Уладзімір Дубоўка — Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца…

Уладзімір Дубоўка

Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца,
на ясны шлях з табой мы узышлі.
Няхай краса любімае зямлі
у задушэўнай песні адгукнецца.

Я з кожным днём раблюся больш цвярозым,
хоць з большай смагай чару п’ю жыцця.
Мінаюць дні і крыллем шалясцяць,
кладуць адбіткі на дасціпны розум.

Пульсуе кроў мая спрадвечнаю крыніцай…
То не мая, то пакаленняў кроў!
Яны жылі і будуць жыць ізноў,
крылаты час над імі будзе віцца…

Схіляюся і слухаю пакорна,
маўклівасць слухаю і гэты шум.
Цяжар вялікі я ў сабе нашу,
а ён жа меншы быў, цяжар, учора…

У ім ляжаць здабыткі нашых продкаў,
ляжаць лятункі-мроі ўсе мае,
ляжыць усё, што нам жыццё дае
за век вялікі і такі кароткі…

Урэшце прыйдзе вокамгненне хіжа,
затуліць вочы, вушы мае, рот,
а вечнасці няўмольнае пяро
апошні верш мой на зямлі напіша…

I прыйдуць новыя на свет наш пакаленні,
якія будуць жыць у харастве Камун.
Жыццё аддам я хараству таму,
найдаражэйшаму дам летуценню.

Бо там, за горамі гадоў, падзеі,
якія ўзмоцніць праца нашых рук.
За іх – усе цяжары падыму,
за іх і супраць розных ліхадзеяў.

Наколькі хопіць сілы ў мяне, змогі,
наколькі хопіць дзён жыцця майго, –
мы пойдзем хваляй, палкай, як агонь,
ад перамогі і да перамогі.

А ты вядзі мяне, маё ты сэрца,
на ясны шлях з табой мы узышлі.
Няхай краса любімае зямлі
у задушэўнай песні адгукнецца.

1927
 

Крыніца: Дубоўка У. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 1. Вершы. – Мінск: Беларусь, 1965. – 540 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений