Я са шляхоў далёкіх і цяжкіх
Дамоў гасцінцаў прывязу такіх:
З паклонам бацьку –
Мужнасць і адвагу;
Братам – па-брацку:
Да палётаў прагу;
На завушніцы для малой сястрычкі –
Дзве зіхатлівыя
Смяшынкі-знічкі;
Ласкавай жонцы –
Зорак на каралі;
Сынам – сто сонцаў
Неадкрытых
I сто даляў…
I кожны будзе ў захапленні, мусіць…
…Дзень добры, мама,
вось і я,
вярнуўся…
Адказы на пытанні:
1. Верш Васіля Зуёнка "Я са шляхоў далёкіх…" перадае пачуцці лірычнага героя. Твор прасякнуты радасным настроем прадчування сустрэчы з блізкімі людзьмі: маці, бацькам, сястрычкай, братамі, жонкай і сынам.
2. У сваім маналогу лірычны герой уяўляе пра тое, як ён пасля доўгага падарожжа сустрэнецца са сваімі роднымі. Ён усхваляваны сустрэчай з роднымі яму людзьмі. Але падарункі яго не зусім звычайныя. Замест канкрэтных рэчаў ён збіраецца падарыць сваім блізкім прыгажосць усяго свету, у якім пераважаюць перш за ўсё маральныя якасці: "мужнасць і адвага", "да палётаў прага", а таксама "дзве зіхатлівыя смяшынкі-знічкі" на завушніцы маленькай сястрычцы, для жонкі зоркі на каралі, сынам – "сто сонцаў неадкрытых і сто даляў…". Аўтар выдатна ведае, што чакаюць ад яго блізкія людзі – не падарункаў, а адносін. Менавіта не матэрыяльныя рэчы, а пачуцці, што вельмі важна ў блізкіх сямейных адносінах.
3. Падарункі не галоўнае, галоўнае прыхавана ў іншасказальным сэнсе радкоў – адносінах героя да сваёй сям’і, усеабдымнай любові да сваякоў, а асабліва да маці.
4. Галоўны чалавек у жыцці – матуля. Для яе самы галоўны падарунак – вяртанне сына дадому, сустрэча з ім і яго любоў і ўвага.