Ядвігін Ш. — Суд

Ядвігін Ш

  Эх, браточкі, кепска стала жыць на свеце, калі ўжо за курыцу сусед суседу анэгдысь1 калом галаву пашчапаў, ды пасля за гэтую самую курыцу (ведама, спусціўшы адзін другому юху) будуць цягацца па следавацелях ды па судах. А што за шкоду зрабіла курыца? От, вырвала на гародзе бурачкоў на пядзі тры. А ім, гэтым задзіракам, колькі гэта курыца будзе каштаваць? Цэлага падцёлка, калі не больш! Няма цяпер памеж маладых дабра.
 А вось паслухайце вы, якія ў нас даўней былі суды. Нябожчык Янка (вечны пакой яго душы), «махляром» што звалі, забраў са свайго аўса двох быкоў Рыгора Канцавога; праўда, аўса з’есці – мала з’елі, але шмат стратавалі, дома пагадзіцца – не пагадзіліся, напісаў пахтар2 прашэнне, і пайшло ў суд.
 Цешыўся і я з гэтага, бо ўжо колькі часу, як і на маіх шнурах пасля ночы атава была стратавана – не іначай – як гэта работа Рыгоравых Лысага і Падласага! Але, не злавіўшы за руку, не кажы, што злодзей. Шмат было гутаркі аб гэтых быках у вёсцы, толькі мне Сталючонак падшапнуў, што, як уночы хадзіў на рунь пільнаваць зайца, бачыў на маёй атаве кабылу ўдавы Габрэліхі. Эге, думаю сабе, недачаканне: злаўлю і я.
 Павячэраўшы, зараз абуў лапці, насунуў кажух дый ціхенька шусць праз сенцы на гумнішча, гоцнуў праз плот ды борздзенька на мяжу і бух!.. Ляжу… чакаю…
 Толькі першыя пеўні прапяялі, як чую: едзе нехта на маю атаўку. Мусіць, і адной малітвы не паспеў бы чалавек прагаварыць, ходзіць ужо Габрэліхі кабылка па маёй атаве і хрумшчыць, аж пена ідзе, а за аброць трымае ды водзіць сама Габрэліха. Здуру пагарачыўся я і, не пачакаўшы, каб бліжэй мяжы падышлі яны, крыкнуў, скокнуў да кабылы. Але і Габрэліха, каб яе паралюш, спрытна была кабеціна: як бач на кабылу ды ўскочку наўцёкі. Гнаўся я, гнаўся, але па ночы куды там!.. Назаўтра, чуць свет, узяў я старасту, двох панятых, і следам якраз давялі. Прызналася і Габрэліха, але заплаціць за шкоду не хацела. Падаў я на суд.
 Праз якіх два тыдні прыходзяць нам павесткі: і Рыгору з Янкам, і мне з Габрэліхай – усім на адзін дзень. Паехалі. Міравы суддзя быў у нашым участку немец, і надта цяжка было з ім разгаварыцца, мала нашай гутаркі ён разумеў, а мы яго яшчэ менш.
 Выклікае насамперад Янку з Рыгорам і пытае:
 – Ну, как біль?
 – Не, кажуць, – ваша скародзе, далібог, мы не біліся…
 – Балван, – закрычаў суддзя, – я спрашываю, какой патрава?
 – Не, – кажа Янка, – не па траве, а па аўсе, ваша скародзе, хадзілі Рыгоравы быкі.
 – Какой бік?
 – Лысы і Падласы, ваша скародзе.
 – Болван, мошэннік! – яшчэ горш закрычаў суддзя. – В прошэні кафаріт воль, а теперь – бік! Сам не знаеш, хто імел потрава! Ідіте дамой! Мне время нет! Дело кончено!
 Выйшлі Рыгор з Янкам, а я стаю і дрыжу: не іначай як пахтар наплутаў у прашэнні і замест быкоў упісаў валоў. Ах, каб яго ліха! А калі і ў маім прашэнні змяніў ды замест кабылы напісаў каня? Стаю, дрыжу і языка ў губе забыўся. Стаю, шапчу, каб не збіцца з панталыку: «Кабыла, кабыла, кабы…» А тут якраз кліча мяне з Габрэліхай! Выйшаў я… стаю… дрыжаць калены (першы раз на суд папаў), бачу – і Габрэліха збялеўшы стаіць. «Кабыла, кабыла, кабы…» – шапчу я, аж тут трах! Міравы і пытае:
 – Ну, как?
 – Кабыла, – кажу, – ваша скародзе.
 – Как кабыла, кто?
 – Габрэліха – ваша скародзе.
 Але ўжо ані вочы мае не бачаць, ані вушы не чуюць… стаю… дрыжу… як праз туман бачу – суддзя смяецца дый зноў пытае:
 – Кто кабыла? Кто?
 – Удава, Габрэліха, ваша скародзе! – Але ў вачах неяк весялей мне робіцца; мусіць, справу выйграю, бо суддзя замест гневу смяецца ды ізноў да нас:
 – Ну вот і карашо, ты, – кажа, – хоць і мужчына, но маленькі, а она хоць і баба, но, правда, большая кабыла. Так вы лучше так… без суда. Зачем суд? Помертесь!
 Глянуў я на Габрэліху, зірнула яна на мяне. Стаім, чакаем, што будзе.
 – Но, ідіте, – кажа, – в корідор – помертесь! На то соседі – зачем суд?
 Выйшлі мы ў калідор. Глянуў я на Габрэліху дый думаю сабе:
 «Кепска будзе. Хоць віна і яе, але як прыйдзецца да меры, дык рады не дам – баба рослая!»
 Сталі мы гэтак бокам. Узняўся я на цыпачкі, і так на корх не хапае. Габрэліха, каб ёй дна не было, дагледзела гэтую штуку дый кажа:
 – Не, суседзе, гэта не мера. Калі суддзя сказалі памерыцца, дык трэба памерыцца як мае быць. Суддзя лепш ведае, што і як трэба да справы. Давай плячыма станем.
 Як сталі плячыма, а баба яшчэ ўчапілася за маю бравэрку ды цісне ўніз, каб на цыпачкі не ўзняўся, – дык куды там! Бадай не на ўсю галаву ніжэй я росту. Уздыхнуў я, але што ж зробіш – воля Божа! Вярнуліся ў камеру, а тут суддзя і пытае:
 – Ну, как?
 – Памерыліся, – кажам, – ваша скародзе!
 – Вот і хорошо! Ідіте, – кажа, – з Богам домой, дело кончено, я ошень рад!
 Выйшлі мы. Толькі… але што там валаводзіць? Хочаце ведаць, які канец? Думаеце, што зараз, як цяпер вы, маладыя, зараз у з’езд, у палату, у Пецярбург? Ані думаць! Да Бэркі трапілі і Рыгор з Янкам, і я з Габрэліхай. Што і як там было?.. Ат, было як было, але з таго часу не ездзілі на суд.

1. Анэгдысь – аднаго разу, аднойчы; некалі.
2. Пахтар, пактар – чалавек, які выступае неафіцыйным пасрэднікам; тут – пісец.

 

Крыніца: Ядвігін Ш. Выбраныя творы Мінск: Мастацкая літаратура, 2006. – 293 с

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений