Верасовыя ўспаміны

Пераказы і дыктанты

  Цвітуць верасы. Прывабна, кідка, непаўторна, незабыўна. Калі цвіце верас, не ўбачыш ні зеляніны, ні зямлі – усюды ружавата-фіялетавы дыван кветак. I ад гэтага незвычайнага дывана ідзе дзівосны мядовы пах. Шалясцяць пад нагамі мох і сівец, гараць фіялетавым астраўкі верасу. Тут поўзаюць мурашкі, вялікія і маленькія, лётаюць пчолы. Сядзе пчолка на верасовую галінку, пагайдаецца, потым нахіліць яе аж да самай зямлі, абдыме ножкамі, перагнецца ўся, адтапырыць крылцы і лезе з галоўкай у маленькую кветачку. Пасля застыне, не кранецца, нібы памерла – п’е!
 Гадзінамі маленькая Галя можа назіраць за цікавым жыццём у верасах. Тут і працавітыя мурашы, і вялізныя зялёныя стракозы, і руплівыя пчолкі, і баравік-прыгажун сустрэнецца. Зямля пахне смалой, хмелем, мёдам. I дзядуля, як заўсёды, раскажа лясную казку…
 Тады таксама цвілі верасы. Пад нагамі шоргала ігліца. Некалі такі прывабны, вясёлы верасовы дыван бурэў, рыжэў. I толькі сям-там яшчэ гарэлі маленькія вочкі асенніх верасовых кветак, калыхаліся пад ветрам, пахлі чаем і дымам. Нясцерпна нылі-балелі ножкі, яны не спраўляліся з хуткай хадой дарослых. Сэрцайка стукала моцна-моцна, не хапала дыхання. Тата браў на рукі, дзіцячыя ручкі моцна абдымалі яго за шыю. Галінка мацней прыціскалася да грудзей. Сям’я ўцякала ад вайны. Пад нагамі трывожна і балюча асыпаліся верасы…
 З памяці сціраецца, хочаш ці не, пачутае, убачанае, адчутае, хутчэй ці павольней. Час стварае і абкрадае чалавека, кажуць, і лечыць, толькі не ўсе раны гояцца часам.
 Колькі, пэўна, жыць давядзецца, мабыць, будзе ўспамінаць Галіна Уладзіміраўна Балаховіч, гледзячы на ружовыя верасы, той чорны дзень, калі палілі вёску. I будзе нечакана і раптоўна прыходзіць невыносна цяжкі пах, што працінае душу і цела, што даводзіць да нематы язык, да нясцерпнага болю – душу. Пах спаленага двара, пах спаленай вёскі. А ў вушах стаяць шалёнае ціўканне куль, калі мама прыкрывала яе сабой, і стук каваных ботаў па брукаванай вуліцы, калі палілі вёску.
 Уражлівая дзіцячая памяць адгортвае старонку за старонкай яе нялёгкага жыцця. Ёй хочацца больш успамінаць не страшнае, чорнае, жудаснае, балючае, а тое, пасляваеннае, што заўсёды дорага дзецям: хату, сям’ю, бацькоў, школу. I няхай яшчэ балелі раны, было вельмі няўтульна, голадна і холадна, але радасць перамогі, міру, таго, што вярнуўся тата, сагравала дзіцячую душу. Дзіцячая памяць выхоплівае незабыўнае…
 Людзі вярталіся на папялішчы, капалі зямлянкі, будавалі хаткі, жылі па некалькі сем’яў, у цеснаце ды не ў крыўдзе, дзяліліся ўсім, дапамагалі адзін аднаму. Цяжка было з ежай. Раскопвалі на пажарышчах схаваную калісьці бульбу. Які непрымны пах ад яе ішоў, можна толькі сабе ўявіць. Але ўсярэдзіне заставалася трошачкі жывой мякаці. Адбіралі, мылі тую бульбу і з крухмалу рабілі зацірку. Колькі ні мылі, а пах заставаўся. Але ж голад рабіў сваё. А хлеб які! Праснакі… Заквашвалі на суткі: замешвалі збор мучыцы (былі і авёс, і ячмень, і жыта) і дасыпалі лебяду, змолатыя галоўкі канюшыны, верасу. Вымешвалі гэта, пяклі ў печы. I якія ж смачныя здаваліся тыя нішчымныя праснакі, падзеленыя клапатлівай мамінай рукой крыж-накрыж на ўсю сям’ю. На канюшыне, на любімым верасе…
(465 слоў)

Паводле А. Тачыцкай.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений