Хто адгадае і хто адкажа, –
Пакуль маўчыць народ,
Якая праўда на сэрца ляжа
Мне праз тысячу год?
Адно толькі знаю: Бог нас пакінуў.
Страшней пятлі і турмы,
Калі мы ўсё яшчэ не краіна:
То край, то ўскраіна мы.
Адно толькі знаю: паўстаць за волю –
Сваю – павінен народ.
Іначай вольным не быць ніколі.
Рэкі ўзрываюць лёд.
Шляхі не купляюць за пяць капеек –
Бяруць іх жыццём сваім.
Бунт не на плошчы – у сэрцы спее
І памірае ў ім.
Пакуль застаецца з нашага стану
Хоць бы адзін жывы,
То не лічыце справу прайгранай.
Народ прад’явіць правы.
1983
Крыніца: Зуёнак В. Выбраныя творы. Уклад., камент. аўтара; прадм. Н. Заяц. – Мінск : Кнігазбор, 2010. – 512 с. («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).