Паміж ялін кашлатых,
Па верасе ў расе
Ідзе грыбнік рагаты
I барадой трасе.
Лясныя помніць сцежкі
I ляды, дзе заўжды
Збірае сыраежкі,
Апенькі і грузды.
Гаямі і барамі
Не ходзіць ён з кашом,
Грыбы бярэ губамі
Ці ліжа языком.
Яго між дрэў кашлатых
Вітае пушча ўся.
У грыбніку рагатым
Як не пазнаць лася!
У шапачцы прывабнай
Мільгнецца баравік,
Дык перад ім нязграбна
Аж кленчыць той грыбнік.