Сярод канькабежцаў ён пазнаў Клару па чырвонай шапачцы і чырвоным світары. Лёгка і прыгожа ішла яна па бегавой дарожцы, заклаўшы рукі за спіну. I Слава, які катаўся на агульным пятачку, пазайздросціў яе бегу. Нічога не скажаш – разрадніца, чэмпіёнка горада сярод школьнікаў. Яе кожны дзень трэніруе майстар спорту. З месяц назад і Слава хацеў запісацца на заняткі да гэтага трэнера. Трэнер вывеў Славу на ледзяную дарожку і махнуў рукой. Слава рвануў колькі меў сілы, замахаў рукамі. Праехаў круг, спыніўся, задаволены сваім бегам. Але трэнера на месцы не было. Сустрэла яго адна Клара. «Каб бегаць на каньках, трэба мець талент», – перадала яму трэнераў прысуд. I, як здалося Славу, была нават рада, што ў яго няма таленту.
Чакаў Клару ён доўга. I вось, нарэшце, Клара на павароце выпрасталася, праехала яшчэ трохі і, пырснуўшы белымі снежнымі іскрамі, крута павярнула назад. Потым было тое, што і кожны вечар, дзеля чаго Слава не прапускаў ніводнай Кларынай трэніроўкі. Перакінуўшы свае і Кларыны канькі цераз плячо, ён праводзіў Клару дадому. Яны крочылі па ціхім парку, ехалі ў тралейбусе, а потым ішлі да яе дома.
Амаль кожны дзень Клара прасіла Славу што-небудзь зрабіць: чарцёж, дамашняе сачыненне. I Слава выконваў гэтыя просьбы – сябры ж. Нават заносіў Кларын партфель дамоў, калі яна ехала са школы ў горад.
Аднойчы ён пачуў, як Клара назвала яго «верным рыцарам з восьмага "В".
А дваццаць восьмага лютага ў Клары быў дзень нараджэння. На яго яна нікога з аднакласнікаў не запрасіла, але Слава вырашыў, што ён пойдзе, бо віншаваць з днём нараджэння сябры павінны прыходзіць самі. На тое яны і сябры.
Падарунак для Клары Слава падрыхтаваў сам. Гэта быў невялікі букецік жывых ландышаў. Каб падарыць ландышы сёння, Слава яшчэ ўвосень выкапаў іх у лесе разам з зямлёю, прывёз і трымаў у падвале, выносіў на холад, потым паліваў у цёплым пакоі. I ландышы зацвілі, запахлі прыемна і тонка, прынёсшы ў кватэру подых вясны. Яе, вясну, і падорыць Слава сваёй сяброўцы. Гэта не каробка цукерак, няхай і шакаладных.
Калі ён падышоў да кватэры Клары, адтуль чулася музыка. Госці ўсе былі чужыя: Кларын трэнер, нейкія незнаёмыя хлопцы і дзяўчаты, відаць, таксама спартсмены. Клара, убачыўшы яго падарунак, усміхнулася і сказала, што сёння ў яе ўжо шмат кветак. Яна пакруціла ў руцэ букецік і аддала трэнеру. Той панюхаў букецік, а потым, не падымаючыся з канапы, уторкнуў яго ў вузенькую, як горла гусака, вазу, што стаяла на падаконніку. А адзін з хлопцаў сказаў: «Ландышы вясной – пяць капеек за пучок». У адказ усе засмяяліся.
Слава выйшаў у калідор. Апрануўся, азірнуўся і сустрэўся вачыма з Кларай. Клара ўсміхнулася і памахала на развітанне рукой.
З двара ён зірнуў на акно, белае ад яркага святла, і на падаконніку заўважыў тую доўгую, як гусакова шыя, вазу. Там бялелі дробныя званочкі яго ландышаў. Ландышы туліліся да шыбы, быццам прасіліся на вуліцу.
I Славу зрабілася шкада гэтых ландышаў. Хай бы яны раслі ў лесе і цвілі ў маі. Навошта было прыносіць іх людзям, якія не шануюць дружбу і за вясну плацяць толькі пяць капеек.
(487 слоў)
Паводле В. Хомчанкі.