Гімнам прыродна-вясковаму свету, роднаму краю і беларускаму народу ўвогуле стала ліра-эпічная пенталогія Васіля Зуёнка «Пяцірэчча», творы якой дапамагаюць зазірнуць у душу беларуса, зведаць тое, што турбавала, засмучала, радавала, абнадзейвала яго на далёкіх і блізкіх гістарычных шляхах. Паэма «Сяліба» – першы ўнёсак у кнігу «Пяцірэчча», яе «генетычны код». Слаба абазначаная падзейная аснова твора стала фонам для перадачы «падзей» у душы лірычнага героя, які «вандруе» па дарогах уласнай памяці і памяці гістарычнай, праз яго вобраз ажыццяўляецца сувязь розных часоў. «Сяліба» – паэма-ўспамін, паэма-вяртанне: вяртанне дарослага ў мясціны маленства і юнацтва, гараджаніна – у свет прыроды, да вясковых каранёў. У Васіля Зуёнка гэта не ўцёкі ад актуальных, надзённых праблем часу, а ўзмацненне, акцэнтаванне іх шляхам кантрастнага супрацьпастаўлення «прыроднага» «ўчора» і «цывілізаванага» «сёння».
Лірычны герой з настальгічным сумам праходзіць па сцежках свайго юнацкага няспраўджанага кахання. Інтымная лінія твора ўвесь час перасякаецца з сацыяльнай. Яна падсвечвае чалавечай асабовасцю грамадзянскую праблематыку: любоў да прыроды, роднай Сялібы ставіцца побач з інтымным пачуццём да жанчыны. Гэта розныя грані адной вялікай стваральнай Любові, што ачышчае душу ад прагматычнага спажывецкага «бруду», узвышае яе:
Скажы, прырода, ці не гэтак,
Як сэрца вечнае жаночае,
І ты на ростанях сусвету
З усіх шляхоў –
адзін высочваеш?..
У Васіля Зуёнка ў адрозненне ад іншых слынных паэтаў няшмат знойдзецца вершаў пра каханне. «Сяліба», як ні адзін іншы твор, яскрава выяўляе гэтую грань таленту пісьменніка і ў пэўнай ступені кампенсуе падобны «прагал». Лірычны герой складае ўласную «Песню Песняў» каханай, у яго пранікнёных, кранальных прызнаннях яднаюцца замілаванне любай і захапленне прыгажосцю зямлі: «Узмах крыла і ў цёплы лівень / Усплеск гуллівых ручаёў – / Імя тваё, як лівень, – Лія, / Я ціха лашчыў зноў і зноў…» Любая дзяўчына ўздымаецца на недасягальную вышыню («Мая і чужая, як неба»), абагаўляецца, аднак пачуццё юнака не ўзаемнае – Лія кахае іншага, самаўпэўненага прагматыка-меліяратара.
Сапернік лірычнага героя ўвасабляе тып «новага» чалавека, які не ведае сумненняў, кіруецца распрацаванымі вышэй пастановамі, жыве «ў адпаведнасці» з дырэктыўнымі планамі. Кожная ідэалагічная сістэма выхоўвае зручнага для сябе новага «гаспадара», а па сутнасці, шрубку ў вялікай машыне – чалавека без мінулага, слепа перакананага ў «светлай» будучыні. У «Сялібе» крокам да набліжэння падобнай будучыні выступае асушэнне балот, спрамленне рэк, што з вялікім энтузіязмам імкнецца ажыццявіць меліяратар.
У паэме паўстае экзістэнцыйная праблема выбару, яна, аднак, не зводзіцца да вырашэння «меліярацыйнай» дылемы (асушаць балоты ці не). Аўтар выходзіць на значна больш шырокія сферы сусветнага быцця: быць ці не быць прыроднай раўнавазе, гарманічнаму суіснаванню чалавека і навакольнага асяроддзя, быць ці не быць увогуле жыццю на планеце – да такой вострай пастаноўкі пытання падводзяць створаныя ў паэме апакаліпсічныя карціны «чорных гоняў», «чорных ніў», «чорных вятроў» над імі.
Наватарскай бачыцца фармальная арганізацыя «Сялібы»: падкрэсленая ў падзагалоўку форма дыялога захоўваецца на працягу ўсяго твора. Да размовы паміж лірычным героем і яго каханай, не прамой, а ўзноўленай у памяці лірычнага героя, увесь час падключаюцца іншыя персанажы: меліяратар, святар, стары мясцовы жыхар – дыялог, такім чынам, ператвараецца ў складаны палілог. У гэтым шматгалоссі ўдзельнічаюць таксама анімістычныя вобразы дарогі, Пагулянкі, Вялікага Каменя, што паўстаюць жывымі разумнымі істотамі, увасабляюць памяць пра мінулае. Яны расказваюць пра этнаграфічны побыт продкаў, раскрываюць таямніцы мясцовых назваў (Узнацк некалі «сувязь – «узы» з Начаю трымаў», а сама Нача азначае «плодная зямля»), робяць своеасаблівы гістарычны экскурс ад хрысціянства да язычніцтва. Праз аповед гэтых «персанажаў» аб сваім даўнім быцці ствараецца аб’ёмная, дэталізаваная карціна жыцця беларуса ў гістарычнай рэтраспектыве. У творы розныя часавыя пласты знаходзяцца ў апазіцыі: мінулае ў параўнанні з сённяшнім днём малюецца пераважна «залатым векам», перыядам дабрабыту, братэрскай еднасці чалавека і прыроды.
Разам з тым ідэалізацыі мінулага ў паэме няма, у чым пераконвае гісторыя пана Заброцкага, які загадвае мастаку намаляваць незвычайную ікону «Святое паляванне». Працэс палявання алегарычна, вачамі сабак, перадаецца ў раздзеле «Гон». Карціна гону азвярэлых ад голаду сабак увасабляе «жорсткасць у адносінах да ўсяго жывога» (У. Гніламёдаў). Варта звярнуць увагу на такую дэталь: карціна задумвалася панам як ікона, але ўзвядзенне ў ранг святыні забойства жывым жывога – святатацтва, маральнае злачынства. Паўсюднае асушэнне балот, высяканне пушчаў, прыхаванае за «святымі» словамі (для пэўным чынам ідэалагічна выхаванага чалавека) «паляпшэнне ўмоў», «развіццё народнай гаспадаркі», – таксама не толькі «фізічнае», але і духоўнае злачынства. Магнат мінулага зневажае святыні, увекавечваючы забойства, «магнат» сучаснасці робіць тое ж самае, але па-свойму: з паляўнічым азартам адпраўляючы «ў рай» цэрквы («трасамі <…> ды за макаўку!..»), паводле новых «біблій» (планаў меліярацыйных работ) заганяючы ў труны рэкі… І ўчора, і сёння падобныя фізічныя дзеянні раскрываюць духоўнае аблічча чалавека.
Праблема экалогіі душы, захавання маральнай чысціні востра паўстае ў творы. Прырода жывіць душу хараством, не дае ачарсцвець сэрцу; зберагчы натуральную прыгажосць наваколля – значыць зберагчы прыгажосць душэўную. У раскрыцці гэтай маральна-этычнай праблемы, акрамя лірычнага героя, важную ролю выконваюць айцец Лявонцій і стары мясцовы жыхар, што выступаюць носьбітамі духоўна-гістарычнай памяці народа. «Струмені цудадзейныя слабеюць, – / І чым цяпер душы спатоліць смагу?» – пытаецца святар і гаворыць пра вытокі «духоўнай засухі»: «Парушана гармонія ў прыродзе. / Сябе царом над ёй смяротны мысліць… / У велічы і гонары забыўся, / Што ён часцінка тут, не заваёўнік». Усведамленне сябе часцінкай вялікага цэлага, пазбаўленне ад заваёўніцкіх амбіцый, вынікае з паэмы, павінна быць асноўным рэгулятарам у сістэме «чалавек – прырода».
«Гістарычная памяць» лірычнага героя ўваскрашае даўнюю, яшчэ не кранутую цывілізацыяй Сялібу:
Той край –
мая радзіма…
Між лясоў
Асеў бягляк-язычнік
днём асеннім.
Дуброву спляжыў вогненнай касой
І кінуў на гарэлле
жменю семя.
Затым на ўсход схіліўся –
Сонцу слава!
На захад –
пакланіўся Перуну.
Жытло зляпіў.
З ліцвінкаю бялявай
Абжыў за ноч глухую старану.
той край –
мая радзіма.
Дзве ракі,
Як дзве рукі,
Сялібу абдымалі.
З лукі –
тугія стрэлы – шчупакі
Ў гаршчок, на юшку, самі заляталі…
Успамінаючы «край, імшарны, з сумам верасоў», лірычны герой побач з пяшчотай адчувае дакоры сумлення, бо ён «з’ехаў ад зямлі», стаў гараджанінам. У палілог уключаецца голас вёскі (ён гучыць у сэрцы героя) – такая размова сэрцамі сведчыць пра непарыўнасць крэўнай сувязі лірычнага героя з роднымі мясцінамі; вёска ўспрымаецца ім як пакінутая пасталелымі дзецьмі маці, што заўсёды цярпліва чакае і ніколі не папракне.
Важная рыса твора – сцвярджэнне ў ім нацыянальнай ідэі. У яе рэалізацыі выключнае значэнне мае любімы паэтам вобраз агню, у якім увасабляецца вера ў будучае народа. Карцінай агню, сімвалічнага ачышчэння ад бездухоўнасці, маральнага здранцвення, «Сяліба» пачынаецца, карціна ачышчальнага агню ўзнікае і напрыканцы паэмы: «Агонь не згасне, полымя ўзгарыцца, / І рухне ап’янела-крыважэрны / Іканастас насільніцтва і цемры». «Вогненны» фінал усяляе аптымізм, спадзяванне на тое, што полымя свабоды не затухне на беларускай зямлі, не паглынецца цемрай чужароднасці. Пры гэтым геаграфія паэмных праблем не зводзіцца да вузка мясцовых ці нацыянальна абмежаваных, а пашыраецца да планетарнага ўзроўню. Паэтава любоў да родных Начы і Крутаяра вырастае ў любоў да ўсёй планеты. Публіцыстычна завострана аўтар засцерагае ад забыцця чалавекам свайго месца і ролі на Зямлі, яго словы поўныя надзеі:
Мы раны й выдмы ўсе зямлі сваёй загоім,
Перададзім – блакітную – нашчадкам:
Пільнуйцеся ж, каб штосьці дарагое
Не згінула пад варварскім запяткам… <…>
Над лёсам пакаленняў і стагоддзяў
Мы дні ўзнімаем – сонечныя глыбы.
Надзея над планетай не заходзіць.
Квітней, мая Зямля –
мая Сяліба.
Наталля Заяц