Васіль Зуёнак — Ехаў дзед дадому…

Васіль Зуёнак

Пэўна, вас не ўражу:
Дзед мой – проста дзед.
Пры вусах паважных
I пры барадзе.
Да навукі прыткі,
З тэхнікай дружыў.
Толькі перажытку
У транспарце не зжыў,–
Ні табе аўтобус,
Ні табе цягнік:
Дзед сваёй асобай
На кані прывык.
Клічуць на вяселле? –
Дружкі ды радня
На машыну селі…
Дзед запрог каня.
Гэтак і дадому
Пакацілі ўсе.
Ну, а дзед, вядома,
У развалкі сеў.
Лейцы напружыніў,
Глядзь – бяжыць дружбак:
У палку служылі
Разам як-ніяк!
– Ды заехаў вось бы
На хвілінак пяць…
Дзед уважыў просьбу:
Трэба начаваць…
Потым клікнуў цёзка,
Потым кум ды сват…
Ехаў дзед праз вёску
Тыдзень акурат.
Тут і перазовы
Падаспелі ўслед.
– Эх, гуляй, кірзовы
Тупнуў ботам дзед.
Бабцы, нібы з раю,
Тэлеграфаваў:
«Выехаць няма як:
Пугу нехта ўкраў»

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений