У вопратцы белай
Шырокай, даўгой
З вялікай пушыстай
Мятлой-барадой
Прыйшоў к нам здалёку
Дзядуля Мароз,
Завеі і холад
З сабою прынёс.
У бель апранае
Ён дрэвы, кусты,
На рэчках, азёрах
Будуе масты.
Па вуліцы ходзіць
Ды снегам хрушчыць,
Вятры з сабой водзіць,
У дровах трашчыць.
Ён грукае ў сцены
I хат і сяней
Ды голасам гулкім
Склікае дзяцей:
«Выходзьце, рабяты!
Час ладзіць каток.
Дык жыва ж за працу,
Шумлівы гурток!»
1921