Васіль Вітка — Трывога ў Ельнічах

Васіль Вітка

Увага! Поўны змест

  Бываюць от жа рызыканты: ты яму кол на галаве чашы, а ён адно выскаляецца. З такім гаварыць — што на вей-вецер.
 Якраз пра гэтакага джыгуна расказалі мне сёлета ў Ельнічах, адкуль я родам.
 Яўстрата Скачыляса, чалавека ціхмянага, мала хто калі удзень і бачыць. Мужчына немаладога веку, ён працуе ўжо каторы год калгасным вартаўніком. Нават у цёплыя летнія ночы Яўстрат надзяе кажух і зімовую шапку, адно вуха якой звісае на каўнер, а другое вытыркае наперад, быццам насцярожана ўслухоўваецца ў цішыню, і са стрэльбаю на рамяні прыцемкам выходзіць з хаты. Хоць і негаваркі чалавек, а пачуўшы гурт, ён заўсёды падыдзе, пастаіць, паслухае, а то, бывае, і слова ўставіць і знікне ў цемры гэтак жа непрыкметна, як і паявіўся.
 Пра Яўстрата ў Ельнічах ніхто слова благога не скажа. I пра самога, і пра трох яго сыноў. Праўда, толькі пра трох, бо чацвёрты, самы меншы, Юзік — такі ж крутасвет, што проста дзіва, у каго ён і ўдаўся. Можа, таму, што меншых заўсёды болей песцяць і пялегуюць, Юзік з самага малку ўзяў над усімі такую патолю, што нікога не прызнаваў.
 Колькі там было таго Юзіка, а як пайшоў у школу, дык дзецям жыцця не стала ад яго. То грымакоў у плечы надае, то выхапіць з чужога партфеліка кніжку і пашматае, то якога кепства ў школе наробіць. Ну, проста вока не спускай з гэтага вісуса! I ні просьбы, ні грозьбы не памагаюць. Пачаў настаўнік бацьку скардзіцца, а Яўстрат усё далікаціцца. Колькі разоў хадзіў перапрошваць за сына, а ўшчуваць шкадаваў, абыходзіўся гаворкаю. А той нібыта і слухае, а выскачыў за парог — і зноў за сваё.
 Немаведама, дакуль бы гэта ішлося, каб не здарэнне, якое ўзрушыла ўсю вёску.
 Дзяцей якраз распусцілі на лета. Пачыналася самая радасная пара, калі ўсё наўкола аж кіпіць жыццём. Дрэвы так раскупчасціліся атожылкамі з шырокімі лапушнымі лістамі, што цяжка было знізу разгледзець, што робіцца на верхавіне. А якраз на верхавіне таполі, што расла цераз вуліцу, напроці Яўстратавай хаты, адбываліся важныя падзеі.
 Яшчэ напрадвесні Яўстратаў сусед Адам Патрубейка з сынам Толікам усцягнулі на таполю старое кола. Вельмі ж Толіку хацелася, каб на таполі пасяліліся буслы. I яны не падвялі хлопца. Прыляцелі, зрабілі сабе дамоўку і атайбаваліся жыць. Даверлівыя да людзей, яны кружылі зусім нізка над хатай, а часам спускаліся і на падворак. З вуліцы можна было бачыць, як спаважна яны пахаджаюць сабе між курэй, скоса пазіраючы на задзірыстага рыжага пеўня, які чамусьці не любіў буслінага панібрацтва.
 Калі разумныя, добрыя навасельцы рабілі гняздо, калі выседжвалі малых, а потым, занятыя клопатам з ранку да позняга змяркання, нястомна насілі ім спажыву — у тыя дні якраз паміж Юзікам і Толікам пачалося сяброўства. На першы погляд, гэта было неспадзяванкай, бо яшчэ зусім нядаўна Юзік не раз хапаўся з Толем за-грудкі. Не раз качаліся яны на пераменках сярод школьнага дзядзінца і ўваходзілі пасля званка ў клас з павырыванымі гузікамі, а то і з расквашанымі насамі. I от жа цяпер яны не маглі ўжо адзін без аднаго і дня перабыць. А здружылі іх буслы. Хлопцы вельмі ж упадабалі цікавых і дасціпных птушак і дзень у дзень наглядалі за імі.
 Спярша, калі птушаняты былі яшчэ малыя, бусел з бусліхай па адным выляталі з дому, а як дзеці падраслі, адлучаліся ўжо разам і то ледзьве ўпраўляліся, каб удосталь накарміць сямейку.
 Хлопцы аж заліваліся ад смеху, як чацвёра цыбатых буслянят прабавалі станавіцца на край гнязда і, спалохаўшыся высачыні, туліліся да маці. А тая сярдзіта клекатала, відаць, сварылася на малых гарэзнікаў.
 Аднаго разу Юзік сказаў:
 — Ведаеш, Толік, давай узлезем на гняздо і возьмем па бусляняці: я — сабе, і ты.
 Толік не згадзіўся:
 — Што ты! Яны ж з голаду памруць.
 — А мы будзем карміць.
 — Як гэта ты будзеш карміць? — пачаў рагатаць Толік.— Хіба будзеш на балоце жаб лавіць ды ім насіць?
 Юзік не мог трываць, калі з яго хто смяяўся. Тады ён нахмурваў бровы і адно кідаў злосныя позіркі.
 — Ведаю, чаму ты не хочаш!..— ускіпеў ён.— Ты думаеш, што гэта твае буслы? Твае, га?.. А я от вазьму і скіну к чорту ўсё гэтае кола!..— і Юзік, ухапіўшыся аберуч за ніжні сук, спрытна падцягнуўся і палез па шурпатым камлі ўгару.
 — Не дам! — закрычаў Толік.
 Ён падбег і з усяе сілы тузануў Юзіка за кашулю. Той шаргануўся тварам аб кару і аб’ехаў уніз. Усхапіўшыся на ногі і адчуўшы, як балюча шчыміць падрапаны твар, Юзік гатоў быў рынуцца з кулакамі на свайго нядаўняга сябра. Але Толік паспеў ужо ўскочыць у сенцы. Юзік пачуў, як бразнула клямка, а перад самым яго носам шчоўкнула і засаўка.
 — Папомніш ты мяне, Патрубейчык! — памахаў кулаком перад дзвярыма раз’ятраны Юзік.
 — Юзік — адарваны гузік! — смела абазваўся з-за дзвярэй Толік і палез на вышкі. А там, стаўшы ля круглага акенца, якое з-пад лабка выходзіла на вуліцу, пачаў цікаваць, што ж будзе рабіць Юзік.
 Чакаць доўга не прыйшлося. З Патрубейкавага двара Юзік кінуўся ў свой. З малога акенца Толю добра было відно, як ён ускочыў у свае сенцы і, не бавячыся там, выбег назад. У руках у Юзіка была стрэльба. Не самаробная, не выструганая з палена, з якімі яны яшчэ нядаўна гулялі ў партызаны, а сапраўдная, тая, з якой Яўстрат Скачыляс хадзіў на начную варту.
 Толік ад нечаканасці аж сумеўся: што ён надумаў, гэты шаленец? А Юзік, выйшаўшы з варот, стаў, падняў стрэльбу і навёў яе… Куды б вы думалі? У самы лабок Патрубейкавай хаты, у самае акенца, за якім стаіўся Толік.
 — А-а-а! — немым голасам закрычаў Толік і грэйма кінуўся з вышак у хату.— Татачка, міленькі! Юзік хоча мяне застрэліць! — ледзь паспеў вымавіць ён. I ў гэты час грымнуў стрэл. Пачуўся спалоханы крык Яўстраціхі, Юзікавай маці:
 — А за што ж ты яго, Юзічак? А ці ж ён табе замінаў? А ці ж ён табе свет заступіў? Гэта ж такое няшчасце на маю галаву-у-у!..
 Толяў бацька, не цямячы, што здарылася, здзіўлена ўтаропіўся ў сына. А Толік, з палёгкай уздыхнуўшы, весела закрычаў:
 — Ён у мяне не пацэліў! — і кінуўся з хаты на двор.— ён мяне не забіў, цётка Настуся! — крыкнуў Толік Юзікавай маці і ў гэтую ж хвіліну ўбачыў самога Юзіка. Той, увесь спалатнелы, з апушчанай галавой стаяў каля свайго агародчыка. Стрэльба ляжала каля яго ног. Толіку так шкада зрабілася свайго сябра, што ён не вытрываў.
 — Юзік…— паціху паклікаў ён.
 Юзік нават не паварушыўся.
 — А-а, дык ты яшчэ і шкадуеш гада такога! — пачуў Толя дакор сваёй другой суседкі і толькі цяпер убачыў, што каля вулічных акон іх хаты сабраўся цэлы натоўп. Паміж людскіх галасоў Толік чуў устрывожаныя пытанні і гнеўныя адказы:
 — Хто гэта яго?
 — Яўстратаў, хто ж яшчэ можа.
 — А родненькія мае! І як у яго рука паднялася?
 — У яго спытай. Бачыш, вунянё стаіць ля падваротні і зыркае спадылба, як ваўчаня…
 Услухваючыся ў людскую гаману, Толік яшчэ раз паглядзеў на Юзіка. Сэрца яго сціснулася ад жалю. Ён ніяк не мог уцяміць, чаму людзі з такім гневам гавораць пра хлопца. "Ну, можа, у злосці ён і падумаў быў, каб забіць мяне. Але ж як ён, небарака, цяпер мучыцца, як ён перажывае…"
 I Толік павярнуўся да натоўпу. ён хацеў закрычаць людзям: "Глядзіце, вось жа я! Жывы!", але словы так і захлынуліся ў горле. Тое, што ўбачыў ён у гэтую кароткую хвіліну, было самым страшным. Страшнейшым за тое, што ён думаў.
 Людзі расступіліся. Пасярод вуліцы ляжаў бусел. Падкурчыўшы пад сябе пасінелыя ногі і выцягнуўшы доўгую дзюбу, ён шырока распластаў свае крылы, быццам намагаўся яшчэ падняцца. Але падняцца не мог. Ён быў мёртвы.
 Толік адчуў, як хістанулася вуліца. Вялізныя цёмныя абручы паплылі перад ім. Каб не ўпасці, ён стуліўся ўвесь і здаўся сабе зусім маленькім і бездапаможным. Але з усяго цяжару, які зваліўся на яго, Толік выразна адчуў толькі, што ў гэты спякотлівы дзень раптам зрабілася холадна, як зімою.
 Ён не памятаў, як бацька завёў яго ў хату, не чуў, як гаварылі, што Юзік, выскачыўшы са стрэльбаю, сам яшчэ не ведаў, што будзе рабіць. ён ірваўся адпомсціць сябру. I ўбачыўшы бусла, які ляцеў над самай хатай Патрубейкавых, злажыўся і ўсадзіў у яго цэлы набой шроту.
 Вуліца гула, як устрывожаны вулей. Калгаснікі сарамацілі і дакаралі Яўстрата і Настусю Скачылясаў, а каторыя дык адкрыта казалі, што такому шыбеніку, як іх сын, не можа быць месца ў Ельнічах, што ад такога немаладу якой можна бяды дачакацца. I каб Юзік не ўцёк, то невядома, як бы ўся гэта гаворка і павярнулася.
 За сваімі трывогамі людзі і не заўважылі адразу, якая трывога ахапіла чыстае летняе неба. Над вуліцаю, над старою таполяю Патрубейкавых у адчаі і роспачы клекатала ўжо не адна асірацелая бусліха, а цэлая чарада буслоў, што дазналася пра няшчасце. Малыя бусляняты стаялі галодныя ў гняздзе і палахліва туліліся адно да аднаго. Растрывожаныя буслы лёталі ўжо траха не над самымі галовамі людзей. Пэўна, з усіх паселішчаў, з усіх вёсак зляцеліся яны сюды. I як толькі людзі разышліся, буслы адразу апусціліся на вуліцу. Яны абступілі нябожчыка, і доўга не сціхаў іх журботны клёкат.
 Людзі, прыпаўшы да шыбаў, глядзелі на вуліцу. Патрубейчыха, пад вокнамі якой адбывалася гэтае сумнае развітанне, не вытрывала, выбегла і загаласіла:
 — А людцы, а суседзейкі, а нешта ж трэба рабіць…
 Яўстрат Скачыляс выйшаў са свайго двара з рыдлёўкаю. А за ім на тым жа часе высыпалі з хат і старыя і малыя. Буслы залапаталі крыламі, падняліся і зноў пачалі кружыць у паветры.
 Скачыляс падышоў да забітае птушкі, уткнуў рыдлёўку ў задзірванелую вулічную абочыну і стаў капаць яму. Усе. бачылі, што маўклівы Яўстрат пакутліва перажываў няшчасце і невыказную крыўду на сына. I гатоў быў хоць гэтым цяжкім абавязкам павініцца перад людзьмі і перад горкім сумленнем.
 — А Яўстратачка ж ты мой! — пляснула рукамі Патрубейчыха.— А што ж ты падумаў… А не па-суседску ж ты, галубок, робіш…
 Скачыляс кінуў капаць, ён не зразумеў, чым яшчэ мог пакрыўдзіць суседку.
 — Гэта ж на век вечны перад самымі нашымі вокнамі такі цяжкі дакор будзе. А за што? Хіба ж мы вінаватыя? — заплакала Патрубейчыха.
 I ўсе згадзіліся: сапраўды, гэта было б чорнай несправядлівасцю.
 Яўстрат пастаяў, падумаў, абвёў вачыма натоўп, нагнуўся над буслам, падняў яго, прыхапіў рыдлёўку і выправіўся ў самы канец свайго агарода. Людзі цераз Скачылясаў двор рушылі ўслед за гаспадаром.
 Каля густога вішняку, дзе толькі што пачыналі на пробу капаць маладую бульбу, Яўстрат пахаваў бусла. Доўга маркотныя, прыціхлыя птушкі сноўдаліся па Яўстратавым агародзе, не баючыся людзей, і ў роспачы лапамі грэблі свежае бульбянішча.
 Надвечар з гнязда скінулася двое буслянят. Яны яшчэ не паспелі ўвабрацца ў пер’е. Цяжка было сказаць, ці то не вытрымалі яны вялікага гора, ці то зацякліся за цэлы дзень з голаду. Хутчэй за ўсё бусліха, ведаючы, што цяпер адна не выкарміць сям’ю, сама асудзіла іх на пагібель. Але бусляняты былі жывыя. Калі Толік, узрушаны гэтым новым няшчасцем, унёс малых у хату і накарміў прасяною кашаю, а потым пасадзіў у запечку і накрыў кажушком, яны павесялелі і дзюблікамі пачалі скубці яго за рукавы…
 Пасярод ночы, калі ў Патрубейкавых спалі, у акно пастукалася Юзікава маці.
 — Толік! —трывожна паклікала яна.
 Толік усхапіўся з ложка і выбег на двор.
 — А мой жа ты Толічак, мой залаценькі. Няма ж нашага Юзічка, і не ведаем, дзе шукаць. Бацька з ног збіўся…
 I хоць на вуліцы было не так і цёмна, Толік вярнуўся ў хату і запаліў ліхтар "лятучая мыш". А Яўстраціха, як апантаная, зноў кінулася да свае хаты. Не знаходзячы прыстанку, яна тупала босымі нагамі вакол круглага каменя, што ляжаў ля сенечных дзвярэй, плачучы і прыказваючы сама сабе:
 — А як жа ж таго дня дачакацца.. А я ж ужо ўсіх сваіх абабегла… А хлопчык жа ты мой, а любенечкі,— заплакала яна яшчэ галасней, убачыўшы Толіка з ліхтаром. — А каб жа ж ён хаця чаго не надумаў… А прабягу ж я яшчэ па людзях, а мо што прачую… — і вуліцаю падалася ў цемру ночы.
 Толік завярнуў у Яўстратаў двор. Не на жарт устрывожаны, куды мог знікнуць Юзік, ён успомніў, з якім вінаватым выглядам стаяў яго бяздумны сябрук удзень перад людзьмі. Абавязак сяброўства, няхай сабе нялёгкага і крыўднага, вымушаў Толіка зараз жа, не бавячыся ні хвіліны, ісці на гэтыя начныя пошукі.
 Перш за ўсё Толік палез на гарышча Яўстратавай хаты. Каля акенца ў лабку ён пераканаўся, што Юзік доўга стаяў тут. Абярэмак леташняй саломы быў нашчэнт перацёрты нагамі. Значыць, Юзік да самых прыцемкаў чуў і бачыў адгэтуль усё, што адбывалася на вуліцы і на двары.
 Спусціўшыся па лесках з вышак і высвечваючы перад сабою ліхтаром дарогу, Толік выйшаў на падворак. У палахлівай нерашучасці ён спыніўся ля калодзежа, пастаяў, можа, з хвіліну, потым, так і не зазірнуўшы ў яго цёмную прорву, адкінуў лёгкія плеценыя веснічкі і разораю падаўся ў канец агарода. Збіваючы каленьмі халодную расу з бульбяніку, ён неўзабаве дайшоў да таго месца, дзе Яўстрат пахаваў бусла.
 Зыркі круг ліхтара ўпаў на невялікі прагалак каля вішняку. Такі Юзік быў тут. Угнуўшы плечы, ён сядзеў на вытаптаным учарнелым грудку, а непадалёк ад яго ў разоры на адной назе стаяла бусліха. З высокага бульбяніку выткнулася яе галава. I Толік убачыў, як ад рэзкага святла бусліха на момант заплюшчыла вочы і адразу ж зноў расплюшчыла іх — самотныя і дакорлівыя.
 Юзік не паварухнуўся. Нахіліўшыся з ліхтаром, Толік убачыў, што хлопец як бы застыў у зняменні. А можа, ён спаў? Праўда, Толя яшчэ ніколі не бачыў, каб спалі з шырока расплюшчанымі вачыма. Гэта была тая цяжкая гадзіна ў жыцці яго сябра, калі ён упершыню сам заглянуў у сваю яшчэ не зразумелую, збітую з тропу душу, якая цяпер ужо не магла так лёгка супакоіцца і бесклапотна знябыцца.
 Толік крануў сябра за плячо. Юзік маўчаў. Тады Толік схапіў яго за локаць і з усяе сілы пацягнуў за сабою.
 Юзік падняўся. Як малое дзіця, што толькі-толькі намагаецца рабіць першыя крокі, няўпэўнена перастаўляючы ногі, ён паслухмяна пайшоў за Толікам. Так ішлі яны моўчкі адзін за адным разораю, потым дваром аж да самае хаты Скачылясаў. Ля сенечнага парога Юзік ледзь чутна вымавіў:
 — Што ж цяпер будзе, Толік?
 — Не ведаю.
 Яны абодва змоўклі і доўга не абзываліся. Потым Толік падняў шкляны каўпак ліхтара і патушыў святло. З вішнёвага зарасніку выбіваўся ранні досвітак.
 — Так яна там і прастаяла ўсю ноч?
 — Усю ноч,— вінавата ўнурыўся Юзік.
 — А двое малых сядзяць у мяне ў запечку. Упалі з гнязда,— сказаў Толік.— Прыйдзецца гадаваць.
 — Прыйдзецца,— згадзіўся Юзік.

Сказать спасибо
( 69 оценок, среднее 4.23 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений