Ён уцякаў з фашысцкай катавальні,
З сабою ўзяўшы толькі свае сны –
Свабоды покліч прагны, развітальны.
Наручнікі звінелі, як званы,
Здавалася, ўвесь свет яны разбудзяць, –
Як здраднікі, стараліся яны,
Выслужваліся, як ліхія людзі.
О, як ён ненавідзеў іх тады,
Глытаючы свабоду на ўсе грудзі!
А на губах – ужо быў смак вады,
I рукі пад жалезам так свярбелі,
I на расе – халодныя сляды…
А кайданы усё мацней звінелі.
I што ні крок – грымотны перазвон.
I кат ужо у звон у гэты цэліў…
Калі ж смяртэльна спатыкнуўся ён,
Зямля аж гулка загула, здаецца –
Такі стаяў на ўсёй планеце звон…
. . . . . . . . . . . . . .
Уцекача знайшлі праз годы дзеці –
Яго, што ў волю блізкую ўцякаў,
Ды не знайшоў яе і на тым свеце.
Наручнікі, што скінуць ён жадаў,
Нібы аўчаркі, упіліся ў злосці,
I рукі сціснула жалеза, нібы ўдаў.
Ды вызвалення ўсё чакалі косці,
Каб вольна ў травах рукі распластаць…
Гніе жалеза так марудна штосьці…
А рукі пад жалезам усё яшчэ свярбяць.