праз лета.
А дождж — як наймілейшы госць,
вясёлы госць! — ідзе над светам…
З высокіх дрэў знікае пыл,
знікае з вуліц брукаваных.
У Прыпяць пыл увесь паплыў
завулкамі, як рукавамі.
Калі спыніўся дождж зусім,
а ён спыніўся каля золку,
ў праменні ясным, залатым
устала сонца над узгоркам.
Тады Мазыр ва ўсёй красе
раскінуўся перад вачыма.
Тады пазналі мы усе:
быць прыгажэйшым — немагчыма!