Якуб Колас — Думкі ў дарозе

Якуб Колас

  Грыміць па карэннях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы, мігаюцца, пахіліўшыся, абросшым мохам хваёвыя крыжы паабапал дарогі; бягуць лясы, гаі, мяняюцца палі, грамадзяцца горы, рассцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэкі, золатам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі зялёнымі ямамі раскідаюцца балоты… I куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?
 А неба! Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку, на жывых і нежывых, на нашу бедную зямлю, на зямлю, залітую крывёю і горкімі слязьмі сіраты-народа.
 Далёкае неба, сіняе неба! Чаму не дасі адказу на нашу пакуту, на нашы надзеі, на нашы блуканні? Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? <…>
 Далёкае неба! Сіняе неба! Што ёсць на свеце дзіўнейшае, як ты? Высокае сонца, белыя хмаркі, як пух, плывуць і плывуць адна за адною, родзяцца, прападаюць, сплываюцца ў цёмную хмару, звісаюць над полем і лесам, блішчуць маланкамі, трасуцца громам, разліваюцца чыстымі халоднымі кроплямі і шчыра льюцца на зямлю.
 Далёкае неба! Сіняе неба! Як ціха на небе ўночы! Срэбраны месячык, то круглы, то вузкі, як серп, як хораша свеціць над чорнай цемрай, што густа засцілае белы свет! А далёкія зорачкі! Як добра ў ціхую ночку! <… >
 А дарога мая чуць віднаю шэраю ніткаю ідзе ўсё далей і далей, круціцца, абвіваецца наўкруг курганоў, узбягае на горы, спускаецца ў лагчыны, прападае ў лесе пад жывою страхою высокіх хвой і ялін; трасе цялежка, падкідае па калдобінах, усё роўна як хоча яна выкінуць мяне пасярод дарогі. Зноў пайшла раўней мая дарога, зноў вачам адкрываюцца новыя абразы свету, іншыя галасы чуе маё вуха, іншыя думкі родзяцца ў маім сэрцы. Куды ты нясеш мяне, няведамая дарога? <…>

1909

Адказы на пытанні:
 1. Твор наводзіць на роздум аб сэнсе жыцця, таямніцы будучыні. Выклікае лірычныя, філасофскія пачуцці і развагі.
 2. Гэты твор па сваім гучанні, па інтанацыі, па эмацыянальнай усхваляванасці, па рытмічнасці мовы набліжаны да верша.
 3. "I куды ты нясеш мяне, няведамая дарога? А неба! Далёкае, няведамае, сіняе неба!"
 "Далёкае неба, сіняе неба! Чаму не дасі адказу на нашу пакуту, на нашы надзеі, на нашы блуканні? Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца?"
 "Далёкае неба! Сіняе неба! Што ёсць на свеце дзіўнейшае, як ты?"
 "Далёкае неба! Сіняе неба! Як ціха на небе ўночы! Срэбраны месячык, то круглы, то вузкі, як серп, як хораша свеціць над чорнай цемрай, што густа засцілае белы свет! А далёкія зорачкі! Як добра ў ціхую ночку!"
 "Куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?"
 4. Твор невялікі па памерах і падзелены на абзацы такім чынам, што нагадвае слупкі ў звычайным вершы. Многія сказы ўнутры дзеляцца коскамі на кароткія, прыкладна роўныя часткі, што нагадвае вершаваныя радкі: "Грыміць па карэннях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы, мігаюцца, пахіліўшыся, абросшым мохам хваёвыя крыжы паабапал дарогі; бягуць лясы, гаі, мяняюцца палі, грамаздзяцца горы, рассцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэкі, золатам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі зялёнымі ямамі раскідаюцца балоты…"
 Асобныя сказы маюць на канцы клічнікі і пытальнікі: "Далёкае неба! Сіняе неба! Што ёсць на свеце дзіўнейшае, як ты?…"
 5. Гэты твор нельга назваць празаічным апавяданнем яшчэ і таму, што ў ім адсутнічае звыклы нам падзейны сюжэт. Ён заменены пачуццямі героя і пададзены ў форме маналогу. Няма ў гэтым творы і вобразаў-персанажаў.
 6. У гэтым творы, як і ў класічных вершах, сродкі мастацкай выразнасці робяць твор напоўненым моцнымі ўражаннямі і перажываннямі, а яго мову – эмацыянальнай, нават рытмічнай. Адухаўленні: дарога нясе героя ў няведамыя далі; параўнанні: срэбны месячык, як серп; рытарычныя пытанні: куды вядзеші – да дарогі; кантрасныя супрацьпастаўленні: хаты – палацы.
 7. "Думкі ў дарозе" – верш у прозе. Жанр – лірычны верш ў прозе, тэма – разважанні аб сэнсе жыцця.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений