Васіль Зуёнак — Сонечны дождж

Васіль Зуёнак

Весела – пад звонкаю вясёлкай –
Выязджала хмарка з-за лясоў.
Лета перасмяглага асколкі
Шапацелі ў спеласці аўсоў.

Сонцам атачонае прырэчча
Плавала ў сп’янеласці малін.
Гром няспешна грукнуў па-старэчы,
Як забіў у хмарку востры клін.

Раздаліся трэшчыны агніста
Пырскаў залатых лінуўся рой.
І мільён праменьчыкаў яршыстых
Напярэймы ім ляцеў гурмой.

Шухнуў кропель перагон кароткі:
З кожнае дажджынкі – па цвіку.
I дыхнула лёгка і салодка
Парнасцю ад цёплага пяску.

Аналіз верша:
  1. Пасля чытання верша паўстаюць малюнкі летняга дня. Сонечны дзень, вясёлка на небе, толькі што прайшоў «грыбны» дождж, усё абмыта дажджом: і спелыя маліны, і аўсы. Дажджынкі свецяцца і зіхацяць на сонцы, як каштоўныя камяні.
  2. Васіль Зуёнак называе дождж сонечным, таму што неба чыстае, адна толькі хмара «выязджала з-за лясоў», вясёлка пераліваецца і зіхаціць.
  3. Аўтар выкарыстоўвае сродкі мастацкай выразнасці (эпітэты, метафары, увасабленні), каб перадаць прыгажосць вобразаў.
  Увасабленні: хмара выязджае, сонца плавае, гром няспешна грукнуў.
  Эпітэты: звонкая вясёлка, залатыя пырскі, яршыстыя праменьчыкі, перасмяглае лета.
  4. Яркія метафары: гром забіў у хмарку востры клін; з кожнае дажджынкі – па цвіку; сонцам атачонае прырэчча плавала ў сп’янеласці малін.
  5. Пісьменнік у гэтых радках паказвае, як грымнула маланка і паліліся кроплі дажджу.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений