Васіль Вітка — Казкі і краскі

Васіль Вітка

З чаго пачынаецца сонечны дзень?
Вядома, што з новае казкі.
Зірніце, ледзь дакрануўся прамень
Лясной серабрыстае краскі –

Зазіхацелі кроплі агню,
Апошнія пацеркі ночы,
I праз настылую цішыню
Выбіўся кволы званочак.

Ашчадна жамчужную іскарку дня
Ландыш нясе у далонях.
Спіць яшчэ ўся палявая радня,
Накрыўшыся коўдрай зялёнай.

Першы прачнуўся Дзядоўнік стары,
Але не ўстаюць без прынукі
Дзеці, што любяць паспаць на зары,
I асабліва – унукі.

Цяжка, вядома, што ні кажы,
Бачыць старому без жалю,
Як тоненькі Дрыжнік спрасонку дрыжыць,
Як туліцца Піжма ў піжаму.

Даўно ўжо з далёкай дарогі прыйшлі
Зачараваныя Брат-і-Сястрыца
I ў захапленні глядзяць на палі,
На хвалі густое пшаніцы.

Маці-і-Мачыха над ракой
З дачкой абнялася няроднай.
Не знае, якой прытуліцца шчакой –
Цёплаю ці халоднай.

Прачнуўся касматы, нячэсаны Сон,
Вылез з начное кашулі.
Сее зязюля на купіне Лён,
Гусі саджаюць Цыбулю.

У кожнага клопат пра свой агарод,
Кожны свае даглядае расліны:
Казёл з казою – Казлабарод,
Свіння – Свінакроп, журавель – Журавіны.

Век не было гультаёў у бары,
Ахвотнікаў на дармоўку.
На расцяробах самі зубры
Сеюць сваю Зуброўку.

Дружна ўзяліся расці Львіны зеў,
Конскае шчаўе, Каціная мята,
А Кураслеп адцвісці паспеў –
Будзе ўраджай багаты.

Будуць ад працы і плён, і спор,
Калі гаспадар харошы.
Не налюбуюцца мышы з нор
На сіні Мышыны гарошак.

Добра ўрадзіла з самай вясны
Сёлета ў зайца Капуста.
Рад, як ніхто, агароднік лясны –
Грады буяюць густа,

А качаны так і гоніць у рост,
Толькі сабраць бы ўдала…
Глянуў, а за кустом – Лісахвост!
Спалохаўся заяц – і драла.

Умее хавацца ў пушчы мядзведзь,
Пытай – не падкажуць і птушкі.
Не давядзецца самога сустрэць,
Зірні на Мядзведжыя вушкі.

У лапцях хадзілі калісьці ваўкі,
Зараз – у чаравіках,
Але застаўся ўспамін на вякі –
Барвовае Воўчае лыка.

Ёсць Воўчыя ягады і грыбы.
Іх людзі прыдумалі лоўка,
Абы каб самім іх не есці, абы,
Як кажуць, на воўка памоўка.

Аднак жа ад ядавітых траў
Трэба умець бараніцца.
А ты, каб убачыў, ты б іх пазнаў:
Вароняе вока, Куколь, Чамярыцу?

А ты на двары каля дому гатоў
Адрозніць ад красак увесну:
Блёкат, Цыкуту, Балігалоў,
Люцік, Паслён і Пярэсну?

А ці пазнаеш на пустках, ля ям,
Без імянных таблічак,
Як буйна бушуе пан Дурнап’ян,
А побач – паніч Дурнічнік?

Кветкі людскія імёны бяруць,
Ёсць Васількі, Маргарыткі,
Наша здароўе яны берагуць,
Нашы шануюць набыткі.

Бывае, і паджартуюць парой
Над слабасцю чалавечай.
Зёлка па імені – Зверабой
Нікога не б’е, не калечыць.

Прастудзішся – заварыць папрасі
Маліны, Дзіванны, Руты,
Усім прыбаўляе сіл Дзівасіл,
А Валяр’ян у нас доктар славуты…

Вірыць над Сланечнікам радасны рой,
Смокчуць салодкае сонейка пчолы,
I чмель з неразлучнай чырвонай трубой
Вандруе ў паход свой вясёлы.

Адзін авадзень ашалела гудзе
I вывіжоўвае вокам –
Якую хутчэй яму высачыць дзе
Ахвяру непадалёку.

Іван ды Мар’я аднойчы ўвесь дзень
Марна шукалі сыночка.
Бачылі, як ухапіў авадзень,
Хацеў ухапіць ён і дочку.

Анюта на тую хвіліну якраз
Зёлкі на поплаве рвала.
Ад крыўды зрабілася кветкаю ўраз,
Што брата не ўратавала.

I хоць яна голасу не падае
Ні ў лузе і ні ў лясочку,
Але хто ні гляне – убачыць яе,
Пазнае Анюціны вочкі.

У казках ігрушы растуць на вярбе,
Грамаце вучыць варона сароку.
Гавораць, знайшоўся адзін верабей,
Што возера выпіў у спёку.

Ад спёкі ў гаі дзяды-салаўі
Ратуюцца Іван-чаем.
Норма ў іх – самавар на дваіх,
Асушаць, другі закіпае.

Тым часам зямлю ўжо ахутвае змрок,
Клубіцца туман на балотах.
Пара маладым салаўям на урок –
Новыя песні развучваць па нотах.

Весела дзённая казка ідзе,
Бае, што бачыць і чуе,
I за сабою сябровак вядзе –
Вячэрнюю і начную.

Гэтак за днём і мінаецца дзень,
Ночкай змяняецца ночка.
Строга трымаецца ранні прамень
Малога свайго званочка.

Толькі кранецца раніцай ён
Лясной чарадзейнае краскі –
Звоніць сярэбраны тэлефон:
Слухайце, слухайце казкі!

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 4 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений