Вера Вярба — Пралеска

Вера Вярба

Белыя бярозы
Спалі на узлеску,
А сваю галоўку
Узняла пралеска.

Тоненькую ножку
З-пад пярыны белай
На зямлю пралеска
Ставіла нясмела.

А снягі наўкола –
Ні канца, ні краю.
Страшна стала кветцы:
– Я адна – жывая!

Кажа зверху сонца:
– Зорачка лясная,
З новым нараджэннем
Я цябе вітаю!

Белыя бярозы
Разам зашапталі:
– Мы цябе, пралеска,
Ўсю зіму чакалі.

І старая елка
Голасна ўздыхнула:
– Вясна надыходзіць,
А зіма мінула.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений