Падарожжа ў нязнанае
(прадмова да кнігі Віталя Вольскага «Падарожжа па краіне беларусаў»)
Уявіце, што для нас з вамі казачнымі ўмельцамі сканструяваны цудоўны кілім-самалёт, у салоне якога могуць размясціцца многія тысячы пасажыраў. Самалёт спецыяльна абсталяваны для падарожжаў у мінулыя стагоддзі. Хто ж не згодзіцца на такую экскурсію? Важна толькі, каб гід, экскурсавод, быў здольны даць правільнае, вычарпальнае тлумачэнне ўсяму, што даўно стала далёкай гісторыяй.
Давайце папросім беларускага пісьменніка Віталя Вольскага, каб экскурсаводам быў ён. Мяркуючы па яго кнізе «Падарожжа па краіне беларусаў», Віталь Вольскі сам прыдумаў такі самалёт і сам жа аблятаў на ім адну за адной шмат якія мінулыя эпохі. За Віталя Вольскага, акрамя ўсяго іншага, гавораць яго энцыклапедычныя веды, яго багаты жыццёвы і пісьменніцкі вопыт.
Віталь Вольскі вучыўся, працаваў у розных установах культуры. Менавіта ўдзел у культурнай рэвалюцыі і нарадзіў думку аб спробе пяра, літаратурнай дзейнасці. Спачатку былі літаратуразнаўчыя працы, прысвечаныя фальклору, тэатральныя рэцэнзіі, потым былі напісаны п’есы «Цудоўная дудка», «Несцерка», – яны зрабіліся класікай беларускай драматургіі. Паглядзіце, якія ў пісьменніка разнастайныя творчыя інтарэсы: яго захапляе літаратурная спадчына выдатнага майстра слова Эдуарда Самуйлёнка, і Віталь Вольскі прысвячае яму манаграфію. Для студэнцтва ён піша кнігі «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму», «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры»; адначасова ствараюцца сцэнарыі для кінафільмаў «Белавежская пушча» і «Несцерка», п’еса «Машэка», краязнаўчыя кнігі «Па лясных сцежках», «У лясах над Бярозай», «Месяц за месяцам», «На бабровых азёрах», «Чайкі над Нараччу», «Падарожжа па краіне беларусаў». Дзве кнігі апавядаюць пра краіны Афрыкі.
Цяпер вы згодны, што экскурсавод у нас найлепшы? Застаецца толькі глядзець на панарамы пад самалётам і ўважліва слухаць каментарыі пісьменніка. Гаручага ў машыне хопіць на падарожжа ў самую далёкую мінуўшчыну, бо такія кілімы-самалёты, як вядома, запраўляюцца фантазіяй. Дзіўны краявід разгортваецца там, дзе многія з нас бывалі ў піянерскіх лагерах, ваявалі з фашыстамі, сеялі збажыну, будавалі заводы і фабрыкі. …Няма ні дарог, ні гарадоў, ні вёсак. Скрозь – балоты, люстры азёр, непраходныя пушчы. Экскурсавод звяраецца з геаграфічнай картай і гаворыць, што мы ляцім уздоўж Бярозы-ракі.
Ажно не верыцца: у вадзе плёхаюцца маманты, праганяюць смагу сланы. Недалёка ад берага хаваецца ў засадзе насарог. Там-сям зямля пакрыта нейкімі норамі, над якімі віецца дымок. Няўжо гэта паселішчы людзей? Так і ёсць, бо вось і яны самі, абы-як захутаныя ў звярыныя шкуры. А зуброў колькі! Іх, бадай, хапіла б на ўсе пушчы цяперашняй Еўропы…
Экскурсавод раіць вярнуцца на некалькі тысячагоддзяў бліжэй да нашага часу і паказвае турыстам тыя ж мясціны. Ужо зніклі апошнія сляды ледавіка. На берагах тае ж Бярозы-ракі з’явіліся ўмацаваныя паселішчы людзей, узброеных лукамі, стрэламі. Прыручаны дзікія коні. Ад вярхоўяў да вусця Прыпяці – густыя лясы, балоты, пясчаныя выспы, аблюбаваныя для будаўніцтва паселішчаў нашымі продкамі.
Вяртаемся назад яшчэ на некалькі стагоддзяў і ляцім над мясцінай, дзе зліваюцца Няміга і Свіслач. Каб не экскурсавод з яго дакладнымі гістарычнымі даведкамі, то наўрад ці паверыў бы хто-небудзь, што пад крылом самалёта – Мінск, такі гэта невялічкі гарадок, дзе няма нават вуліц.
Самалёт робіць круг над зямлёй беларусаў, і мы у дваццатым стагоддзі, пра якое ўсе мы ведаем значна больш, чым пра далёкую мінуўшчыну.
А хіба нецікава адправіцца на экскурсію па сённяшняй Беларусі? Што ж, для гэтага ёсць і сучасныя зусім не казачныя віды транспарту. Кожны маршрут прыносіць свае радасці.
Кілім-самалёт створаны фантазіяй пісьменніка ў якасці мастацкага прыёму, каб найлепш расказаць нам пра гісторыю беларускай зямлі. Разлічваць на падарожжа ў такой машыне мы, вядома, не можам. Але кожнаму даступна экскурсія па старонках таленавітага нарыса Віталя Вольскага «Падарожжа па краіне беларусаў».
Гэткія ж карысныя і цікавыя будуць падарожжы па старонках краязнаўчых нарысаў «У лясах над Бярозай», «Чайкі над Нараччу», «На сініх азёрах». Лясы над Бярозай – гэта перш за ўсё славуты запаведнік на плошчы ў семдзесят тысяч гектараў. Багністыя, непраходныя балоты і рэчкі, некранутыя лясы запаведніка з’яўляюцца надзейным прытулкам для рэдкіх і каштоўных звяроў, разнастайнага птаства. Ёсць тут шмат ласёў, мядзведзяў, дзікоў, ёсць рысі, касулі, выдры, куніцы, гарнастаі, з незапомных часоў у натуральных умовах жывуць у запаведніку бабры.
У памочнікі сабе пісьменнік бярэ егера Аляшкевіча, і ўдвух яны адказваюць на кожнае пытанне, якое цікавіць экскурсію.
Настойлівасць і нястомнасць экскурсавода проста здзіўляе. Пад праліўным дажджом па хісткім насціле праз балота ідзе пісьменнік следам за лесніком Аўтушкам, каб наведаць бабровую хатку.
У наступны раз Віталь Вольскі высачыў бабра, бачыў, як асцярожны звярок вылез з вады і падсілкаваўся карой маладой асіны, затым заняўся сваім туалетам, паплаваў у канале і знік у зарасніках рагозу. Было гэта ўлетку, калі бабры не займаюцца будаўнічымі работамі. Давялося пісьменніку яшчэ раз прыехаць сюды, каб паглядзець, як рачныя дойліды валяць дрэвы, будуюць хаткі, абжываюць іх. Гаспадар нарыхтоўвае ўсе патрэбныя матэрыялы, гаспадыня дае ім належны лад, абмазвае сцены, як сапраўдная тынкоўшчыца. А тады, не чакаючы спецыяльнага запрашэння, прыходзіць з самымі найлепшымі намерамі выдра. Даволі часта яна застаецца жыць у бабровай хатцы ў якасці кватаранткі. Ніжні паверх застаецца бабрам, верхні займае выдра, і жывуць яны ў згодзе. Падгадаваўшы дзяцей у чужой кватэры ці ў сваёй уласнай нары, выдра кідае абжытае месца і па-цыганску бадзяецца па наваколлі ў пошуках новых выгод. Хто хоць раз бачыў такое, той абавязкова захоча вярнуцца сюды для новых назіранняў. У наступны раз можа пашанцуе, і ты ўгледзіш рэдкую з’яву: на бабровую хатку ўзбіраецца воўк, каб разбурыць яе і паласавацца тлустым мясам гаспадароў. Але дарэмны намаганні драпежніка: ні зубам яго, ні лапам рачная цытадэль не паддаецца.
Услед за пісьменнікам вы, напэўна, захочаце наведаць і ласіную ферму. Калі ласка, работнікі запаведніка пакажуць вам прыручаных ласёў, падзеляцца сваімі планамі.
«Прыручылі ж людзі ў свой час і аленя ў паўночнай тундры, і доўгавалосага яка ў высакагорных раёнах Кіргізіі, і буйвала ў Закаўказзі… Есць падставы меркаваць, што і прыручэнне лася, блізкага сваяка аленя, мае ў нашых умовах пэўныя перспектывы».
Хто не ведае звычайнага белага бусла? А да яго чорнага ляснога родзіча, дзікуна, не кожны і дабярэцца праз глухую беларускую тайгу і забалочаныя нізіны, пакрытыя густым хмызняком. Віталь Вольскі дабраўся і расказаў нам і пра зялёнае мора, дзе нават паветра ў прасветах паміж дрэў здаецца зеленаватым, і пра гняздо чорнага бусла на суку старога дуба, і пра самога птаха, ад якога ў сонечны дзень не адарвеш вачэй. Так пераплятаюцца краязнаўства і паэзія, рэальнасць беларускай прыроды і яе мастацкае адлюстраванне ў творчасці пісьменніка-следапыта.
З некаторага часу над Свіслаччу, амаль у самым цэнтры Мінска, каля плошчы Перамогі, пачалі з’яўляцца чайкі. Адкуль яны? Якія ў іх звычкі? Карысныя гэта птушкі ці шкодныя? Пісьменніку параілі: «Вам трэба паехаць на возера Нарач… Калі не на Нарач, то на Мядзель. Нарэшце вы можаце пабываць і на Мястры. Гэта азёры-суседзі». I Віталь Вольскі едзе на паляванне без стрэльбы. Трафей – новая кніга, сама назва якой гаворыць пра яе змест,– «Чайкі над Нараччу». Але ці ж толькі пра чаек расказаў нам аўтар? А крыніцы з серабрыстай сцюдзёнай вадою, якая вясёлымі ручайкамі спяшаецца ў Нарач? А назіранні за палявым лунём, якога людзі паважаюць за яго паляванні на мышэй-палёвак? А паляванне мясцовых людзей на балотнага луня, якога можна і трэба страляць за яго разбойны характар? Чайкі чайкамі, хоць і яны бываюць розныя. Прачытайце нарыс Віталя Вольскага, і вы таксама навучыцеся самастойна адрозніваць: «Вось гэта – звычайная рачная чайка… Гэта – малая чайка, гэта – шызая чайка, а вось гэта – клуша». Адны з’яўляюцца мясцовымі жыхарамі, другія прылятаюць з берагоў Балтыкі.
Суседзі ў белакрылых прыгажунь таксама вартыя ўвагі. Вы не пашкадуеце, калі разам з пісьменнікам будзеце шукаць гняздо сокала-пустальгі. Пакуль дойдзеце, то ўволю нацешыцеся меладычным свістам івалгі, марзянкай дзятла, пераклічкай берасцянак, журботнымі скаргамі дзікіх лясных галубоў. А вось і пустальга-маці, «прыгожая птушка, лёгкая і зграбная, як і ўсе сокалы». Яна кідае ў гняздо палёўку і ляціць па новую здабычу, а мы тым часам прыглядаемся да сакалянят і не можам не згадзіцца з трапнай характарыстыкай, якую даў ім пісьменнік: «Выраз вачэй у сакаляняці непрыемны, нібы ў старога скнары. Я гляджу на яго і смяюся: вельмі ўжо яно нагадвае нейкага банкіра, ліхвяра з карыкатурнага плаката – і лысая галава з рэдкім белым пухам, і худая маршчыністая шыя, і дзюба, падобная на кручкаваты нос, дапаўняюць знаёмыя шаржыраваныя вобразы фінансавых драпежнікаў капіталістычнага свету. Хіба толькі традыцыйнага цыліндра не хапае для поўнага ўражання». З такой жа мастацкай дасканаласцю выпісаны і партрэты падводных жыхароў Нарачы, ад жорсткага драпежніка-шчупака да мірнага вандроўніка-непаседы вугра.
Куды б ні прыехаў Віталь Вольскі, ён усюды заводзіць шматлікія знаёмствы з такімі ж аматарамі роднай прыроды, якія робяцца яго добрымі сябрамі і актыўнымі памочнікамі. У Бярэзінскім запаведніку яго ведаюць усе леснікі, егеры, на Нарачы ён жаданы госць у рыбакоў, у Белавежскай пушчы любы з навуковых работнікаў ахвотна згодзіцца паказаць пісьменніку сваіх падшэфных зуброў, аленяў, падзяліцца назіраннямі. Пра гэтых людзей у нарысах расказана столькі цікавага, што і чытач пачынае лічыць іх знаёмымі незнаёмцамі, вартымі прапіскі ў сваім удзячным сэрцы. Дзякуючы ім і іх сябру-пісьменніку пазнаём і мы з вамі тое, аб чым Віталь Вольскі з шчырым захапленнем піша: «Які цудоўны свет і якая прыгожая наша краіна!»
Якаў Герцовіч