Віктар Казько — Хлопчыкі і конь

Віктар Казько

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Пасля поўначы дзіцячы дом моцна спаў. Драмаў у кабінеце дырэктара дзяжурны выхавацель. Спалі ў палатах усе хлопчыкі і дзяўчынкі. У гаспадарчых будынках глыбока ўздыхалі і варочаліся валы і час ад часу ржаў конь, якога нашы салдаты пакінулі ў час наступлення: ён тады быў паранены і вельмі слабы. Ад будынка да будынка чорнымі ценямі праляталі кажаны.
 Спаў разам з усімі хлопчыкамі ў сваёй палаце і Васька-Капун. Спаў – і раптам, невядома чаму, прачнуўся. Хлопчык намагаўся зноў заснуць, угаворваў сябе, што ноччу не спяць толькі зладзеі, але гэта не памагло. I тады ён сеў на ложак і пачаў думаць: чым бы заняцца? На вуліцу ісці не хацелася – там, напэўна, выпала ўжо раса. А чаравікаў у яго не было. Каб хлопчыкі не паўцякалі з дзіцячага дома, чаравікі на лета ў іх пазабіралі. «Нічога, – думаў Васька, – прыйдзе восень, выдадуць новыя, і тады ўсё роўна ўцяку».
 Капун злез з ложка, падышоў да расчыненага акна. Яго абдало вільгаццю і густым водарам кветак. Васька чхнуў і вярнуўся на ложак.
 «Пагутарыць бы з кім?» Аднак гутарыць яму не было з кім. Ён не меў у дзіцячым доме ніводнага сябра. Ён быў адзін, зусім адзін на свеце. Нават не ведаў, ці былі ў яго калі бацькі.
 У акно зазірнуў месяц. Ён асвяціў палату, нікеляваныя ложкі, белыя просціны, шторы на дзвярах. Васька падцягнуў калені, паклаў на іх падбародак і прыціх. Ён глядзеў з-пад ілба на месяц і адчуваў, як па ягоным твары мільгацяць цені рухавых лісткоў і галінак дрэў. Яму было маркотна.
 А побач хроп Лёнька-Мыса. Хроп і нават прысвістваў. Васька саскочыў з ложка і сцягнуў з Лёнькі-Мысы коўдру. Лёнька прачнуўся і сеў.
 – Чаго табе? – спытаў ён у Ваські, жмурачыся ад месячнага святла.
 – Давай пагаворым…
 – Ты лунацік? Ноччу па даху ходзіш?
 – Не, не спрабаваў.
 – Тады спі, – пазяхнуў Мыса. – Спі.
 – Хочаш, я зараз з могілак крыж прыцягну? – перайшоў на шэпт Васька. I сам спужаўся: а раптам Лёнька скажа адчэпнае: «Ну, цягні». А на могілках было жудасна нават днём.
 На шчасце, Лёнька не захацеў.
 – Я спаць буду. Крыж – гэта нецікава, – сказаў ён.
 – Нецікава? Го! – асмялеў Васька. – Ты ідзеш, а мярцвяк за табой: «Аддай мой крыж!» – I Васька працягнуў растапыраныя пальцы да горла Мысы. Мыса злосна адпіхнуў Ваську:
 – Хочаш, каб я цябе зноў адлупцаваў. Забыўся?
 – Сёння ты мяне не адолееш. Сёння свеціць месяц. А пры месяцы я дужы. Мы з ім заадно, – сказаў Капун і зноў сцягнуў з Мысы коўдру. – Ведаеш, колькі ў мяне цяпер сілы… Дам табе шчалбана, і твой лоб – напалам, як грэцкі арэх.
 – Бі! – падставіў свой лоб Мыса. – Толькі глядзі, каб пасля не шкадаваў.
 – Ты мне не верыш. А я праўду кажу. Месяц мне памагае. Я ўвесь жалезны! Твой лоб ураз трэсне.
 I Васька верыў, што так будзе.
 – А ты не маніш?
 – Не… – Васька чамусьці здрыгануўся і змоўк.
 – Ну, чаго ты? – сказаў Мыса. – Давай гаварыць, а то страшна.
 Капун пачаў хутка хадзіць паміж ложкаў.
 – Ты вось не паверыў. А са мною было ўжо раз такое. Я тады ледзь зямлю не раскалоў. Немцы свіран з людзьмі падпалілі. Я бачыў як ён гарэў… Страшнае вогнішча… Месяц быў на небе, ён даў мне велізарную сілу. Я тупнуў нагою – і зямля трэснула. Я раскалоў бы яе, каб усе фашысты праваліліся. Але не мог другі раз падняць нагу. Упаў… А калі ачуняў, быў ужо дзень. Месяц знік – і сіла прапала.
 – У тым свірне была твая маці? – спагадліва спытаў Мыса.
 – Не ведаю…
 Яны ўжо сядзелі, прытуліўшыся адзін да аднаго, на Васькавым ложку і глядзелі на месяц.
 – Я таксама зараз такі дужы, як і ты… Ну, можа, крыху слабейшы, – сказаў Лёнька. – А Мысай мяне клічуць таму, што калі мяне з братам прывялі ў дзіцячы дом, я не выгаворваў яго імя – Міша. Бегаў за ім і гікаў: «Мыса! Мыса!» Так і пайшло.
 – А я не ведаю, хто назваў мяне Каптуном, – уздыхнуў Вася. – Не помню. Як гарэў свіран, помню, а пра сябе – нічога… Зямлю я капаць люблю. Рабіў падкопы пад клеці, адкуль пахла смачным. Аднойчы добра зрабіў. Заставалася трошачкі падкапаць, і быў бы ў клеці. А мяне за ногі выцягнулі – і ў дзіцячы дом. Каб не гэта, я падсілкаваўся б і на фронт уцёк. Можа б, там з таткам сустрэўся…
 – А ў нас з Мішам ёсць бабуля. А цяпер і конь. Я яго першы ў лесе ўбачыў. «Кось, кось!» – пазваў. I ён пайшоў, кульгаючы, за мной. Слёзы ў яго вачах. Баліць рана, а ідзе. Ведае – без людзей загіне ў лесе. Бабуля прывяла ў дзіцячы дом нас з Мішам, а я – каня. Я люблю коней.
 – Давай будзем сябраваць, – сказаў Капун.
 – Давай. Назаўсёды, – сказаў Мыса. – Ты, я і конь.
 – А зараз пойдзем зробім што-небудзь такое, каб ніколі не сварыцца. Можа, падкоп? А?
 – Не трэба, – папрасіў Мыса. – Лепш сходзім у слівы.
 Хлопчыкі ціхенька шмыгнулі з палаты. Азіраючыся на дзверы, за якімі спаў дзяжурны выхавацель, пракраліся ў двор і пайшлі па вясковай вуліцы.
 На ўскраіне, далей ад дзіцячага дома, яны выбралі лепшы сад, узлезлі на дрэва і набілі пазухі слівамі.
 Вярталіся не спяшаючыся. Пасля роснай травы іхнія босыя ногі скалелі, і пясок на вуліцы здаваўся ім асабліва цёплым і мяккім.
 Кідалі ў рот слівы. Яны былі слізкія і халодныя, як рыбкі, выцягнутыя з вады. Мялі слівы языком, паднябеннем і асцярожна зубамі. Размяўшы, надкусвалі і цягнулі сок. Хутка набілі аскому, але не зважалі на гэта. Ім было добра.
 – Слухай, – схамянуўся раптам Капун, – слухай, Лёня, а пра каня мы забыліся. Самі лопаем, а конь?
 I яны пайшлі да каня. Слівы, аднак, каню не спадабаліся. Ён нават не ўзяў іх у рот. Паказытаў толькі мяккімі губамі хлапечыя далоні і чагосьці ўздыхнуў.
 – Мы цяпер удвух з Васем даглядаць цябе буднем, – сказаў каню Лёнька. – Ты прывыкай да нас, прывыкай. Вайна ўжо скончылася. Араць на табе будзем. У нас вунь колькі малых у дзіцячым доме, усіх накарміць трэба…
 Конь заржаў, як быццам усё зразумеў і пагадзіўся з Лёнькам.
 Хлопчыкі выйшлі са стайні, узялі з калёсаў па бярэмю накошанай травы і паклалі каню. Прынеслі яшчэ па бярэмю, растрэслі каля стойла і ляглі на яе. Хутка заснулі.
 Конь, падняўшы галаву, стаяў над імі, як вартавы. Месяц праз шчыліны высвечваў яго чуйныя вушы.

Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений