1
Крот, Мурашка і Лісіца
сустрэліся ля крыніцы.
Піць прыходзілі яны ўсе.
Там струменьчык чысты ліўся
і джурчаў, як чмель над кветкай,
пад бярозавай паветкай.
Прывіталіся спачатку
і дзеньдобрым, і за лапку.
Пачалі пасля ўсе трое
гаманіць пра сёе-тое.
Потым Ліска кажа:
– Дома
нам усё даўно вядома.
Пойдзем лепш у свет шырокі,
паглядзім уласным вокам,
як жыццё ідзе другое,
як яно і дзе якое.
Ўсе згадзіліся на гэтым.
Вандраваць не дрэнна летам!
Крот сабраўся вельмі борзда,
ўзяў з сабою рыдаль востры,
а Мурашка ад кватэры
узяла сваю сякеру.
Ну, Лісіца кожным часам
ходзіць з баявым прыпасам:
востры зуб і хвост пушысты,
каб сляды замесці чыста…
2
Крот, Мурашка і Лісіца
маршыруюць па гасцінцы.
Крочаць весела і жвава.
У дарозе ўсё цікава:
дзе узгорак, дзе даліна,
дзе алешнік, дзе ляшчына,
дзе калінавы масточак,
дзе малінавы лісточак…
Птушкі з кожнага іх дрэва
сустракаюць гучным спевам.
Так прайшлі яны ці мала.
Ім прыгоды не трапляла.
Але вось на нейкай мілі
свой паход яны спынілі:
нехта, мабыць, ехаў з возам
і засыпаў сцежку просам.
Што рабіць?
Дабра ім шкода.
Як-ніяк –
пачатак года.
«Кінь вясной у глебу зерне,
дык увосень жменю верне!»
Так Лісіца і сказала:
– Часу ёсць у нас нямала!
Мы, падзякаваўшы лёсу,
пазбіраем гэта проса.
Потым, выпаліўшы ляду,
і пасеем добрым ладам.
Як зародзіць проса наша –
будзем год мы есці кашу!
Утраіх рабіць не цяжка. –
Крот, Лісіца і Мурашка
пазбіралі ў кучу проса,
каб нідзе не засталося.
Ёсць насенне!
Зараз трэба
рыхтаваць для проса глебу!
3
Крот, Мурашка і Лісіца
пасядалі на травіцы.
Крот, як знаўца, вокам кінуў
на узгорак, на даліну
і сказаў:
– Каля гары той
можна сеяць нават жыта.
Проса ж будзе –
як трысцё там,
з вельмі добрым умалотам.
Хто з Кратом спрачацца можа?
Ў гэтай справе ўсіх ён зможа, –
колькі Крот зямлі капае,
мабыць, ён і сам не знае…
4
Крот, Мурашка і Лісіца,
каб з сяўбою не спазніцца,
падышлі хутчэй да мэты.
Не благі куточак гэты!
Пахадзілі па паляне:
добра скрозь, куды ні глянеш!
Што ж! Пачаць капаць ім трэба, –
языком не зрушыш глебу!
Узяліся ўсе з імпэтам
працаваць на полі гэтым.
I Крату капаць не цяжка,
працавіта і Мурашка.
А Лісіцу хто не знае?
Хлеба лёгкага шукае!
Капануўшы два разочкі,
Ліска села на пянёчку
ды сябрам сваім гаворыць:
– Нас, браткі, пільнуе гора!
Добра бачу ясным вокам,
што гара навісла бокам.
Як заваліцца на поле,
проса нам не мець ніколі.
Не спыняйце вы работу,
я ж пайду наладжу ўсё там.
За гару, ў кусты адразу
наша Ліска падалася.
Там на сонейку вясновым
і заснула у дуброве.
Ліска так гару трымае!
Як, гаротніца, трывае!..
Рые Крот зямлю тым часам,
а з Кратом Мурашка разам.
I да вечара іх двое
ускапалі поле тое.
Як на захад сонца стала,
дык Лісіца наша ўстала.
Падышла:
– Вось добра, хлопцы!
I пасеем, покуль сонца!
Не пашкадаваўшы сілы,
я гару так узмацніла,
каб ніякая навала
нам сяўбу не сапсавала.
Вам лягчэй было намнога,
я – дык ледзь цягаю ногі…
Што адкажаш? – Кожны, пэўна,
працаваў, як мог, сумленна…
Праз плячо узяўшы лубку,
Крот пасеяў проса хутка.
А пасля сяўбы такое
заспявалі разам трое:
«А мы проса сеялі
утраіх.
Наша проса вырасце
нам для ўсіх.
Намалоцім проса мы
повен воз,
абы толькі просу быў
добры лёс».
5
Крот, Мурашка і Лісіца
разышліся ў той хвілінцы,
каб ізноў пры гэтым просе
ім спаткацца ўсім пад восень.
Час ляціць. На сходзе лета.
Восень крочыць непрыкметна.
Проса жаць прыйшлі з сярпамі
толькі Крот з Мурашкай самі,
а Лісіца і не дбае,
што работа ёсць такая.
Крот з Мурашкай каля проса.
Жне адзін, другі адносіць.
А снапоў на іхнім полі
коп за дзесяць, пэўна, болей.
Як звязалі сноп апошні,
ў іх парадак стаў на пожні.
З лесу крочыць тут і Ліска,
да тарпы падходзіць блізка.
– Ай, ды хлопцы!
Ай, героі!
Як вам дзякаваць за тое?!
Нам усім за працу нашу
ўзнагародай будзе каша!
Усё ж ткі проса малавата!
На траіх дзяліць не варта!
Аддамо таму ўсё збожжа,
хто дабегчы першым зможа
да тарпы праз нашы гоні.
Адным словам, – хто абгоніць!
Крот з Мурашкай кажуць:
– Згода!
Сталі ў рад.
Каманда:
– Ходу!
Ну, Лісіца хвост трубою,
аж ляціць па-над зямлёю.
А Мурашка, што ў карэце,
на хвасце ў Лісіцы едзе.
I не ведае Лісіца,
што Мурашка з ёй імчыцца!
Да тарпы прыбегшы, села
і вясёлы спеў запела:
«А мы проса сеялі
утраіх,
але проса вырасла
не для ўсіх!
Гэта проса вырасла
мне на лёс,
а Крату з Мурашкаю
дулю ў нос!»
А Мурашка ззаду кажа:
– Дастанецца мне ўся каша
Ты марудніца якая!
Я даўно цябе чакаю!
Ушчынае гвалт Лісіца
ды з Мурашкаю сварыцца:
– Як, ды што яно такое…
Не згаджаюся з табою!
Хто табе паверыць можа,
што мяне ты пераможаш?
Але Крот прыйшоў да іх тут.
Ён і даў Лісіцы дыхту:
– Як сварыцца вам не сорам?
Спрэчку вырашым мы скора,
каб на добрае ўсім выйшла:
тут да нас бягуць два выжлы.
Мы сюды іх і запросім
рассудзіць аб нашым просе.
Як ускочыла Лісіца, –
не здагоніць бліскавіца.
Знікла ў момант за кустамі.
Крот з Мурашкай сталі самі
малаціць цапамі проса.
Ім яно ўсё дасталося.
А пасля таўчы на крупы
пачалі ў вялізнай ступе.
Як стаўкуць, згатуюць кашу,
дык і казку скончым нашу.
А пакуль таўкуць, мой братка,
пачынай ізноў спачатку:
«Гэй, гэй, таўкачыкі!
Гэй, гэй, дубовыя,
да работы гатовыя.
Сем год бадзяліся,
ў адну ступу сабраліся,
патаўкуць на крупы проса,
каб усім нам дасталося.
А Лісіцы гультаіне
аддамо адну мякіну!
Гэй, гэй, таўкачыкі!
Гэй, гэй, дубовыя,
да работы гатовыя!»