Янка Купала — Сыны

Янка Купала

Сыноў бацька сваіх кліча

На параду ў хату,

А ўрачыста, як бы кліча

На якое свята.

I з павагаю пытае

Кожнага ў асобку,

Кім з іх кожны быці хоча,

Якім жыць заробкам.

*

– Бо, сыны мае, – так кажа,

Жывіцё ў краіне,

Чалавечая дзе праца

Намарна не гіне.

I сыны адказ трымалі

Перад бацькам родным,

А стараўся з іх быць кожны

Свайго бацькі годным.

*

Першы кажа: – Землі буду

Трактарам варочаць,

Каб рунелі, зелянелі,

Аж яснелі вочы.

Каб раслі ў рост чалавека

Жыта і пшаніца,

Каб аж госці к нам з-за свету

Ехалі дзівіцца.

*

Другі кажа: – На заводзе

Быць хачу даўно я,

Дзе чыгун ракою льецца,

Дзе звініць сталь звонам.

Будаваць буду дзень цэлы

Домны і мартэны,

Медзь і вугаль браць у дзела

Ад шахтаў падземных.

*

– Плаваць я пайду на мора, –

Сказаў гэтак трэці, –

Дзе «Чэлюскін» горда плаваў,

Дзе пурга, дзе вецер.

Ад халодных да гарачых

Мораў рэйс мой будзе.

Параход мой будзе грозна

Рэзаць хваляў грудзі.

*

Сын чацвёрты: – Хачу лётаць

Птушкаю крылатай,

Мераць неба ў самалёце

Над тваёю хатай.

Арлянём сябе ў сне бачу,

Не знаю спакою…

Хачу быць я, мой ты бацька,

Лётчыкам-героем.

*

– Байцом буду я чырвоным, –

Пяты кажа гэтак, –

Сцерагчы граніцы-межы

Краіны Саветаў,

Каб наш вораг пры нападзе

Сустрэнуў магілу.

Байцом буду, каб з мяне быў

Рад сам Варашылаў.

*

А сын шосты: – Складаць песні

Буду, колькі змогі,

Пра вялікія падзеі…

Сталінскай эпохі

Як працуем, як знішчаем

Здрадныя напасці,

Як будуем, як ствараем

Казачнае шчасце.

*

Так сыны адказ трымалі

З гонарам юначым,

Свае выказаці думкі

Не ўмелі іначай.

Бальшавік быў іхні бацька,

Пралетарый родам,

Зведаў сушы, зведаў моры,

Бітвы і паходы.

1935

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий