Васіль Хомчанка — Дзве Дашы

Васіль Хомчанка

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 У горад прывезлі звярынед. На пустыры паставілі кругам клеткі са звярамі, зрабілі вароты з аркай, павесілі дынамік. З ранку да вечара гудзеў той дынамік, заклікаючы ўсіх падзівіцца на звяроў.
 I пацягнуліся ў звярынец людзі з усяго горада.
 А там былі ўсякія звяры – і рэдкія, заморскія, і знаёмыя, са сваіх лясоў.
 Быў кракадзіл, ляжаў ён нерухома як палена і за цэлы дзень мог нават не варухнуцца, хоць яму крычалі і кідалі ў яго цукеркамі і яблыкамі.
 Быў слон, прыкуты за нагу да падлогі кароткім ланцугом. Рухацца яму неяк трэба было, і слон бясконца пераступаў з нагі на нагу, калыхаўся ўсім сваім магутным целам, матляў хобатам.
 Дзве малпы больш за іншых звяроў збіралі цікаўных каля сваёй клеткі. Учапіўшыся за краты, пазіралі яны на тых людзей, што дражнілі іх, і, відаць, думалі: «Ну і дурныя ж вы, чаго крыўляецеся, грымасы строіце, языкі паказваеце? Вунь жа іншыя не крыўляюцца». А калі ім ужо зусім надакучвалі, то самі малпы ў адказ таксама крыўляліся і языкі паказвалі.
 Дзеці любілі птушку паўліна, паласатую зебру, кармілі іх. На льва проста дзівіліся і нічога яму не кідалі, бо той нічога і не браў у рот.
 Свае ж звяры – воўк з аблезлым бокам, лісіца, казуля, барсук, лось, заяц – нікога асабліва не цікавілі, і мала хто затрымліваўся каля іх клетак.
 Збіраліся дзеці і каля клеткі з маладым мядзведзем, віталіся з ім: «Здароў, Miша!» – і кідалі ў клетку кавалачак булкі ці недаедзеную цукерку.
 А гэта быў не Міша-мядзведзь, а Даша, яшчэ малое медзведзяня. Дашай назвала яе жанчына-наглядчыца, што карміла звяроў і чысціла клеткі.
 Даша, як і ўсе малыя, была вельмі цікаўная. На ўсё дзівілася, усё запамінала, асабліва людзей, якія частавалі яе ласункамі. Радавалася і сумавала. Калі радавалася, то станавілася на дыбкі, хапалася за прэнты клеткі, скакала. Калі ж нападаў сум, сядзела ў куточку і ўспамінала.
 Ходь Даша мала пражыла на свеце, а помніла шмат чаго з мінулага.
 А мінулае яе былі воля, густы лес, яркае разнаквецце, палянкі малінніку са смачнай малінай, лясная рачулка, куды любіла плюхацца з берага, за што не раз ад маці-мядзведзіцы атрымлівала аплявухі.
 Добра помніць сваю маці, з гарачым мацярынскім малаком, цёплым мяккім жыватом, да якога, калі лажыліся спаць, заўсёды прытульвалася.
 Здаецца, і цяпер чуе яна працяглы пошум дрэў недзе там, у вышыні, птушыны звон, ускрыкі, піск, рып, стракатанне – усе гукі, якімі жыў той лес і ягоныя жыхары.
 Апошняя Дашына вольная восень была сухая і сонечная аж да самай зімы. Лес зжаўцеў, лісце з дрэў асыпалася, у паветры плылі белыя павуцінкі. Маці атлусцела за лета, зрабілася лянівая, марудлівая. I Дашы ўсё боль і больш хацелася спаць.
 Прыйшлі халады. Маці-мядзведзіца выбрала для зімы яміну пад вываратнем, нагрэбла туды лісця, шыпулля. Выйшла ўтульная і цёплая бярлога. Там і начавалі.
 Снег выпаў ноччу. Раніцай, калі вылезлі з бярлогі, снег, які зіхацеў пад сонцам, асляпіў і здзівіў. Такога дзіва медзведзяня яшчэ ў жыцці не бачыла, падумала, што можна яго есці, лізнула – халодны і нясмачны.
 Але затое снег быў мяккі, пушысты, і на ім, як на траве ці апалым лісці, можна качацца і куляцца. Яно і кулялася і качалася.
 Пад вечар Даша з маці зноў залезлі ў бярлогу і заснулі, каб спаць да вясны. Спалі, прыціснуўшыся адна да адной, і Дашы сніліся лета, маліна, лясны пошум і гарачае сонца.
 Няшчасце здарылася праз некалькі дзён спячкі. Скрозь сон пачула Даша залівісты брэх сабак, крык людзей, стук над галавой і нейкі страшэнны рокат. Дымны смурод заказытаў ноздры. Абудзілася і мядзведзіца. Яна сярдзіта зараўла, але з бярлогі не вылезла. Тады тыя, што крычалі, пачалі зверху тыцкаць у бярлогу вострымі жэрдкамі. Адна жэрдка балюча кальнула Дашу ў спіну. Малое заенчыла. Другая жэрдка трапіла ў мядзведзіцу. Завылі, заенчылі разам і вялікая, і малая, а схавацца ад удараў не было куды. Толькі адно выйсце было – уцякаць з бярлогі, і яны выскачылі з яе наверх.
 I тады насустрач грымнула, як гром летам. Смяротным крыкам скаланула лес маці-мядзведзіца і павалілася, распластаўшыся нерухома на снезе. Даша з віскам прыціснулася да маці, ад страху спрабавала падлезці пад яе, каб схавацца ад грому і ад людзей, што акружалі яе, саскочыўшы з трактара.
 Не схавалася Даша. Яе схапілі, засунулі ў цёмны мяшок і на трактары разам з забітай маці-мядзведзіцай павезлі з лесу…
 Потым яе везлі ў кузаве аўтамашыны, у вагоне, і нарэшце яна апынулася ў звярынцы, у гэтай вось цеснай клетцы.
 Дашы цяпер здаецца, што гэтай страшнай падзеі не было, а яна проста прыснілася ёй, і цяпер усё яшчэ сніцца.
 Яна прывыкла і да сваёй клеткі, і да людзей, якія праходзяць і праходзяць міма. Без людзей, калі звярынец зачыняецца, ёй ужо і сумна бывае.
 Асабліва любіць Даша дзяцей, і калі тыя затрымліваюцца каля клеткі, яна скача, прасоўвае з клеткі лапу, запрашае да сябе. Але ні яна з дзецьмі, ні яны з ёю не маглі пагуляць і падурэць: дзеці заставаліся па той бок. клеткі і загародкі, а яна па гэты.
 З нейкага часу Дашу кожны дзень наведвала адна дзяўчынка і абавязкова што-небудзь ёй прыносіла. Таму Даша яе заўсёды чакала, узіралася ў дзяцей, шукала сваю знаёмую. У дзяўчынкі былі доўгія белыя валасы і жоўтая яркая, як сонца, сукенка.
 Аднойчы дзяўчынка прыйшла ў звярынец у канцы дня, перад тым як яму зачыніцца. Медзведзяня ўжо не чакала яе. Сумнае сядзела ў куточку клеткі і пазірала на слана-бедалагу, прыкутага за нагу. Шкада было яго. Калі многія звяры маглі пабегаць па клетцы, пакуляцца, то слон і гэтага быў пазбаўлены.
 Пашкадавала яна і ваўка, якому, як паспела заўважыць, яшчэ ніхто з людзей ніколі не кінуў ласунку. Наадварот, на яго крычалі, махалі рукамі, палохалі.
 I ў гэты час яна пачула.
 – Даша, зірні, вунь кракадзіл.
 – Зараз падыду, – сказала дзяўчынка.
 Медзведзяня пазнала яе голас, кінулася ўперад, прыціснулася да прэнтаў, старалася ўбачыць сярод людзей сваю знаёмую. Убачыла хлопчыка і дзяўчынку, адзетую ў жоўтую, як сонейка, сукенку. Яны абое стаялі каля клеткі з кракадзілам.
 – Даша, а кракадзіл жывы? – спытаў хлопчык.
 – Жывы, жывы, – адказала жанчына-наглядчыца, якая чысціла клетку з лісіцамі, і пацікавілася: – I цябе Дашай завуць?
 – Ага. А хто тут яшчэ Даша?
 – Вунь малое медзведзяня.
 Дзяўчынка падышла да яго, павіталася:
 – Здароў, Даша. Значыць, мы цёзкі. Я таксама Даша. – I кінула ёй у клетку пачак марожанага.
 Даша-медзведзяня схапіла тое марожанае, ад радасці забурчала, заскакала. Марожанае з’ела ў момант, паперку з клеткі выкінула і працягнула лапу, просячы яшчэ.
 – Больш няма, – развяла дзяўчынка рукі, – заўтра прынясу.
 Стаяла Даша каля Дашы, аж пакуль не пакінулі звярынец усе наведвальнікі. Чаго толькі не паказвала радаснае медзведзяня: і скакала, і кулялася цераз галаву, і цягнула лапу – прасіла пачастунак. Жанчына-наглядчыца сказала, што пара ісці, бо замкнуць вароты, і дзяўчынка памахала на развітанне рукой. Медзведзяня сачыла за ёй, аж пакуль тая не схавалася за варотамі. А калі схавалася, пачало глядзець на дамы, што стаялі блізка ад звярынца. Даша ведала, што людзі жывуць у дамах. I, значыць, яе знаёмая добрая дзяўчынка таксама жыве ў нейкім такім доме. А цікава, у якім? Дамы былі высокія, з балконамі, з мноствам акон, што вечарамі свяціліся рознымі колерамі. Самы бліжэйшы да звярынца быў самы вышэйшы – дзевяціпавярховы.
 I вось медзведзяня Даша глядзела на гэты самы высокі дом і гадала, дзе ж тое акно, за якім жыве дзяўчынка Даша. Глядзела, глядзела і раптам убачыла яе на адным з балконаў. Пазнала па той жа яркай жоўтай сукенцы і доўгіх белых валасах. Затрэсла Даша прэнты клеткі, заскуголіла, заныла – ёй захацелася туды, на той балкон.
 Да яе падышла наглядчыца, загаварыла добрым голасам, пачала супакойваць, пытаць, што яе непакоіць. Даша на сваёй звярынай мове тлумачыла, што ёй хочацца вунь туды, да той дзяўчынкі, да людзей, на волю хочацца, але ж наглядчыца яе не разумела. На жаль, людзі яшчэ не навучыліся разумець мову звяроў.
 Супакоілася Даша толькі, калі дзяўчынка зайшла ў пакой.
 А дзяўчынка так і прыходзіла да Дашы кожны дзень. Вельмі здружыліся дзве Дашы, не маглі абедзве і дня пражыць, каб не ўбачыцца. I не магла кожная ўявіць, як яны расстануцца, калі прыйдзе час звярынцу пераехаць у іншы горад.
 А потым неўзабаве адбылося вось што.
 У звярынец зайшоў вядомы цыркавы артыст, дрэсіроўшчык мядзведзяў, убачыў, як Даша танцавала, кулялася, кланялася, працягвала лапу паздароўкацца, і медзведзяня яму вельмі спадабалася. «Разумны звер, здатны да навукі», – падумаў ён і парашыў узяць яго ў сваю трупу. Усё, што трэба для гэтага, ён зрабіў, атрымаў дазвол. I аднойчы вечарам, як звярынцу зачыніцца, дрэсіроўшчык прыехаў на машыне.
 Дрэсіроўшчык выйшаў з кабіны, сівы, высокі, у скураным пінжаку, стаў каля клеткі.
 – Прывітанне, Даша, – сказаў ён. –
 Я цябе адсюль забяру ў цырк. Будзеш людзей весяліць.
 Дашу выпусцілі з клеткі, па трапе завялі ў кузаў і пасадзілі ў яшчэ меншую клетку.
 – Часова тут пабудзеш, – супакойваў яе дрэсіроўшчык, калі Даша занервавалася. – Толькі даедзеш у ёй да цырка.
 Ён зачыніў задні борт, сам сеў у кабіну. Машына выехала са звярынца і спынілася. Дрэсіроўшчык сказаў шафёру, што яму трэба купіць нейкую кнігу, і пайшоў у кнігарню.
 А машына стаяла якраз перад домам, у якім жыла дзяўчынка Даша, і медзведзяня бачыла гэты дом ад першага да апошняга паверха. Бачыла і той знаёмы балкон, вокны кватэры… Медзведзяня зразумела, што яго вязуць адсюль назусім і што яно больш не ўбачыць і гэты дом, і балкон, і саму дзяўчынку, затрывожылася, пачало тыцкацца галавой у краты, прасоўваць праз іх лапы.
 I вось яно нешта лапай намацала, пацягнула, і дзверы клеткі адчыніліся.
 Медзведзяня вылезла з клеткі, пералезла цераз борт машыны і шмякнулася на зямлю, а потым са ўсіх сваіх чатырох ног памчалася да знаёмага дома.
 Яно не зважала ні на людзей, што шарахаліся ад яго ў бакі, ні на дзяцей, што беглі за ім следам. Імчалася напрасткі па дзіцячай пляцоўцы, міма лавачак з бабулямі.
 Даша ўбегла ў патрэбны ёй пад’езд і пайшла ўверх па прыступках. Ішла і ішла, пакуль не скончылася лесвіца – ведала, што дзяўчынка жыве на самым верхнім паверсе. Задыханая, села каля абабітых скурай дзвярэй. Панюхала дзверы, пазнала па паху, што тут жыве дзяўчынка Даша, і пачала драпаць іх, спрабуючы адчыніць. Драпала, драпала і незнарок націснула на кнопку.
 У глыбіні пакоя пачуліся крокі, дзверы адчыніліся. На парозе стаяла дзяўчынка Даша.
 – Прыйшла?! Дашачка прыйшла! – радасна ўскрыкнула дзяўчынка. – У госці прыйшла.
 Медзведзяня паківала галавой і працягнула дзяўчынцы лапу. Тая ўзяла яе за лапу і ўвяла ў кватэру.
 Толькі хвілін праз дваццаць прыйшоў дрэсіроўшчык. Прывялі яго хлопчыкі. Дрэсіроўшчык надзеў на медзведзяня наморднік і павёў да машыны. А дзяўчынцы сказаў:
 – Не сумуй. Ты ж будзеш прыходзіць у цырк? I ўбачышся там са сваёю Дашай.
 I Даша потым часта прыходзіла ў цырк, падоўгу глядзела, як дрэсіроўшчык вучыў медзведзяня, і вельмі радавалася, калі Даша-медзведзяня лёгка ўсё разумела.
 Дружба ў іх працягвалася. Інакш і не магло быць. Калі падружыўся, то трэба даражыць дружбай да канца.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений