Віктар Гардзей — Коцікі на вярбе

Віктар Гардзей

Жураўліная труба
Праспявала весела.
Косы доўгія вярба
Над вадою звесіла.

Песні звонкай не ў журбе
Долы адгукнуліся.
Раннем ясным на вярбе
Коцікі прачнуліся.

Гнёзды гай стары сагрэў,
Сонейка ўсміхаецца.
У змакрэлым вецці дрэў
Птушкі звонка раяцца.

І звіняць, удаль бягуць
Ручайкі срабрыстыя.
На вярбе цвітуць, цвітуць
Коцікі пушыстыя.

Завірухі адгулі,
Сцюжы больш не сцюжацца.
Пчолы, мушкі, матылі
Над вярбою кружацца.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений