Якуб Колас – Ластаўкі

Якуб Колас

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Прыляцела, ластаўка з далёкага выраю. Села яна на страху старога гумна і зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім двары мілым шчэбетам. Уляцела яна ў гумно, даведалася свайго даўнейшага леташняга доміка. А ён за зіму абсыпаўся, абвіс павуціннем: толькі камячок гразі трымаўся каля сахі, на каторую апіралася страха гумна. Туды прыляцела і другая ластаўка. Пашчабяталі яны ўдзвёх, парадзіліся і давай папраўляць сваю хатку, ачысцілі яны яе ад пылу і павуціны. Кожны дзень па некалькі разоў прыляталі яны ў гумно; насілі ў дзюбах клейкую гразь, замазвалі дзіркі і далей рабілі гняздзечка, каб яно было глыбейшае і большае. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі яны харошанькае, кругленькае гяяздзечка. Тады насілі яны пёрцы і высцілалі імі дно. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія, рабенькія яечкі.
 Праз тыдняў два з яечак выйшлі голенькія, маленькія птушачкі з жоўценькімі роцікамі. У тое гумно часта прыходзіў гаспадарскі сынок Пятрусь. Любіў ён, лёгшы на сене, пазіраць, як клапаціліся сгарыя ластаўкі, носячы корм для сваіх маленькіх дзетак. А маладзенькія ластавачкі садзіліся ў гняздзе ў рад і разяўлялі роцікі, як толькі прылятала да іх якая-небудзь старая ластаўка. Старыя клалі корм кожнай па чарзе. Пятрусь любіў на гэта пазіраць і, лежачы, ціха сам сабе смяяўся.
 У Петруся быў сябра, сын суседа, яго равеснік Антось. Завяліся неяк за незашта хлопцы. Хітры і нягодны Антось, каб зрабіць злое Петрусю, прыйшоў раз у гумно, як не было Петруся там, і спароў тычынаю гняздо, а сам уцёк. Бедныя, нявінныя птушачкі паскідаліся на сена. Жаласна зачырыкалі старыя ластаўкі, біліся, ляталі, кружыліся над беднымі сваімі дзеткамі. Пачуў Пятрусь іх трывожны крык і кулём кінуўся ў гумно. «Кот, мусіць!» – падумаў Пятрусь і ўзяў аскабалак, каб пачаставаць ласуна, шэрага ката. А як забілася яго сэрца, як убачыў ён, што гнязда не было! Старыя ластаўкі кружыліся каля самага Петруся, усё роўна як прасілі ў яго помачы. Шкада было Петрусю маленькіх птушачак. Сядзелі яны, бедныя, у куточку і разяўляліся. Доўга думаў добры Пятрусь, як памагчы няшчасным дзеткам-ластавачкам. Усіх было цэлых пяць…
 І вось што прыдумаў Пятрусь. Узлез ён на гумно, выдраў на самым валу ямку, абклаў яе пер’ем і збудаваў хітрае гняздзечка. Потым ён пабраў у шапку маленькіх ластавачак і палез з імі на гумно. А каб шапка не перашкаджала яму лезці, ён узяў яе ў зубы. Узлезшы, палажыў ластавачак у зробленае ім самім гняздзечка. Старыя ластаўкі лёталі над Петрусём; яны не ведалі, што будзе рабіць з іх дзеткамі дабрадзей іх, Пятрусь. Паклаўшы ластавачак, Пятрусь злез з гумна і адышоўся, каб не баяліся яго старыя ластаўкі. Убачыўшы, што іх дзеткі ўсе, і ўсе жывы, старыя весела зашчабяталі і паляцелі лавіць мошак на полудзень для сваіх дзетак, А маленькім птушачкам тут было зусім добра, не горш нават, як у гумне. Па некалькі разоў у дзень лазіў Пятрусь на гумно паглядзець, як маюцца ластавачкі. А яны борзда раслі і харашэлі.
 Як толькі падымалася хмара, збіраўся дождж, Пятрусь кідаў работу, лазіў на гумно і накрываў гняздзечка разам з ластавачкамі, каб не нацякло туды вады. У Петруся бацька быў добры і не крычаў на яго за тое, што ён парасцягаў трохі на страсе салому, лазячы да сваіх птушачак. Толькі часам пасмяецца з яго і скажа яму: «Эх ты, ластаўчын бацька». Але Пятрусь за гэта не гневаўся і не сердаваў.
 Старыя ластаўкі перасталі палохацца Петруся, бо ведалі, што не зробіць злога ім і іх дзецям. У харошую пагоду маладыя ластаўкі вылазілі з гнязда і ўвесь дзень сядзелі на сонцы, а на ноч зноў хаваліся ў гняздо, зробленае Петрусём.
 Прайшло тыдняў два. Узлезшы на гумно, Пятрусь узяў у руку маладую ластавачку і павагаў яе. Махнула яна крыльцамі, фуркнула і паляцела, а за ёю пападымаліся і ўзняліся і другія. Рад быў Пятрусь, што лётаюць яго ластавачкі (ён называў іх сваімі). Вось яны палёталі, пакружыліся і зноў прыляцелі на гумно. А дзянькоў праз два яны ўжо лёталі разам са старымі і самі шукалі сабе пажывы. Вось як Пятрусь даў шчасце добрым нашым прыяцелям – ластаўкам.

Сказать спасибо
( 9 оценок, среднее 3.67 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений