Віктар Гардзей — Лясная трывога

Віктар Гардзей

Між звяроў пайшла трывога,
Бо сарока зноў трашчыць:
– Бачу, бачу насарога,
Востры рог яго тырчыць.

«Ён жа нас усіх раструшчыць! –
Дзікі жах бярэ звяроў. –
Насарог у нашай пушчы.
Ці не з Афрыкі прыйшоў?»

А сарока балабоніць:
– Вунь на сцежцы насарог.
Уцякайце, бо дагоніць,
Мае ён тры пары ног!

Хто ў імху,
А хто ў балоце –
Пахаваліся звяры.
Страх ваўкоў ажно калоціць,
I дрыжыць ліса ў нары.

Белабока з усёй сілы
На кусце лазы крычыць:
– Насарог той мае крылы,
Як захоча – паляціць!

Гэту вестку як пачулі,
Паўцякалі хто куды
Казадоі і зязюлі,
Курапаткі і дразды.

Толькі зай пытае строга: –
Што яшчэ за насарог!
Ці ж бывае ў насарога
Два крылы, шасцёра ног?

Белабокая сарока
Захіхікала ў лазе:
– То не з Афрыкі далёкай
Гэты насарог паўзе…

I ў звяроў прайшла трывога.
Вылезлі яны з бярлог:
З чорнай спінкай,
З вострым рогам
Міма поўз жук-насарог…

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений