Васіль Вітка — Трое ў палаце

Васіль Вітка

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

І

  I ў самыя цяжкія хвіліны чалавека не пакідае цікаўнасць. Ён не можа бачыць жыццё толькі з аднае пазіцыі, падобна рыбалову, які сцішыўся на беразе і, усёй увагай прыкаваны да паплаўка, глядзіць на раку, што, верная сваім законам, плыве і плыве далей.
 У кожнага свая рака. Але рэдка хто безуважны сузіральнік яе плыні, нават калі і вымушаны на бяздзейнасць.
 Колькі можна прабыць у настроі сузіральнасці самаму стомленаму і знясіленаму – месяц, няхай два, а ў бядзе, у трывозе чалавеку страшней за ўсё адзінота.
 Трапіўшы ў бальніцу нават цяжка хворы, цераз якую хвіліну-дзве ты ўжо ўсёй напружанай, нацятай душэўнай вастрынёй адчуваеш, як, перамагаючы боль, на паверхню ўсёй пакутнай трывогі выбіваецца цікаўнасць: хто твае суседзі, можа, у іх яшчэ большая бяда, чым твая? I спачуванне чужому гору суцішае твой асабісты боль.
 Далучыўшыся да агульных намаганняў перамагчы хваробу, ты адчуў, што і самому стала лягчэй.
 Бруіцца рака жыцця – імкліва і няспынна. Не маючы змогі плыць, не кідай у яе каменняў горкай крыўды.
 У бядзе чалавек спазнаецца, які ён ёсць.
 Нярэдкае прабыванне і падоўгу ў бальнічнай палаце заўсёды зводзіла мяне з харошымі людзьмі, хоць раней, ва ўмовах свайго асяроддзя, у службовых, бытавых і штодзённых клопатах, яны, здаецца, нічым не маглі прывабіць і зацікавіць.
 Значыць, або я іх не ведаў, або, хутчэй за ўсё, асяроддзе, сфера іх інтарэсаў, якімі яны жылі, не памаглі ім выявіцца ў сваіх найлепшых якасцях і магчымасцях.
 Чалавек, відаць, пазнаецца больш за ўсё тады, калі выходзіць пераможцам з цяжкага выпрабавання, пераканаўшыся, што гэтай перамогай ён абавязаны не аднаму сабе, а і намаганням людзей, доўг і абавязак перад якімі сталі цяпер яго самымі высокімі пачуццямі. Пасля такога спазнання яснейшаю становіцца душа, а чалавек – лепшым, дабрэйшым, прыгажэйшым.
 Ён ужо і на адзіноце не адзінокі. Абвастраецца ўвага, дапытлівасць і цікаўнасць да кожнага – хто ён, якімі клопатамі заняты, якімі трывогамі і думкамі жыве?
 Пра такія знаёмствы не магу сказаць – выпадковыя.
 Яны заўсёды дарылі мне добрых сяброў.

 

ІІ

  На гэты раз маім другам стаў Рома. I я многім удзячны яму за тое, што хвароба, якая скруціла мяне ў казіны рог і не давала прасветлае гадзіны ні ўдзень, ні ўночы, раптам расслабіла свае ўчэпістыя лапы і нават палагаднела, як толькі я ўбачыў яго, свайго будучага друга…
 Ён сядзеў на ложку пры акне і на поўную магутнасць заводзіў… баявы танк. Спружыне не цярпелася адразу ж даць ход цяжкім гусеніцам. Танк увесь калаціўся, роў і грукаў, ірвучыся з рук вадзіцеля. Машына імкнулася наперад, але поле танкадрома было да немагчымасці абмежаванае.
 На каленях Ромы ляжала тонкая, лёгкая дошка, што служыла яму сталом. На ёй, вядома ж, не ставала патрэбнага аператыўнага прастору. Разагнаўшыся, танк з грукатам ляцеў на падлогу. Сам танкіст, не могучы ўстаць, націскаў на кнопку званка, і тады прыбягала няня або дзяжурная сястра.
 Разумеючы сваю бездапаможнасць, ён не адчуваў сябе вінаватым.
 Якраз у момант такой вялікай аварыі, калі машына ляжала дагары гусеніцамі, натужна і жудасна равучы, сястра і няня прывялі ў палату мяне.
 Рома невыказна абрадаваўся – кончылася, нарэшце, адзіноцтва! I хоць яно цягнулася не болей гадзіны, пакуль выпісваўся мой папярэднік, а на яго месца ў прыёмным пакоі рыхтавалі мяне, але чалавеку кіпучай, няўрымслівай натуры і гадзіна магла здацца вечнасцю.
 Матор танка коратка раўнуў і змоўк. Цяпер ён ляжаў без найменшай прыкметы жыцця.
 Рома падняў на мяне ціхі, засмучаны пагляд – і я зразумеў увесь адчай яго бездапаможнасці.
 Самае ж невыноснае ў маёй бядзе было – нагнуцца і разагнуцца. Але спадзяванне, якое я прачытаў у сумных вачах Ромы, магло вымусіць і на большы подзвіг.
 Я нагнуўся, падняў машыну, але падаць яе свайму суседу не змог. Разагнуцца мне памаглі сястра і няня, якіх выклікаў Рома, дасканала спрактыкаваны ў тэхніцы сігналізацыі.
 I ўсё ж хоць першая спроба сагнуцца і разагнуцца пацярпела няўдачу, потым я ўпэўніўся, што якраз у гэтым быў мой паратунак.
 Цераз неймаверныя намаганні, перасільваючы нясцерпны боль, чым болей я згінаўся і разгінаўся, варушыў рукамі і нагамі ў кожным іх суставе, тым выразней, няхай сабе і вельмі яшчэ далёка наперадзе, праяснялася надзея, што я перамагу хваробу.
 Паступова далучаючыся да турбот і клопатаў свайго аднапалатніка, я набываў у ім друга, але не скажу, што і аднадумца. Якраз у думках, у поглядах на многія рэчы мы разыходзіліся з ім, часта займаючы рэзка супрацьлеглыя пазіцыі.
 Першым пунктам нашых гарачых спрэчак і вострых канфліктаў быў… футбол.
 У вачах Ромы адзінае, што апраўдвала мяне, гэта паважаны ўзрост. Але ў такія хвіліны я прыгадваў і некаторых сваіх сяброў, якія ў асобе майго юнага друга знайшлі б не толькі аднадумца, але і падзвіжніка ў імя самай высокай страсці нашых дзён.
 Рома паў ахвярай гэтай страсці.
 З поля бою ён падняўся, але сюды, у бальнічную палату, яго даставіла «хуткая дапамога».
 Чорт вазьмі, калі ўжо не шанцуе, дык не шанцуе! Адна бяда шукае другую.
 Заставалася два месяцы да заканчэння заняткаў у школе, і Рома, прыкаваны да пасцелі, мусіў яшчэ мужна і самааддана канчаць свой першы клас.
 Штодня прыходзіла настаўніца, дэлегацыі аднакласнікаў, і мой друг адчуваў сябе героем, што пацярпеў дзеля шчасця і дабра ўсіх бліжніх і дальніх, з’яднаных адзінай любоўю і захапленнем.
 Першакласнік і першакласны – словы падобныя, але паміж імі вялікая розніца.
 Калі першае можа вызначыць сабой любога смертнага, хто пачапіў на плечы ранец і прыйшоў у школу, дык другое – о, другое – першакласны футбаліст, сапраўды гучыць горда.
 У гэтым Рома пераканаўся нават у бальніцы.
 Па тым, як у дні футбольных перадач пусцелі палаты і ўсе спяшаліся ў вестыбюль, да тэлевізара – хто на кастылях, хто трымаючыся за сцяну, хто – за плячо таварыша, няцяжка было зразумець, што ў жыцці адбываецца найважнейшая падзея, ад якое залежыць лёс кожнага.
 Дзіва што Рома не прапускаў ніводнае гульні. Удасканаліўшыся ў чытанні не так па буквары, як па раскладзе тэлепраграм, ён чакаў кожнае гульні, як вялікага свята.
 У гэты дзень, калі не прыходзілі бацькі, дзяжурная сястра або няня бралі ў абярэмак першакласнага футбаліста і ўрачыста неслі на руках цераз увесь доўгі калідор.
 Рома, абняўшы за шыю свайго насільшчыка ці насільшчыцу, пераможна ўсміхаўся, гледзячы, як усе расступаюцца перад яго паднятай, нібы гарматны ствол, загіпсаванай нагой.
 Рома шкадуе, што паламаў нагу.
 – Хай бы лепш руку…
 – Што ты, Ромачка? – здзівіўся я. Але яшчэ болей здзівіўся, пачуўшы яго прафесійныя меркаванні:
 – Калі б руку, – сказаў ён разважліва, – усё ж можна было б гуляць у футбол, – і яшчэ больш радасна дадаў: – I не хадзіць у школу!
 Логіка жалезная. Што называецца, двух зайцоў адразу ж і – напавал.
 Філасофскі рацыяналізм майго друга не толькі захапляў мяне нечаканасцю абагульненняў, але і вялікай мудрасцю адкрыццяў
 Убачыўшы, як я, сцяўшы зубы, моршчуся ад болю, і, напэўна, спачуваючы мне, ён глыбакадумна сказаў:
 – Каб не было людзей, не было б ніякіх хвароб…
 Госпадзі, вуснамі младзенца глаголет ісціна. Ды яшчэ якая!
 Ну хто б гэта нават з найвялікшых філосафаў дайшоў да самай першапрычыны ўсіх пакут на зямлі: каб не было людзей?
 – А хто быў бы, Ромачка?
 – Робаты. Сапсавалася што – выкінуў і замяніў другім.
 – А хто б гэта ўсё рабіў?
 – А сам, – не дапускаючы пярэчанняў, сказаў Рома, – сам адвінціў галаву, наліў масла і зноў прывінціў.
 Прызнаюся, я не люблю фантастыкі, але калі б паявіліся ў нас кнігі з такімі героямі і такой ідэальнай сістэмай самаабслугі. я запоем чытаў бы ўсю гэтую літаратуру.
 Дзіця свайго веку, ён ніколі не адступаўся ад сваёй упэўненасці.
 Дарэмна было спрачацца, ён не любіў пярэчанняў.
 Усякае ваша намаганне падсунуць доказ адразу цярпела поўнае паражэнне.
 – Я ж лепш ведаю! – заяўляў пераможна ён, і вы павінны былі згаджацца з гэтым, сапраўды неабвержным аргументам.
 Багаты вопыт сямігадовага жыцця вызначыў у ім натуру, я сказаў бы, цвёрдае волі.
 Катэгарычнасць яго меркаванняў, безумоўна, ішла ад бацькоўскай улады. Ён толькі не ведаў, каму аддаць перавагу: тату ці маме.
 – Ну, дома хто галоўны?
 – Дай падумаць, – сказаў Рома, але думаў нядоўга: – Тата.
 – Чаму?
 – Таму што ён уключае тэлевізар…

 

III

  Падрабязнасці матча, які адбыўся на школьным двары і пасля якога цэнтральны нападаючы трапіў у бальніцу, я запісаў са слоў пацярпеўшага.
 Сам Рома ўспрыняў мой запіс як акт гістарычны.
 – Пішы, пішы, – сказаў ён, заўважыўшы, што я цяжка варочаю пальцамі, якія ледзь упраўляюцца вадзіць алоўкам.
 Мне хацелася запісаць толькі асобныя эпізоды незабыўнага подзвігу Ромы, але ён, пільна сочачы, ці адпавядае кожнае сказанае слова працягласці і адпаведна занятаму месцу пад маёй рукой, і на гэты раз здзівіў дакладнасцю разумення праўдзівасці ўсякага летапісу.
 – Пішы ўсё, а то не будзе цікава…
 I праўда, як у ваду глядзеў Рома! Калі цяпер мне захацелася ўзнавіць дарагія ўспаміны і, адшукаўшы маленькі бальнічны блакноцік, я ўбачыў у ім сцёртыя, малавыразныя каракулі, як жа я пашкадаваў, што іх так мала!
 Цяпер ужо кожнае слова майго друга для мяне на вагу золата.
 Добра, што я запісаў хоць найважнейшыя акалічнасці, не грэбуючы і дэталямі, што надта ажывілі праўдзівасць абставін, тыповых і характэрных ва ўмовах, у якіх пачаўся гэты летапіс.
 – Я так даўно табе, дзядуля, расказваю, што захацеў у туалет, – прызнаўся Рома і націснуў кнопку званка.
 Паявілася няня, і пасля нядоўгай і нескладанай працэдуры наша работа над стэнаграмай пайшла болей паспяхова.
 Мяркуючы па тым, як расказваў Рома, школьны матч абяцаў поўны трыумф.
 «Я быў нападаючы, гнаў мяч у вароты. Р-раз нагой – і Уладзіку. Уладзіка акружылі, але ён сумеў перадаць мяч мне. Я павёў мяч у вароты. Разагнаўся, ды я-а-ак даў, а варатар – мне пад ногі. Мы абодва ўпалі. Я яму нагой – у патыліцу. Ён ускочыў і схапіўся за галаву, а я ляжу, бо не магу ўстаць. Склаўшы рукі сядлом, хлопцы ўзялі мяне і вынеслі з поля. Гульня не спынілася. За мяне білі штрафны. I зраўнялі лік: адзін-адзін. У-р-ра! Я паспрабаваў падняцца, каб закрычаць разам са сваімі «ўра», але не мог. Тады я адпоўз яшчэ далей, каб не замінаць гульні, і стаў думаць: як дабрацца дадому аж цераз чатыры вуліцы? Я ўвесь час зваў Уладзіка, свайго друга, але ён не чуў майго голасу. Тады я паклікаў Грышу з трэцяга класа. Ён падбег і спытаўся:
 – Што з табой?
 – Баліць нага.
 – Я пайду пазаву медсястру.
 – Ой, не трэба.
 Але падышлі яшчэ з трэцяга класа, паднялі мяне і панеслі ў школу. Медсястра, убачыўшы, як мяне валакуць, спыталася:
 – Што з ім?
 – Нага.
 – У футбол ганяў?
 – Ганяў.
 – Скора і галовы паскручваеце. Давайце ў медкабінет. А я пайду доктара паклічу.
 Мяне палажылі на тапчан. Я не мог павярнуцца ад болю, але цярпеў. Назе зрабілася холадна-холадна. Я паспрабаваў падняцца. Падняўся і сеў. А потым устаў і пайшоў кульгаючы…
 – Ну, дзядуля, праўда, цікава? А ты не хацеў запісваць… Дакульгаў я да парога, хацеў адчыніць дзверы, спытацца, як там футбол, і паваліўся.
 Прыйшоў доктар. Паглядзеў, памацаў
 – Пералом. У бальніцу!
 Я заплакаў… Толькі ж ты не пішы, што я плакаў. Я цярпеў, як салдат…»
 Так закончыў Рома сваё апавяданне, не забыўшыся паклапаціцца, каб яно гучала бадзёра, аптымістычна, адпаведна подзвігу.
 Арэол перамогі лунаў над яго стрыжанай галавой.
 Хто б мог падумаць і ў каго б павярнуўся язык сказаць, што ён нарабіў бяды не толькі сабе, але бацькам і школе?
 Што вы! Школа першай парупілася, каб бліскучыя гадавыя паказчыкі класа ўпрыгожылі і незвычайныя поспехі Ромы.
 У дзень апошняга званка, калі скончыліся заняткі, настаўніца прыйшла да нас у палату. Яна прынесла свайму вучню ўрачысты рэскрыпт, які называўся: «Падзяка за вучобу і прыкладныя паводзіны», а ў дадатак яшчэ і памятны падарунак – кнігу, на якой былі напісаны тыя ж гарачыя словы ўдзячнасці, замацаваныя подпісам і пячаткай дырэктара.
 Рома зіхацеў у промнях славы!

 

IV

  Надышоў і мой урачысты дзень.
 Мне стукнула шэсцьдзясят.
 Стукнула памяркоўна. Лёс пашкадаваў мяне. I хоць ноч была трывожная, але паспаў я засаб аж тры гадзіны. Боль палагаднеў – можна было трываць.
 Дзень якраз быў, як кажа Рома, упускны. I яшчэ толькі ён пачаўся, а родныя мае нанеслі ў палату цюльпанаў, нарцысаў, бэзу. Унучка Юля, агледзеўшы ўсю гэтую раскошу, сказала:
 – Дзядуля, ты як у раі!
 I праўда, я быў у раі. Быў на тым сёмым небе, куды так рэдка-рэдка падымаемся мы з вамі.
 Дзякуй вам, мае дарагія, за гэты ранак і за сонечны майскі дзень, які яшчэ ўвесь быў наперадзе. Дзякуй табе, вялікая мая пакутніца маці, што нарадзіла мяне ў гэты харошы дзень на зямлі.
 – Значыць, табе шэсцьдзясят? – перапытаў Рома. як бы нанава аглядаючы мяне.
 – Шэсцьдзясят.
 – Чаму ж ты не вырасціў сабе вусоў?
 – Не паспеў, Ромачка. Давай будзем разам расціць…
 Рома не згадзіўся.
 Не таму, што ў яго не раслі. Была болей важкая прычына:
 – Я яшчэ не на пенсіі…
 Цвярозая разважлівасць друга радасна асвятліла і маю перспектыву: сапраўды, колькі яшчэ наперадзе прыемнага занятку.
 Аказалася, што і сівізна – не прычына для засмучэння.
 Рома аўтарытэтна сказаў:
 – Лепш сівы, чым лысабрысы.
 I хоць я не зусім дакладна ўяўляю, што гэта такое, але шчаслівы. што «лысабрысасць» мяне абмінула.
 Аўтарытэтная дасведчанасць майго друга ў падобных, прыемных для мяне адкрыццях не выклікала ў мяне сумненняў яшчэ і таму, што я ва ўсім паслухмяна згаджаўся з яго неабвержным доказам: «Я ж лепш ведаю…»
 – Дзядуля, мы з табой равеснікі! – раптам выгукнуў Рома.
 – Вядома, – згадзіўся я, яшчэ не спасцігнуўшы глыбокага сэнсу такой прыемнай нечаканасці.
 – Я ж таксама нарадзіўся ў нядзелю! – удакладніў ён, і, такім чынам, усе далейшыя знакі пашаны мы пачалі прымаць разам.
 Юля прынесла кошык чарэшань – першых, паўднёвых. Я высыпаў ягады ў вазу з-пад графіна. Атрымалася поўная ваза з коптурам. Мы селі ўдвух і ў дружнай згодзе за паўгадзіны далі ёй рады.
 Мы маглі пасядзець і яшчэ, але другу рупіў большы клопат: з вестыбюля пачуліся пазыўныя футбольнай тэлеперадачы…
 А пакуль Рома глядзеў тэлевізар, я на самоце паддаўся (часова, вядома!) не зусім святочным настроям.
 Як ні кажыце, юбілеі ў бальніцах не выклікаюць асаблівага ўздыму. Бездапаможны перад акалічнасцямі, я адчуваў сябе вінаватым перад усімі дарагімі мне людзьмі, з якімі хацелася пабыць разам і ўсім сказаць словы, для якіх так рэдка здараецца нагода. Яе чакаеш, бывае, цэлыя гады, а то і ўсё жыццё, ды ўсё не рашаешся: а раптам нехта не так цябе зразумее або, крый бог, западозрыць у благіх намыслах.
 Не паддаюцца сумным настроям толькі заўсёды бадзёрыя і загартаваныя павіншавальнікі.
 З асаблівай асалодай нясуць яны аксамітавыя, ледэрынавыя і дэрмацінавыя папкі, поўныя аптымізму, што здольны падняць віноўніка ўрачыстасці нават з бальнічнага ложка.
 Ну хіба не можа расчуліць і ўзрушыць такі даверлівы, такі пяшчотны клопат: «Куды несці кветкі, якія закупіў мясцкам?» Калі ты ўжо і не зможаш падняцца, тым болей абрадуешся:
 – Давайце сюды, мае мілыя. Нясіце!
 Але была і сапраўдная радасць: вестка пра ўзнагароду высокім ордэнам.
 У майго друга Ромы гэта выклікала асаблівае захапленне:
 – А салют будзе? – узрушана спытаўся ён.
 – З якое прычыны, Ромачка?
 – А твой жа дзень нараджэння!
 Пасля пагадзіўшыся, што гэта не вельмі лёгкі клопат і турбацыя для нашых артылерыстаў, Рома спагадна згадзіўся:
 – Ведаеш, дзядуля, лепш было б, каб пра твой дзень нараджэння ніхто не ведаў, а толькі мы ўдвух: стаміўся ты.
 – Так, Ромачка. Давай паспім, набяромся новых сіл…
 – А ў мяне старых яшчэ многа!..
 Што праўда, то праўда. Сілы яго былі невычарпальныя. Вострыя, усмешлівыя вочы так і свідравалі мяне сваёй няўрымслівасцю. Вясёлая ўхмылка разводзіла рот да самых вушэй. Асабліва цешыўся ён, калі ўдавалася каго разыграць, напалохаць:
 – Мама, я ўчора ледзь не памёр!
 – Што ты, сынку? – устрывожылася маці, толькі што пераступіўшы парог. – Ад чаго?
 – Ад смеху, – залівіста рагоча сын.
 Характар маіх пачуццяў вымагаў спакою. Яго натура прагла кіпучай дзейнасці. Запас «старых сіл» бурліў нястомна і няспынна.
 I я каторы раз упэўніўся, якія магутныя эмацыянальныя фактары акружаюць сучаснага чалавека з дня яго нараджэння.
 I ўсе яны адкрытыя. Іх не трэба шукаць. Яны цябе самі знаходзяць скрозь і ўсюды.
 Пазнанне жыцця ідзе пераважна ў адным вымярэнні. Уся ўвага скіравана на верхні пласт: што бачу, чую – тое і ёсць самае важнае. Не складанасць навакольнага свету, поўнага загадак і таямніц, а яго вонкавыя, найбольш магутныя праявы: шум, грукат і эфекты – у літаральным сэнсе ашаламляльныя, здольныя не толькі здзівіць, а і аглушыць.
 Можа, таму ён ужо змалку глухі. Я ніколі не чуў, каб ён гаварыў паціху, павольна, ён заўсёды крычыць. I гэта ўжо яго спосаб абыходжання, спосаб, які сфарміравала ўсёмагутная ўлада гукавой стыхіі.
 Мой друг хаця і любіць спяваць, але слыху ў яго няма. Ён не адчувае мелодыі і яе нюансаў. У выпадку, калі песня не пяецца, ён пераходзіць на пафасную дэкламацыю.
 – Паслухай, дзядуля, я з песні зрабіў верш:

Шёл отряд по бережку,
Шёл издалека,
Шёл под красным знаменем
Командир полка…

 Адспяваўшы такім спосабам адну, пераходзіць да другое:

Красноармейская тачанка –
Все четыре колеса…

  – Пулемётная, – папраўляю я.
 – Не, мы ў дзетсадзіку спявалі: красноармейская.
 Няцяжка пераканацца, што той, хто вучыў яго ў дзетсадзіку, не вызначаўся дакладнасцю слыху.
 Усё адно спрачацца марна. Я толькі ўдакладніў, што сам я ў дзетсадзіку спяваў: пулемётная…
 Але і тут не прайшоў мой нумар.
 – У вайну дзетсадзікаў не было, – сказаў Рома, і, як заўсёды, выйшаў пераможцам, – я ж лепш ведаю.
 Госпадзі, ці ёсць, ці засталося што на свеце, чаго б не ведаў мой друг Рома?!
 У яго выключны дар гукавой імітацыі. Ён дакладна перадае ўрачыстыя парады, дэманстрацыі, салюты і ўсё магутнае шматгалоссе вуліц, плошчаў і асабліва – стадыёнаў.
 А з незвычайным захапленнем – сваю любімую стыхію: гульню ў футбол! Тут ужо разыгрываецца ўся яго фантазія і натхненне: «Гол! У-р-ра! Ма-лай-цы!» – якое багацце дыяпазону, якая разнастайнасць эмоцый гучыць у голасе майго друга!

 

V

  Апрача футбола ў Ромы яшчэ і другое бясконцае і няўпыннае захапленне – вайна, яшчэ адзін пункт нашых разыходжанняў.
 – Табе пашанцавала, – сказаў ён, – ты бачыў вайну.
 – I табе хацелася б пабачыць?
 – Яшчэ як! Бяжыш з аўтаматам і – тра-та-тах-тах! Ур-ра!
 – А калі заб’юць?
 – Ну і што? Дадуць ордэн. I я з ордэнам хадзіў бы.
 Калі ёсць логіка жалезная, дык тут, напэўна, яшчэ цвярдзейшая – стальная.
 Нярэдка на яго находзіла натхненне. I тады Рома складаў вершы, малюючы вайну такою, якая адпавядала яго ўяўленням:

 

Шла дивизия далёко,
Шла дивизия вперёд,
Самолет летел высоко,
Наша рота шла в поход.
Вдруг отряд остановился,
И забил наш пулемёт,
«Тигр» немецкий задымился –
Он от нас не удерёт.
Он на месте закрутился,
Заревел, остановился.
Мы пришли, открыли люк,
Смотрим, а врагам – каюк!
И за эту нам победу
Всем вручили ордена.
Я домой с наградой еду,
Мной гордится вся страна.

 Усе мае спробы і намаганні пераканаць, колькі гора, няшчасця і жахаў нясе вайна, разлятаюцца ў пух і прах ад непераможнасці болей магутных аргументаў: тр-тр-тра-та-тах, гу-гу-гу, ж-ж-ж, зь-з-зю, б-бух!
 Майму другу хапіла і сямі год, каб пераканацца, што вайна– самая прывабная гульня, якая толькі ёсць на свеце. Такому перакананню нямала паспрыялі кіно і тэлевізар. Гэта яны навучылі Рому так дасканала пераўвасабляцца ў бамбардзіроўшчык, які ляціць і стогне ад цяжару свайго грузу, і ў бомбу, што вываліўшыся з люка, усё хутчэй і хутчэй набліжаецца да зямлі, узмацняючы свой прарэзлівы, свідруючы свіст, і нарэшце – выбух!
 Першы раз, пачуўшы гэты гукавы шабаш, я жахнуўся: божа мой, няўжо зноў Беласток, зноў тая яшчэ далёка не раніца, а самая палова ночы, калі, выхапіўшы з пасцелі малога сына, я бягу з ім, сам не ведаючы – куды. Ірвуцца бомбы, падаюць забітыя, рушацца дамы, і не паспявае асесці пыл, як пачынаецца новы гул. «Гу-гу-гу», – паўтарае сын і паказвае ў неба – самалёт!
 Для яго гэта – усё яшчэ добрая, мірная птушка, а для мяне – самы жахлівы драпежнік.
 Тыя, хто перажыў выпрабаванні, калі ўсе твае нервы, усе найтанчэйшыя твае душэўныя струны напіналіся да вышыні, за якою канчалася паветра і не было чым дыхаць, памятаюць, што і пасля вайны яшчэ доўга не маглі прывыкнуць, што самалёт можа стаць зноў не страшным.
 Баявая біяграфія майго друга пачынаецца з першых год свядомага жыцця.
 Калі мы толькі пазнаёміліся і, як заўсёды бывае, пачалі высвятляць – дзе хто жыве, аказалася, што амаль суседзі.
 – Хіба ты не помніш, як я аднаго разу бег цераз ваш двор з зялёным рэвальверам і страляў: трах-трах, бах-бах? Ты ж, здаецца, стаяў у пад’ездзе?
 – Каго ты страляў, адкуль у цябе рэвальвер?
 – А-а, – голасам чалавека ўжо даўно пасталелага сказаў Рома і махнуў рукой.
 Дзіва што. З таго часу адбыліся куды большыя выпрабаванні.
 – З мяне столькі крыві выйшла, – сказаў ён.
 I ўжо ад аднаго таго, як прагучала гэтае прызнанне, цяжка было ўтрымацца ад цікаўнасці:
 – Калі, Ромачка?
 – А як аперацыю рабілі, з горла мікробы выцягвалі…
 Так што і ён хлебтануў гора.
 Але спачуваў я яму і ў другім – у тым, што сам ён не навучыўся бачыць і разумець, як цяжка і балюча можа быць іншым людзям.
 Бывалі часіны, калі боль у суставах набіраў такое сілы, што пачынала здаваць сэрца. Я сціскаў зубы. А мой сусед якраз жа ўваходзіў у такое ваяўнічае натхненне, што на баявыя плацдармы кідалася ўся грозная тэхніка: танкі, гарматы, кулямёты, самалёты і ўвесь арсенал зброі, якую так шчодра пастаўлялі сыну клапатлівыя бацькі.
 I вось адначасна разгортваліся самыя бліскучыя аперацыі – і прарыў, і акружэнне, і бязлітаснае вынішчэнне праціўніка!..
 – Ромачка, чаму ты такі неспагадлівы? Мабыць, каб чалавек памёр, ты і не заўважыў бы…
 – Калі б памёр, заўважыў бы, – заспакоіў мяне мой добры сусед.
 Але аднойчы мае нервы не вытрывалі:
 – Каб яна згарэла, твая вайна!
 Для Ромы такі выбух быў неспадзяваны. Знявага вайны закранула яго найлепшыя пачуцці.
 Не паспеў я дакончыць ненавіснае слова «вайна», як раптам у адказ, нібы магутнае водгулле, пачулася:
 – На!
 Гэта быў выгук майго суседа, выгук, поўны апошняга адчаю:
 – Н-на!
 Выхапіўшы руку з доўгага рукава піжамы і склаўшы пальцы ў адпаведную камбінацыю, ён паказаў мне, вы ўжо самі здагадаліся, што.
 Гэта была ўрачыстасць перамогі, напэўна, найбольшай, чым усе здабытыя толькі што на полі бою.
 Такога трыумфу я яшчэ не бачыў.
 Але заадно прызнаюся, што ніколі я яшчэ не цярпеў і такога паражэння, такога поўнага краху сваёй педагагічнай стратэгіі.

 

VI

  Нічога дзіўнага, надыходзіць пара адпачыць і ад сяброў
 Парушаючы строгую забарону выходзіць на двор, я, захутаўшыся ў суконны бальнічны халат, крадком спусціўся па службовай лесвіцы ўніз і, балазе клаўся ўжо густы прыцемак, выйшаў і аблюбаваў сабе лаўку пры ўезных варотах.
 Прыемна ўздыхнуць вольна і пасядзець у зацішку бэзавых прысадаў.
 Душэўнае ўзрушэнне пачало спадаць. I першае, што я рашыў, – заўтра ж дамагчыся, каб мяне адпусцілі дадому, не падазраючы, што праз якую хвіліну мог паплаціцца за сваю легкадумнасць.
 За варотамі спынілася машына, і пачуліся патрабавальныя гудкі.
 Не паварухнуўшыся, я сядзеў на сваёй лаўцы.
 Патрабавальныя і ўжо болей нецярплівыя сігналы паўтарыліся зноў.
 Нарэшце дзверцы машыны адчыніліся і пачуўся (я не сказаў бы – мілы) голас, хоць гэта быў голас жанчыны:
 – Гэта што за новыя парадкі? Хто павінен адчыняць вароты?
 Толькі цяпер я зразумеў, што павінен адчыняць я.
 – Ты – стораж?
 – Я, – прызнаўся я, бяздумна рызыкуючы такой адказнасцю, і адразу ж усхапіўся з лаўкі.
 – Чаму не адчыняеш?
 – У мяне няма ключа…
 – А дзе ж ён?
 – На тым пасце, – падладжваючыся ў тон, махнуў я рукавом халата, паказваючы на вароты з другое вуліцы.
 Рэзка адкінуўшы дзверцы жалезнай брамкі, жанчына рванулася туды, але неўзабаве ўжо бегла назад:
 – Чорт ведае, што робіцца!.. Сабраліся на адным пасце, сядзяць, языкамі менцяць, а сустрэць машыну некаму!
 Па тым, як быў зроблены націск на слове «машыну», няцяжка было зразумець, што мелася на ўвазе не так машына, як той, хто ў ёй сядзіць.
 – Стораж! – пачуўся грозны вокліч.
 Я не абазваўся.
 – Заўтра ж выганю ў тры шыі!
 Гэта была не вельмі прыемная перспектыва ні для мяне, ні для маіх трох шыяў.
 Я сцішыўся за густым бэзнікам, каб не трапіць у такую блізкую бяду.
 Старшая над начнымі вартаўнікамі начальніца правярала іх пільнасць, і крый мяне доля яшчэ хоць раз сустрэцца з яе строгасцю.
 Крадучыся паўз сцяну свайго корпуса, я вярнуўся ў пусты вестыбюль. У палату не хацелася. Трэба пабыць яшчэ на адзіноце. Я ведаў, што на самым версе ёсць вельмі прыдатнае месца, адкрытае з усіх бакоў, толькі зверху – казырок застрэшка. Цікава з вышыні паглядзець на вячэрні горад.
 Кабіна ліфта была адчынена. У ёй сядзела дзяўчынка і пры яркім святле чытала кнігу.
 – Добры вечар!
 Дзяўчынка не паварухнулася.
 – Ці не падкінеце вы мяне ў салярый? – як мага ветлівей пацікавіўся я.
 Не падняўшы галавы, юная ліфцёрка перапытала:
 – Куды?
 – У салярый.
 – А што гэта такое?
 – Як – што? Пляцоўка, дзе загараюць.
 – Туды няможна, – рэзка і коратка вымавіла яна, так і не павярнуўшыся тварам.
 – Чаму? – здзівіўся я.
 – Няможна, і ўсё. Я ж лепш ведаю!..
 Бацюхны мілыя! Ці не сястра майго Ромы? Але ж не, ён – адзіны ў бацькоў. Адкуль жа такая душэўная роднасць? Няўжо нават самая маленькая пасада, калі толькі ад яе залежыць нечая патрэба, дае абавязковае права перавагі?
 – Ну, што вам яшчэ не ясна? – спыталася яна.
 – Дзіцятка маё, адно не ясна – адкуль ты пераняло мудрасць, што лепш забараняць нават тое, чаго сама не ведаеш?..
 На сёмы паверх я дабіраўся саматугам. Але любавацца вячэрнім горадам асаблівай радасці ўжо не было.
 Спусціўшыся на два паверхі ніжэй, я пайшоў у сваю палату, што пасля столькіх незвычайных прыгод здалася мне родным домам.
 Рома сустрэў мяне радасна:
 – Дзе ты быў так доўга?
 Вясёлае аблічча майго друга высвечвала дапытлівасцю.
 Усё было, як і раней. Нібы нічога між намі не адбылося. Нібы непрыемная, прыкрая тайна, якая лягла паміж намі, нават не засмуціла майго друга.
 Няўжо ж і яна, успышка такой гнеўнай маланкі, што працяла навылёт адразу дзве душы, не пакіне ніякага следу?
 Цяжка прасіць прабачэння вінаватаму, а калі не вінаваты…
 На маім століку ляжаў тэрмометр. Значыць, сястра ўжо абышла ўсіх, астаўся толькі адзін даўжнік, хто затрымлівае апошнюю тэмпературную зводку.
 Узяўшы тэрмометр пад паху, я па яго незвычайнай халоднасці адчуў, што ўсе непрыемнасці яшчэ не скончыліся: тэмпература мая набірала ўсё большую вышыню.
 – Колькі? – пацікавіўся Рома.
 – Трыццаць шэсць і пяць, – сказаў я, каб не засмучаць друга.
 – I ў мяне ж столькі. Значыць, мы – равеснікі!
 – Равеснікі, Ромачка…
 Сапраўды, многае збліжала нас: і тое, што абодва нарадзіліся ў нядзелю, і тое, што тэмпература ў нас адна, і тое, што абодва любім дзяцінства…
 Толькі здаецца мне, што нехта з нас перабраў меру і здзяцінеў залішне, забыўшыся, што яшчэ паўвека назад выйшаў з гэтага шчаслівага ўзросту…

 

VII

  Я не мог вінаваціць свайго друга ні ў чым. Наадварот, я заступаўся за яго, бараніў ад праціўнікаў, што не хавалі сваёй варожасці і адкрыта ішлі ў наступленне.
 Даўнія нелады і непаразуменні былі ў яго з Аўгінняй Іванаўнай, санітаркай, што прыязджала, як казаў Рома, са свайго Маладзечнага горада і на цэлыя суткі засмучала яго ўзнёслы настрой.
 – На, спаласніся, – пачынала яна дзяжурства, прыносячы таз з вадой.
 Рома мыўся размашыста. Пырскі ляцелі на пасцель, на сцены. Ад ложка да парога расцякалася лужына.
 – Цюхай, брында! Зноў увесь абхлюпаўся! – лаялася Аўгіння Іванаўна, выціраючы анучай падлогу. – Ён жа знарок, дальбог, знарок!
 – Ну, што вы, Аўгіння Іванаўна, – стараўся я згладзіць вінаватасць Ромы.
 – Заступайцеся, заступайцеся – ён толькі таго і чакае. Бачыце, як хмыліць губы. Чаго ты хмылішся, чыкілдун няшчасны? Ты хоць падумаў, што з цябе будзе?
 – Чалавек… – не зусім упэўнена падаў голас Рома.
 – Які чалавек? Злыдзень!
 – Я ж лепш ведаю…
 – Чуеце? Ён ведае!
 – Ыгы, – імкнуўся ўтрымацца мой друг.
 – Што ты ведаеш? Ну што: з носа кап, ды ў рот – хап?
 Трэба сказаць, што такога рашучага наступу не вытрымлівала і яго ўпэўненасць.
 Бывалі моманты, калі Аўгіння Іванаўна не магла стрымаць гневу:
 – Вось, здаецца, хапіла б і паадкручвала б табе вушы!
 – А дзе б я ўзяў другія? – заклапочана пытаўся Рома.
 – Хоць бы хутчэй цябе адгэтуль выпхнулі.
 Рома плаціў ёй такім жа спосабам абыходжання. Ніякія павучанні пра павагу да старэйшых яго не пераконвалі. Ніколі ён так і не сказаў ёй добрага слова, нават за паслугі, якія вымушаны быў прасіць.
 У Аўгінні Іванаўны быў невычэрпны запас навін і гісторый, якія сцвярджалі непахіснасць яе выхаваўчых перакананняў. I як толькі выдаралася часіна, асабліва вечарамі, самыя павучальныя яна лічыла сваім абавязкам расказваць нам. I заўсёды знаходзіла доказы свайму вываду: з неслухаў выходзяць адны злачынцы.
 – Якое яно змалку, такім і вырасце…
 Рома не цярпеў ні навін, ні самых вострасюжэтных гісторый цёткі Аўгінні.
 Мусіў цярпець іх я, каб не страціць сувязь з непасрэдным жыццём і мець пра яго ўяўленне хоць бы па ўражаннях жывых сведак.
 – От точна такім быў, – сцішыўшы голас да пошапку, даверліва пачынала Аўгіння Іванаўна, паказваючы паваротам галавы на майго суседа, захопленага чарговым танкавым прарывам: др-р, бах, бух, у-р-ра! – Точна. А цяпер восем год турмы. Прыйшлі, наручнікі – раз, і павялі, галубчыка.
 – За што?
 – Абакраў сельпо.
 Аўгіння Іванаўна любіць расказваць біяграфіі «галубчыкаў». Яна ведае іх жыццяпісы ва ўсіх падрабязнасцях.
 Сёння перада мной паўстае жыццяпіс таго, што абакраў сельпо:
 – Пяць разоў паспеў ажаніцца і ўсіх пакідаць. Потым адбіў у Мінску ў мужа жонку з дваімі дзецьмі. Муж прасіў, маліў: «Што ты сабе думаеш? Ён жа ўсё адно цябе кіне». Так яно і выйшла – кінуў. Потым зноў папаўся, два гады адседзеў. Цяпер электрыкам на цагельні, зноў ажаніўся…
 – Адкуль вы, Аўгіння Іванаўна, усё гэта ведаеце?
 – А мой ты братка, а мой ты залаценькі! Хіба ж я завочніца якая і за вочы дарэмшчыну вярну на людзей? Я ж яго з самага малку ведаю…
 Мяне трывожыла адно: Аўгіння Іванаўна, маючы сваіх дзяцей, ніколі, ніводным словам не абмовілася пра іх. Нечым вельмі крыўдным былі знявераны яе матчыны пачуцці.
 Аднаго разу яна з нечаканай спагадай папікнула Рому:
 – Ніхто цябе не любіць.
 – Як гэта? – сумеўся Рома.
 – А от глядзі, усім букеты прыносяць, а табе і кветачкі ніхто не прынёс.
 – Кветкі дарагія: два, а можа, пяць рублёў.
 – Для скупых усё дорага.
 – А вы не скупая?
 Цераз дзень, заступіўшы на дзяжурства, нянечка ўнесла ў палату букет ружовых цюльпанаў і ў літровым слоіку з-пад кампоту паставіла кветкі на столік свайго неслуха.
 – Дзякуй, – разгубіўшыся, вінавата вымавіў Рома.
 I гэта было першае слова ўдзячнасці, што ён сказаў старой жанчыне, якой даставалася столькі клопату і турбот з усімі намі.

 

VIII

  Улюбёнкай нашай была Галіна Мікалаеўна. Яе дзяжурстваў Рома заўсёды чакаў з нецярпеннем.
 Раніцай ён прачынаўся ў самым радасным настроі, на поўную магутнасць фальцэту выкрыкваючы яшчэ адну сваю любімую песню:

 

Если б я был Салтан
И имел трёх жён…

 – Ой, Ромачка, нашто табе столькі? – уваходзячы ў палату, весела пытаецца Галіна Мікалаеўна.
 Рот майго друга разыходзіцца да вушэй:
 – Цёця Галя, хіба гэта многа?
 Я, вядома, не бяруся ўдакладняць, што ён пераблытаў аднаго цара з іншым царом, які меў толькі адну жонку, ды і тую ткачыха з паварыхай і сваццяй бабай Бабарыхай пасадзілі з сынам у бочку і пусцілі ў акіян.
 Галіна Мікалаеўна далікатна ўсміхаецца.
 Маючы ўжо сваіх унукаў, яна выпрацавала ў сабе той шчаслівы імунітэт стрыманасці, без якога немагчымая дабрата людскіх душ.
 Лагоднасць не пакідае яе, калі нянечка корміць майго друга, настойліва дамагаючыся, каб ён «усё чысценька з’еў».
 Залітую кашулю, разбітую шклянку з кісялём, што здаралася нярэдка, яна мяняла як бы незаўважна, не абражаючы ні крыўдным словам, ні грозьбаю.
 Чым яшчэ завабіла, заваражыла і зачаравала нас мілая наша цёця Галя, дык гэта, можа, вы і не паверыце, – казкамі. Гэта – цудоўная казачніца. Яна, вядома, сама не складае іх, але як яна ўмее расказваць!
 А я ж люблю казкі. I ўсе крыўды гатоў быў дараваць свайму другу ўжо за тое, што ён не мог жыць без казак.
 Памяць Галіны Мікалаеўны берагла вялікія скарбы, аднак калі здаралася і яны былі на сыходзе, тады наша нянечка мусіла перад дзяжурствам яшчэ забегчы ў бібліятэку, каб папоўніць запас.
 Тыя выпадкі, калі яна не ўпраўлялася, цяжка засмучалі нас.
 – Не магла забегчы… – вінавата апраўдвалася яна, і мой друг упадаў душою, а я надзеі не траціў.
 Казка, вядома ж, знаходзілася. I гэта былі самыя прыемныя хвіліны перад сном. Праўда, былі і не толькі прыемныя, здараліся і страшныя. Але мы ніколі не трацілі мужнасці. Мы нават з радасцю выпрабоўвалі сябе спакусай страху. Чым страшней, тым цікавей.
 – Дзядуля, я выключу святло…
 – Давай схаваемся пад коўдры, – дадаваў я на выпадак, калі чакалася нешта такое, што магло выйсці за межы нашай храбрасці.

 

IX

  Пасля аднае ціхае гадзіны ў нашу палату ўнеслі трэці ложак. Галіна Мікалаеўна тут жа заслала яго свежай пасцеллю, у галавах паставіла тумбачку, графін з вадою і шклянку.
 – Чакайце трэцяга, – сказала яна.
 Не паспела разыграцца наша цікаўнасць, хто будзе новы сусед, як паявіўся ён сам, выклікаўшы асаблівую дапытлівасць Ромы.
 – Дзядзя, вы – Марэсьеў?
 – А ты бачыў Марэсьева?
 – Бачыў у кіно.
 – Я і ёсць Марэсьеў.
 Збіраючыся легчы, хворы зняў з нагі пратэз.
 – А дзе другі?
 – Другога няма.
 – Значыць, вы не Марэсьеў.
 I Рома пераключыў увагу на пратэз і яго механізм. Пакуль усё не было даследавана, ён не супакоіўся.
 – А ў цябе, дружок, што з нагой?
 – А-ат, – сказаў Рома, як бы пра штосьці не вартае ўвагі, – зламаў.
 – Ну, гэта яшчэ паўбяды.
 – А ў вас?
 – Прафілактыка, – у тон яму адказаў наш новы сусед.
 Савелій Карнеевіч аказаўся даўнім знаёмым усіх нашых дактароў, сясцёр і санітарак.
 Прафілактыка, як ён назваў прычыну, што прымусіла легчы ў бальніцу, відаць, была яго частым клопатам.
 Галіна Мікалаеўна з нейкім асаблівым душэўным досціпам памагала яму, папраўляла пасцель, узбівала падушку. А паглядзеўшы на Рому, паціху вымавіла:
 – Божа, божа…
 – Богу няможна верыць, – сказаў Рома.
 – Чаму, Ромачка?
 – Таму што ён хлусіць.
 – А ты хіба ніколі-ніколі не хлусіш?
 – Дык я ж не Бог.
 Савелій Карнеевіч весела засмяяўся. I ўсім нам стала весялей.
 Гэтага дня ў нашай палаце адбылася і яшчэ адна падзея, якое Рома даўно чакаў. З яго нагі знялі гіпс, і Галіна Мікалаеўна прынесла свайму пестуну новенькія кастылі.
 Невыказна радуючыся, што нарэшце будзе хадзіць, і разглядаючы кастылі, ён адразу ж ацаніў і перспектыўныя магчымасці футбола:
 – От бы ў варотах з імі стаяць – ніводнага б мяча не прапусціў.

 

X

  Ці то ад уражанняў столькіх падзей, ці ад новага знаёмства, ноччу я не мог заснуць.
 Паміж дзвюх штораў у акно высвечвала поўня. Яна ўсё болей набірала вышыні, і сцяна, на якую падала святло, станавілася тым зманлівым, таямнічым экранам, на якім маглі ўзнікнуць і разгарнуцца самыя неспадзяваныя падзеі.
 Не спаў і Савелій Карнеевіч.
 У такія хвіліны наплываюць успаміны.
 На экран яго памяці ўсплыла вайна.
 Ён усё ж лічыў, што лёс абышоўся з ім літасціва.
 Часта, будучы на валаску ад смерці і ў думках ужо развітваючыся з жыццём, дваццацігадовы юнак, малодшы лейтэнант, усё ж аставаўся жыць.
 Трапіўшы на Доне ў акружэнне, групоўка байцоў, што асталася ў глыбокім яры, ужо не мела ратунку.
 Ён забыўся пра свае камандзірскія адзнакі, і немцы яго першага – а, афіцэр! – павялі ў штабную хату.
 – Як яны пацяшаліся нада мной, як яны тапталі маю годнасць камандзіра, каб паказаць сваю самазадаволеную перавагу!
 – Кім камандаваў?
 – Ротай, – знарок перабольшваючы, сказаў, ужо не спадзеючыся ні на літасць лёсу, ні тым больш – ворагаў.
 – Колькі ў цябе было салдатаў?
 – Шэсцьсот, – далей хлусіў я, бачачы, што гэта ўжо ніякі не допыт, а забава.
 Перакінуўшыся паміж сабою словамі, афіцэры зарагаталі і сказалі нешта малодшаму сярод іх.
 Я зразумеў толькі адно, што цяпер маё жыццё ўжо ў яго ўладзе.
 Малады немец загадаў ісці. Я павярнуўся і выйшаў з хаты на вясковую спусцелую вуліцу.
 Я ішоў, адчуваючы, што ў любую хвіліну можа прагучаць той адзіны стрэл, ад якога залежыць маё жыццё.
 I ў той жа час недзе ў падсвядомасці і мільганула думка, што тут, пасярод вуліцы, ён мяне не застрэліць, а, напэўна, выведзе за вёску.
 Але ніць маёй кароткай надзеі абарвалася нечаканым загадам.
 Што гэта быў загад, я зразумеў не з сэнсу, а з тону, па інтанацыі.
 Я спыніўся. Мой канваір пісталетам паказаў мне павярнуць у двор пустой хаты, сенцы якой былі расчынены насцеж. I паміж двух вушакоў, паміж двух шулаў я ўбачыў прадонне той невядомасці, што чакала мяне.
 Гэта ўжо было на самым захадзе сонца. Двор быў асветлены прамянямі, якія клаліся на зямлю, ледзь дастаючы ніжняга бервяна сенечнай сцяны.
 У раме дзвярэй гусцеў змрок. Сюды якраз і гнаў мяне немец.
 Што ён задумаў?
 Хата была пустая, з выбітымі вокнамі. Ні месцам новага допыту, ні турмой для мяне яна не магла быць.
 Яна магла быць толькі маім апошнім прытулкам.
 Гэта я адразу скеміў, узышоўшы на ганак і як толькі немец загадаў спыніцца ў парозе.
 Павярнуўшыся, я ўбачыў, як ён нацэліўся мне ў галаву.
 – А-ай! – не то выгукнуў, не то застагнаў Рома. I Савелій Карнеевіч змоўк.
 Ён працягнуў руку да пасцелі хлопчыка і паправіў прасціну, што зусім была спаўзла дадолу.
 – Спіць, – пошапкам сказаў ён.
 «Напэўна, сніць сваю новую бітву, – падумаў я, – ці ўчарашнюю страшную казку цёці Галі… Добра, што не чуе гэтай…»
 – Уся мая постаць была перад ім, – ужо нейкім іншым, пацішэлым і даўкім голасам пачаў расказваць Савелій Карнеевіч далей. – Я стаяў у раме дзвярэй, і на маіх брудных кірзавых ботах ляжала сонца, маё апошняе сонца.
 У тую ж хвіліну пачуўся стрэл.
 Падаўшыся назад, я з усяго маху кульнуўся па той бок парога, але адчуў, што ўпаў не на дол, а ў затхлую яму паміж трухлявых дошак.
 Сенечная падлога была ўзарвана, разварочана, і я апынуўся ў гнілой пацярусе і пілавінні, якія забівалі мне дых. Што я жывы – мне было зразумела, калі, ужо лежачы па другі бок парога, я пачуў яшчэ два стрэлы, безумоўна, таксама прызначаныя мне. Але чаму фашыст страляў, бачачы, што я ўпаў?
 Лежачы ў яме, позняй ноччу, у суцэльнай цемры і цішыні, я перабраў, перадумаў усё да драбніц: ясна, што прыкончыць мяне як нудную работу старэйшыя даручылі малодшаму. Але ён, бачачы, што даручэнне гэтае не вартае асаблівай увагі, тым больш – без сведак, рашыў вызваліцца ад мяне чым хутчэй, паленаваўшыся весці далей. Убачыўшы, што яго ахвяра ўпала пасля першага стрэлу, астатнія ён выпусціў механічна, наўздагон. Але ж зацяты фашыст мог падысці і для большай упэўненасці дастрэліць у патыліцу. А можа, яму і не рупіла тая пэўнасць? А можа, у ім заставаліся яшчэ нейкія рэшткі чалавечнасці, і ён, убачыўшы мяне зблізку, такога ж маладога, свайго равесніка, нават пашкадаваў мяне? Пашкадаваў мяне, і рука яго скаланулася? Цэліў ён мне ў галаву, а папаў у нагу, вышэй калена.
 Заціскаючы рану аберуч, я адчуваў, як падплываю крывёй. Ад болю, ад знямення я ўжо не мог падняць галавы, а трывожныя думкі абганялі адна адну: калі немцы прыйдуць сюды раніцай, калі толькі я дажыву да яе, – як мне трымаць сябе? Не выдаць ніводным рухам, што я жывы, ці лепей няхай даб’юць?
 Не ведаю, колькі мінула часу, была ўжо глыбокая ноч, як я пачуў галасы, што набліжаліся да сянец. Гэта былі жанчыны. Яны гаварылі між сабой паціху, але я разабраў словы:
 – Божачка, а калі гэтак і нашых, праклятыя ірады. I за што яго, небараку, такога маладога?.. Як ён, бедны, хацеў рукой засланіцца…
 – Не заслонішся, не загародзішся… – пачуўся другі, болей разважлівы голас. – Не заслонішся. Цяпер ляжыць мёртвы.
 – Жывы… жывы! – прастагнаў я з усяе сілы, якая ў мяне была. I голас мой здаўся мне слабым мармытаннем. Але жанчыны пачулі.
 – А божухна, – жывы!
 Яны нахіліліся нада мною, вобмацкам шукаючы галаву.
 – Пацярпі, паляжы, сынок… – сказала, відаць, старэйшая. – Мы прыйдзем па цябе…
 «Прыйдуць? Калі? А што, калі немцы раней дазнаюцца, што я жывы?» – зноў рой ліхаманкавых думак загуў у маёй галаве, якая развальвалася ад нясцерпнага болю…
 Але неўзабаве яны такі прыйшлі – маці і дачка. Гэта ўжо было пад самае світанне. Заваёўнікі спалі, і такая панавала ціша, што толькі чуваць было, як гудзе ў вушах.
 Жанкі прынеслі мяне ў хату. Загадалі скінуць тое ашмоцце, што заставалася на мне. Памылі, перавязалі чыстым паркалем нагу, а зверху ўкруцілі ручніком. Маладзіца прынесла штаны і кашулю свайго мужа, што быў у арміі. Пераадзетага, мяне паклалі ў ложак.
 Толькі я знябыўся, як у хаце пачуліся перапалох і мітусня: немцы!
 Яны ішлі сюды. Але, як высветлілася на тым часе, – не па мяне.
 – Матка, яйкі, куркі…
 Гаспадыні забегалі, заклапаціліся – чым бы хутчэй заткнуць горла праклятым, каб адвесці ад галавы большую бяду.
 Як на тое ліха, немцы адразу ж заўважылі мяне:
 – Хто ест?
 – Брат, брат… – пачала тлумачыць старая болей на мігі, чым словамі, – хворы, тыфус…
 – А-а! – ускрыкнулі немцы і кінуліся з хаты.
 Тае ж раніцы нашы адбілі вёску. Мяне забралі ў шпіталь і адразу ж – на аперацыйны стол: пачыналася гангрэна.
 Савелій Карнеевіч змоўк. Але як ні намагаліся мы, заснуць так і не змаглі да раніцы.
 Непрыкметна, паціху прачнуўся Рома, нават без сваёй жыццярадаснай песні: «Если б я был Салтан и имел трёх жён, я б их бил, и любил, и на свидания водил…»
 – А наш Рома нейкі сон сёння сніў… – сказаў Савелій Карнеевіч, і мы незаўважна пераглянуліся.
 Рома паглядзеў на аднаго і другога і сказаў:
 – Сніў. Страшны.
 – Што ж ты сніў, Ромачка?
 – Чорта.
 – Цікава, – сказаў Савелій Карнеевіч, – які ж ён, чорт?
 – У вадалазным касцюме, толькі без трубак.
 Мы весела зарагаталі.
 Аказваецца, і чорт паспеў знайсці сабе новы занятак. Толькі і выдала яго, што, надзеўшы маску вадалаза, забыўся пра трубкі і кіслародны шланг. На гэтым і папаўся!

 

XI

  Мабыць, ад таго, што змянілася надвор’е і па нашым акне пачаў хвастаць вецер з дажджом, перамяніўся і настрой у палаце.
 Дзень цягнуўся марудна, але і вечар не абяцаў нічога цікавага. На дзяжурства заступіла новая, незнаёмая санітарка. На казкі Рома не спадзяваўся.
 I ўсё ж пасля адбою, калі мы ляжалі ў сваіх пасцелях, ён не ўцярпеў:
 –Дзядуля, – папрасіў ён Савелія Карнеевіча, –раскажыце пра вайну. Толькі не страшнае.
 – А на вайне нічога страшнага няма, – сказаў Савелій Карнеевіч. – Хочаце, я раскажу вам нават вясёлую гісторыю, якая… – ён павярнуўся да мяне і дадаў: – якая была раней за гэтую… – і пастукаў пальцам па пратэзе, што стаяў за тумбачкай.
 Савелій Карнеевіч сапраўды расказаў эпізод, поўны незвычайных акалічнасцяў.
 Стоячы ў абароне на тым жа Доне блізка – пазіцыя ў пазіцыю, – нашы і немцы гэтак дасканала вывучылі адны адных, што, павёўшы насамі, ведалі, які ў каго гатуецца абед.
 – Іван, ідзі ў госці! – пачулася аднаго разу з таго боку. I ўслед – вясёлы самазадаволены рогат.
 Гэта быў выклік, свядомае пацвельванне: ну, хто адважыцца?
 Адважныя знайшліся.
 I ніхто не здзівіўся, што гэта быў Іван – наш старшына.
 Неўзабаве кончыўся ў нас запас бульбы. Пачалі вышукваць бліжэйшыя рэзервы. Мы знайшлі іх сапраўды блізка. На самай прыстрэленай зоне, навідавоку вытыркаў узгорачак, які да пары да часу не займаў нашай увагі. Гэта быў ладны капец. I мы адкрылі гэты скарб – свежая, адборная, сопкая, разварыстая бульба!
 Наш вопытны разведчык, старшына, які ўжо ведаў дарогу, пайшоў першы. Узяўшы добры мех, ноччу ён папоўз да капца. I з іх, і з нашага боку ўся зона, вядома ж, была абсаджана мінамі. На зямлі, што называецца, не аставалася жывой лапінкі. I трэба было быць не толькі ўпэўненым, што запомніў дарогу, трэба было быць яшчэ сапраўдным рызыкантам, каб рашыцца паўзці па гэтай зямлі.
 Старшына папоўз. Ён вярнуўся жывы і цэлы, прывалокшы поўны мех бульбы.
 Раніцай, збітыя з панталыку, адкуль узяўся на нашай кухні такі прыемны бульбяны пах, немцы доўга вадзілі насамі, ніяк не могучы ўцяміць, дзе мы разжыліся на такі ласунак.
 Так мы выбралі паўкапца, поўзаючы туды штоночы.
 Мы выбралі б і ўвесь капец, каб немцы, западозрыўшы нешта супраць сябе, не пачалі высочваць нас.
 Аднае ночы наш старшына не вярнуўся – яго схапілі. Цяпер ён ужо быў палонным, «языком», які так спатрэбіўся немцам, каб дазнацца, што задумвае праціўнік.
 А планы сапраўды задумваліся вялікія. Фронт рыхтаваўся да наступлення.
 – У-у! – злосна сказаў Рома. – Я іх тады ж бы ўсіх пастраляў… – і павярнуўся да сцяны.

 

ХІІ

  Рома, аказваецца, не спаў тае ночы, калі Савелій Карнеевіч расказваў жудасную казку сваёй маладосці.
 Ён прагаварыўся, калі мяне не было ў палаце.
 Савелій Карнеевіч разгубіўся ад такой неспадзяванкі і доўга не мог супакоіцца, адчуваючы сябе вінаватым.
 – Як нядобра атрымалася, – гаварыў ён мне на калідоры. – Гэтае апавяданне не для дзяцей. Дзіця, мабыць, цэлую ноч не спала.
 – Супакойцеся, Савелій Карнеевіч, можа, якраз і добра, калі, адкрываючы невядомыя ісціны, не спяць нашы дзеці.
 Але яго ўстрывожаны настрой доўга не знаходзіў раўнавагі.
 Прыйшоўшы апошнім у палату, ён першы пачаў збірацца дадому.
 Інжынер-будаўнік, ён спяшаўся будаваць новыя дамы, школы, дзіцячыя сады і яслі.
 – І стадыёны, – напомніў Рома.
 – I стадыёны, – весела згадзіўся Савелій Карнеевіч і дадаў: – Папраўляйся, футбаліст, а то няма каму ў варотах стаяць.
 Назаўтра выпісваўся і я. Зайшоўшы развітацца, я не застаў свайго друга ў палаце – яго павялі на кансультацыю да прафесара.
 Спусціўшыся на бальнічны двор, я раптам пачуў знаёмы і ўжо дарагі мне голас:
 – Дзядуля!
 Я падняў галаву. З акна нашай палаты на пятым паверсе выглядаў Рома.
 Яшчэ ніжэй схіліўшыся на падаконнік, ён сказаў:
 – Даруй, дзядуля!
 Ён сказаў паціху, але я пачуў.
 Так знікла тайна, якую ведалі толькі мы ўдвух.
 – Што сказаў прафесар? – пракрычаў я, задзіраючы галаву.
 – Скора буду хадзіць!
 Я ўздыхнуў з палёгкай і адчуў, як радасна стала на душы.
 – Бывай здароў, Ромачка!

1975

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений