Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Жнучы, яна стамлялася з кожным днём усё больш. Гарачую задуху цяжка было адмахнуць ад знямоглых грудзей нават самай вялікай, самай каласістай жменяй. А рабіць трэба было, хоць і свету не бачыш… І яна жала, нікому нічога не кажучы.
Увечары, вяртаючыся дахаты са сваім наймалодшым, у тое страшнае лета адзіным у хаце сынам, старая ледзь перастаўляла ногі, натруджаныя гадамі бязлітаснай працы. Паблеклыя вочы яе глядзелі на свет з-пад нізка насунутай хусткі, здаецца, зусім абыякава.
Аднак яны бачылі многа.
Вось, нечакана спыніўшыся, маці азірнулася на свайго хлопца, які, таксама з сярпом на плячы, пачціва ішоў ззаду, запавальняючы хаду, па-пастушынаму «клюючы» салодкі жытні каласок.
– Глядзі, Васіль, як ён упяўся… Эх! Трымайся, нябога, стой!
Сын перастаў на момант «кляваць», зірнуў у той бок, куды яна паказвала. За вялізнай узорнай дзяругай цераспалосіцы, недзе далёка-далёка за ўзгоркам патухала зара, а зусім блізка ад мяжы, па якой яны ішлі, стаяў пахілы мэндлік жыта. Уранні па нівах, з гары ў даліну, прайшоўся нізам вецер і панасоўваў мэндлікам шапкі на самыя вочы. Мала таго, каторы слабей пастаўлены, дык і ўсяго яго ці нахіліў, ці нават абярнуў зусім. Той, на які паказвала маці, нахілены ўсімі снапамі ўдагон ранішняму ветру, што быў ужо на другім канцы свету, – той не хацеў упасці. І старая жняя ўсміхнулася, гледзячы на яго амаль таксама ўлюбёна ў жыццё, як у тыя гады, калі яна была парабчанкай у панскім двары і не ведала стомы, бегаючы вакол чужога шчасця.
Калі мяжа ўперлася ў гасцінец, маці з сынам павярнулі ўлева.
Па сцежцы на траве абочыны пайшлі таксама: яна – спераду, ён – ззаду.
Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы.
Прагудзе адзін, пасля ідзеш, пасля зноў стаіць ды гудзе, нібы нешта жывое, – так сумна, нават злавесна, усцішна мармычучы.
На адным слупе, ужо недалёка ад павароту на іхні хутар, старая заўважыла белую плямку паперы – на ўзроўні вачэй. Прайшла міма: няма калі думаць пра ўсё… Потым спынілася. Сказаць сыну, каб зірнуў, што гэта, – не паспела: ён ужо сам чытаў, кінуўшы каласок. Прачытаўшы, аддзёр паперку, парваў яе на кавалачкі і сыпануў імі, нібы жменяй мякіны, камусьці нябачнаму ў вочы.
– Што гэта?
– Каб не давалі есці байцам. Каб выдавалі іх паліцаям. Дадуць гарэлкі і тытуню.
– Няхай бы сабе вісела, сынок. Няўжо ж іх нехта паслухае?
– Будуць расстрэльваць тых, хто не паслухае. Усю сям’ю. І хату спаляць.
– На ўсё божая воля…
Яны пайшлі – зноў адно за адным і моўчкі. Дома, у сенцах старое хаты, яшчэ пры панах выкінутай з вёскі на хутар, маці ўваткнула свой серп у шчыліну над вушаком. Сын зрабіў тое самае. Яна паправіла аберуч хустку, зверху ўніз з прыціскам правяла рукамі па твары, нібы здымаючы стому з вачэй, і ўжо хацела сказаць, што вось толькі падоіць карову ды будуць вячэраць.
– Я пайду ў вёску, – апярэдзіў яе Васіль.
– Зноў! – больш спалохана, чым злосна, крыкнула яна. А потым перайшла на ласку: – Не ішоў бы ты лепш. Заўтра ж рана ўставаць.
– Ну што ж, і ўстану.
– Дык павячэраў бы хоць.
– Я скора прыйду.
– Ведаю я гэтае скора… Ой, находзішся ты! Давядзе цябе гэты Азароначак! Успомніш ты маё слова!..
– Нічога, маці. Спалохалася?
– Вось тады пасмяешся! Знайшоў чым гуляць! Па-твойму, я сляпая – нічога не бачу, або дурная – нічога не ведаю?
Ён падумаў, што больш не варта… Не, ён проста ўспыхнуў:
– Яшчэ чаго – будзе вучыць!
І пайшоў.
Зноў дай божа цярплівасць на ўсенькую ноч!..
Праз якую гадзіну старая хата ў шэрай, па-начному ўжо аднатоннай, чыстаполіцы стомлена патушыла агеньчыкі акон.
. . . . . . . . . . . . . .
Маці не спіць.
Каля гэтага хутара фронт – трагічны пачатак вайны – прайшоў, як нейкі раптоўны віхор, – і верхам, і нізам. Раўлі самалёты, ірваліся бомбы, грукаталі танкі, беглі па збожжы салдаты… Прайшоў гэты віхор і праз душу: ён нечакана вымеў з хаты абодвух старэйшых сыноў. Сцяпан толькі пазалетась, калі прыйшлі таварышы, вярнуўся з панскага астрога, прычакаўшы нарэшце таго, за што пакутаваў. Уладзік, самы старэйшы, гаспадар, змабілізованы панамі ўлетку трыццаць дзевятага года, толькі ў замаразкі прынёс асміну вошай з нямецкага лагера.
І вось пайшлі яе хлопцы зноў, цяпер ужо на ўсход. І не вяртаюцца, як іншыя… Не паспелі і ажаніцца, – так хутка праляцеў ён, гэты час іх доўгачаканай волі. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Сцяпан у сельсавеце сядзеў, старшынёю. А Васіль – гэты вучыўся дзве зімы ажно ў Наваградку…
Так, тых няма. Бог святы ведае, што будзе… А гэты, апошні, не хоча сядзець у хаце, шукае няшчасця. Дачакалася – нават не скажа, куды і чаго…
…Яны прыйшлі яшчэ зацямна. Старая не спала ад болю ў нагах, і асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Пакуль яна ўзняла з падушкі галаву, пакуль у гэтай сівой проставалосай галаве сто разоў перавярнулася думка – хто гэта? – і нават радасць – а можа? – пакуль яна ўстала, пачуўся амаль да шэпту прыглушаны голас:
– Хозяин!.. Хозяин, открой!..
Як вядзецца спрадвеку, яна спачатку прыткнулася лбом да шыбы, паглядзела. Потым выйшла ў сенцы, дрыжачымі рукамі выцягнула засаўку і адчыніла дзверы. Стала толькі зусім ясна тое, аб чым яна здагадалася адразу: гэта – яны, байцы…
Адзін з іх, – а колькі ўсіх было, не паспела заўважыць адразу ў матава-празрыстым паўзмроку дасвецця, – адзін падышоў да яе і ўсё яшчэ шэптам сказаў, нібы спытаўся:
– Мать? Ты нам хлебушка дай, родная… Ты не бойся: мы сразу же уйдём… Из лагеря бежали…
Шэры і гладкі тэлеграфны слуп са злавесным гудзеннем праплыў перад яе вачыма… З той самай паперкай, якую рваў яе хлопец… Мільганула думка, трывогай тузануўшы за сэрца: а ён яшчэ не вярнуўся!.. Белая пляма паперкі махнулася разам са слупам удаль і знікла. Застаўся толькі страшны няголены твар чалавека з вялікімі вачыма. Засталіся толькі яны – цяпер ужо добра відаць – учатырох.
– Заходзьце, хлопчыкі! Я вам хоць малачка… Хоць смагу прагнаць… Лямпу не будзем запальваць…
Апошняе яна сказала, пераступаючы парог.
. . . . . . . . . . . . . .
І на гасцінцы, і ў мястэчку, на ўсім – так добра знаёмым і якім жа кароткім цяпер – шляху ад роднай хаты да свежай ямы ў лапухах добрыя людзі бачылі яе пакутніцкі паход. І ўсім было зразумела, куды і завошта.
Чатыры босыя, у вайсковых лахманах мужчыны, з рукамі, скручанымі назад калючым дротам, па двух ішлі следам за ёю. Ёй фашысты зрабілі палёгку: не звязалі рук… Што ж, яны не баяліся яе нават так, як гэтых бяззбройных, знясіленых уцекачоў. Адзін з байцоў, яшчэ зусім хлапчук, нядаўна астрыжаны пад машынку, з усіх сіл намагаўся не ўпасці і, ззаду гледзячы на таварышаў, узнімаў, як і яны, галаву.
Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі яна трымала мазалямі да мазалёў. Шаптала свае, зусім новыя словы малітвы. І ў ранішнім святле роднага сонца ясным быў яе твар, хоць па маршчынах міжвольна каціліся слёзы. Яна і тут не думала пра сябе. Дзе ён, яе Васілёк, чаму не вярнуўся?.. Як добра, Божа ласкавы, што ён не прыйшоў, не прыбег нават і на пажар роднай хаты!.. Відаць, далёка ўжо недзе сынок, відаць, адкапалі-такі яны з Азаронкам свае кулямёты… Дзе яны, Уладзік і Сцяпан?.. Хавай іх, Божа, усіх трох ад куль, дай ім усім убачыць матчыну магілу!.. І тут душа яе вярталася да гэтых, да чужых сыноў, з якімі так моцна зрадніла доля… Яна чула іх крокі – шорганне босых ног па жвіры, чула і цяжкае дыханне… Яна аддала ім усё, што магла… А тут нават не азірнешся. І яна рабіла адно – яшчэ як мама вучыла – малілася. І за сваіх сыноў, і за чужых, і за сябе…
Горача дыхалі клыкастыя, дурныя зяпы аўчарак. Чорнай сталлю паблісквалі ў голых да локцяў, загарэлых руках аўтаматы. Час ад часу на ўзбоччы гудзелі тэлеграфныя слупы.
Маці не ведала, хто яна. Не думала аб тым, што не з адным толькі жахам глядзелі на іх паход сустрэчныя, – што вобраз яе засядзе ў сэрцы многіх мужчын горкім, няўмольным дакорам, што вочы і рукі яе ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх перад начной партызанскай атакай…
1957