Уладзімір Дубоўка — Ці снег, ці завея

Уладзімір Дубоўка

Ці снег, ці завея,
ці золкі туман.
Таго не жалею,
таго, што няма.

Гады маладыя,
юнацкая кроў!
Агонь гіне дымам,
не прыйдзе ізноў.

Дык, арфы і цытры, –
гучней і гучней!
Хай вашыя рытмы
абудзяць людзей.

У вочах узрочных
фіялкі з расой.
Нашто укарочваць
спатканні з красой.

Мінула – надыдзе,
надыдзе – міне.
Ніколі не скрыўдзіць
прыгожы нас дзень.

Раз келіх наліты, –
жыццё – не віно, –
пакуль не дапіты,
не ўбачыш ты дно.

Ці снег, ці завея,
ці золкі туман.
Таго не жалею,
чаго не стрымаць.

1926

Крыніца: Дубоўка У. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 1. Вершы. – Мінск: Беларусь, 1965. – 540 с.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений