У лясах, на балоце
ліставей,
лістапад.
І стаіць у пяшчоце
залацісты наш сад.
Павуцінай затканы
сенажаці,
лугі.
Лёг на лес, на паляны
сіні водсвет смугі.
Лісце з шэлестам льецца
на траву,
на чабор.
Зелянейшым здаецца
ад святла ціхі бор.
Клін ляціць жураўліны
над зямлёй
наўскасяк.
Заірдзелі каліны.
Пажаўцеў беразняк.
Каля клёнаў барвовых
вецер кружыць лісты.
У гаях,
у дубровах
лістапад залаты.