Украінская балада. XIX стагоддзе
Пецярбургская, чужая.
Дзякуй табе, ноча, —
У прыгоннага Тараса
Ты як дзень святочны.
Дзякуй табе, Летні садзе:
Пры тваёй спагадзе,
Дзень адбегаўшы для іншых,
Ноччу сам прысядзе.
Дзень — для іншых,
ноч — свая ўжо,
I ніхто не ўбачыць.
Людзі спяць, а ён малюе —
Як па краі плача.
I тады не ў Пецярбурзе
Ён — ва успамінах.
Дык прылашчы ж свайго сына,
Ненька-Украіна!
Яму трэба з шэрай ночы,
Што завецца белай.
Усе колеры вясёлкі
Здабываці ўмела.
Сіні — каб загаманіла
З ім па-свойску неба,
I зялёны — для усходаў —
Зноў жа ўспомніць трэба.
Жоўты — каб як на радзіме
Тут зацвіў сланечнік,
I чырвоны — кірмашовы,
I белы, канечне.
Розных колераў набрацца
Для хаціны чыстай,
Для шырокіх шаравараў
I плахты квяцістай.
I для босых ног сялянскіх,
Для раллі, для пашы;
I для рук, што і ў прыгоне
Так зямельку лашчаць.
I для фартушка знайсці ён
Спадзяванне мусіць,
Што надзею прыкрывае,
Як бяду, ў Катрусі.
Як сляпы Сцяпан-нявольнік
Плача, краю мілы!
Быццам сонца яму вочы
Там запарушыла.
Як навобмацак шукае
Шлях дамоў з чужыны…
Для малюнка нават слёзы
Ён знайсці павінен.
Слёз шукаць не трэба — з імі
Днюе і начуе:
Свае слёзы дасць Сцяпану,
Боль свой намалюе.
Гледачы, зірні, знайшліся
У яго тым часам,
Абступілі ўкруг скульптуры
Парабка Тараса.
Мастаку ж спяшацца трэба:
Дзень ідзе пракляты,
I ужо днее, днее, днее —
Скончылася свята.
Не, а усё-ткі тое свята
Перад ім, здаецца.
Ён яшчэ і памалюе,
Вольны нажывецца!
Людзі грошы ўжо збіраюць
Для волі ягонай —
Каб Шаўчэнку, каб Тараса
Выкупіць з прыгону.