Віталь Вольскі — Гаспадар пушчы

Віталь Вольскі

  Трашчыць галлё. З шумам і фырканнем прадзіраецца з непраходнага гушчару  нешта вялікае і дужае. Хістаюцца маладыя бярозы. Пад напорам цяжкага цела нікне да зямлі густы падлесак.
 Гэта – зубр. Вось ён выходзіць на лясную паляну, схіліўшы магутную галаву, і спыняецца, асветлены сонцам.
 Прагна  ўглядваюся я ў ляснога волата . Не часта даводзіцца бачыць такое відовішча.
 Увесь ён аброс густой кучаравай шэрсцю цёмна-каштанавага колеру. Яго вялікая, нізка пасаджаная галава з чорнай барадой і шырокія мускулістыя грудзі здзіўляюць сваёй веліччу і магутнасцю. Высокі карак  гарбом узвышаецца над спінаю.
 Шыя, грудзі і добрая палова спіны густа пакрыты цёмнай калматай грывай. Шматкамі ўскудлачанага лямцу звісае гэта грыва над шырока пастаўленымі, тоўстымі і кароткімі нагамі.
 Пярэдняя частка яго моцнага тулава, цяжкая і масіўная, здаецца непамерна развітай у параўнанні з задняй, пакрытай карацейшымі і святлейшымі валасамі. Заднія ногі выглядаюць вышэйшымі і танчэйшымі за пярэднія. Хвост – як у звычайнага быка, але кароткі і тоўсты.
 У ясным і ціхім лясным паветры выразна чуецца роўнае і глыбокае дыханне вялікай жывёлы.
 Пастаяўшы крыху на месцы, нібы ў задуменні, зубр рушыць далей, абрываючы мімаходам маладыя галінкі ясеня.
 Следам за ім выходзіць на паляну ўвесь статак. Тут і маладыя зубры, і падлеткі, і дарослыя зубрыцы з цялятамі, падобны мі на буйных, калматых медзведзянят.
 Мінуўшы лясную паляну, зубр выходзіць на дарогу, спыняецца зноў і, пастаяўшы крыху, нібы разважаючы, ідзе па дарозе. За ім паслухмяна цягнуцца астатнія. Яшчэ хвіліна – і ўсе зубры: малыя і дарослыя – знікаюць за высокімі дрэвамі на павароце, узнімаючы клубы пылу і нагадваючы здалёку невялікі статак звычайных кароў.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений