Увага! Поўны змест
Гулялі па полі два маразы, два родныя браты, мароз Сіні-нос і мароз Чырвоны-нос.
Свабодна гулялі яны на волі, нікога не баючыся, на усіх наганяючы страх. Месяц свяціў у ночы высока ў небе, тысячы зорак гарэлі сваімі сінімі, чырвонымі агнямі, дрыжалі, пераліваліся. А на зямлі блішчалі на месяцы мільёны сняжынак. Адны толькі маразы і цешыліся хараством яснае зімняе ночы, гулялі, пераклікаліся. перабягалі з дрэва на дрэва, з даху на дах, с плота на плот, стукалі, як малаткамі, глядзелі, ці крэпка пароблены масты на вазёрах і рэках, ці шчыльна зачынены хаты. На усё глядзелі яны, усюды яны заходзілі. I хвалілі браты маразы самі сябе, называлі адзін аднаго царамі.
Настаў дзень, заварушыліся людзі. Дым с комінаў падняўся стаўбамі, заскрыпелі студні. Трэба мужыку ехаць у лес па дровы, у зарабаткі, у млын… Ці мала куды трэба чалавеку? Нацягнуў мужык суконныя порткі, навярцеў на ногі суконкі, на суконкі — анучы і крэпка ўшнураваў ногі аборкамі лапцей. А на сябе апрануў кажух, на кажух нацягнуў яшчэ армяк, насунуў глыбей на вушы шапку, узяў рукавіцы, сякеру і, запрогшы коніка, паехаў у лес.
Цэлые абозы хурманак пацягнуліся па дарогах. Скрыпяць сані. валіць пар ад коней, звіняць званочкі над панскімі дугамі.
Вось і задумалі маразы Сіні-нос і Чырвоны-нос пагуляць, распраставаць халодныя плечы. пажартаваць і задаць страху смельчакам, што не пабаяліся на мароз свой нос паказаць.
I пабег адзін мароз, Сіні-нос, даганяць панскі вазок, а другі за мужыком пагнаўся. Цёпла апрануўся пан, закруціўся ў футра, схаваў ногі у валёнкі ды накрыў іх яшчэ з верху мядзьвежаю скураю. Дагнаў яго мароз Сіні-нос, хоць і доўга гнаўся за ім, залез пану пад футра і давай шчыпаць панскую асобу. Пацяшаецца пан, крычыць на хурмана, каб скарэй паганяў коні. Дружна бягуць коні, мерзнуць панскія ногі, абрастае каўнер футра белым снегам, пабялелі і вусы, і барада. Ледзь даехаў пан у свае цёплыя пакоі.
— Нех яго д’яблі з марозам, — вылаяў пан мароза, прыехаўшы да дому, а мароз Сіні-нoc толькі смяецца і пабег валтузіць другіх ездакоў.
Не так пашанцавала марозу Чырвонаму-носу. Не так та лёгка было справіцца з мужыком, хоць і не было на ім ні футры, ні мяккіх валёнкаў. Дагнаў яго мароз скора, вярсту за ім бег, ня болей, і давай сціскаць мужыцкія косці.
— Ось, каб ты згарэла! — вылаяўся мужык і злез з воза. Крыкнуў ён, свіснуў на коніка, бяжыць рыссю дробнаю конік, а мужык за ім бяжыць. тупае нагамі, падскоквае, лупіць рукамі аб плечы. Аж у пот кінула мароза, ледзь уцёк ён з мужыцкага лапця. Нагрэўся мужык. узлез на воз, накладвае ў люльку тутун і забыўся, што і мароз ёсць на свеце.
— Стой, брат, дабяруся ж такі я да цябе у лесе, думае мароз Чырвоны-нос. Кінуў ён мужыка, апярэдзіў яго, забег у лес, сеў там над елку і чакае мужыка. Вось і мужык прыехаў. Спыніў ён каня, павесіў яму на галаву торбу с сечкаю. Покі мужык вешаў каню торбу і прыбіраў сані, мароз асмеліўся, вылез с над елкі і ўжо памкнуўся да мужыка, а як убачыў у руках яго сякеру — назад бегам пад елку. Сядзіць пад елкаю мароз Чырвоны-нос, сядзіць ды думае, як да мужыка прыступіцца. А мужык, узяўшы сякеру, давай галлё церабіць. Аж горача яму зрабілася; скінуў ён армяк і кажух, і шапку ссунуў са лба на патыліцу. Мароза злосць пачынала разбіраць: мужык проста такі смяяўся з яго! І вот шчаслівая думка прыйшла у галаву марозу, аж павесялеў ён. Скраўся ён і сеў на цёплы мужыцкі кажух, залез у рукавы і за каўнер, сядзіць і смяецца з мужыка.
— Вось. брат, будзе табе гасцінец, думае сам сабе мароз і разлёгся на кажусе, як у сваёй хаце, і давай затыкаць шэрсць на кажусе белымі ніцямі. I скора кажух зрабіўся белы, як снег. Скончыў мужык сваю работу, сабраўся ўжо дадому ехаць. Ідзе ён браць кажух.
— Эгэ, браце, як ты прымайстраваўся тут, — сказаў мужык, на пабялеўшы кажух глянуўшы, — ці не думаеш ты зімаваць тут?
Узяў мужык кажух у адну руку, у другую пугаўё і давай палоць белыя ніці мароза.
Аж у жар кінула мароза. Кідаўся ён і туды, і сюды. А мужык яго трэпле ды прыгаворвае:
— Ось як у мяне! ось як у мяне! Кажух мой! кажух мой!
Выскачыў мароз ды драла.
I с таго часу мароз не мае на мужыка вока аж дагэтуль.