Ты ляжыш у мяне на далоні,
найдрабнейшая з кветак.
Я пытаўся, пытаю сягоння:
чым ты вабіш нас
гэтак?
Ледзь прыкметны для нашага вока,
быццам зернетка маку.
Ад зямлі не расцеш ты высока,
і заўважыць не ўсякі.
А калі расцвіцеш на узлессі,
закрасуеш у пушчы, —
хараством ты тады апранешся,
сапраўды, неўміручым.
Найдрабнейшыя кветкі ствараюць, —
твае, верас любімы, —
пекнату, што гарыць, не згарае
у цудоўных кілімах.
Як пабачу цябе, так і ўспомню
пералескі, палеткі,
дзе калісьці узяў на далонь я
ўпершыню твае кветкі.
1958