Мой любы браце, блізкі і далёкі,
няма сталёвасці і арфазвоннасці.
Такая сцюжа на душы, навокал,
як дзень з дажджамі, быццам сённяшні.
Ці ж я не ведаю, ці я не знаю,
ці я не сын сваёй сучаснасці, –
жыццё крынічыць і музыкі граюць,
на лад папасці ўсё не шчасціцца.
Часінай – весела, часінай – сумна,
ідуць шляхі – ў балотах трацяцца.
А недзе злоснікі бразгочуць бубнамі…
Даруй, даруй, мой любы браце, мне…
1925