Уладзімір Дубоўка — Ты напорна ідзеш, маладая

Уладзімір Дубоўка

Ты напорна ідзеш, маладая,
да вядомага ўпартай хадою.
Табе песні, сястрыца, складаю,
заварожаны доляй такою.

Па-над сцежкаю месяц устане
і раскіне вяночкамі зоры.
У бязмежным сваім акіяне
свой ліхтар ён засвеціць нам скора.

Калі лёс нам кладзе перашкоды,
мы іх знішчым дашчэнту, у корань.
Найвялікшая ў тым асалода:
тады дух твой са светам гаворыць.

Калі сцежка травой зарастае
ці на сцежцы ламачча, карэнне,
о, дзяўчына! — не будзе адчаю, —
мы на лепшае сцежку павернем.

Думкай яснай злятаю у высі,
месяцовых вяночкаў дастану.
Бо яны для цябе завіліся
і табе яны будуць, каханай.

1926

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений