Янка Журба — Ластаўкі

Янка Журба

У пуні калгаснай,
Дзе сена складалі,
Дзве ластаўкі месца
Сабе выбіралі.

А выбраўшы месца,
Гняздзечка ляпілі,
У дзюбачках гліну,
Саломку насілі.

Пушынкі і пер’е
Няслі ў сваю хатку,
Каб мякка і цёпла
Было птушаняткам.

Настаў адпачынак.
Пявунні прыселі,
Вясёлую песеньку
Гучна запелі.

З іх шчырай работы
Дзівіліся людзі:
«Утульная хатка
Тут ластаўкам будзе!»

Закончана праца,
Гатова гняздзечка;
З’явіліся скора
У гняздзечку яечкі.

I ластаўка-мамка
На яйках сядзела,
Дзень кожны і ноччу
Рупліва іх грэла.

Прыйшоў дзень шчаслівы
Для птушак у пуні,
Вялікай уцехі
Прыждалі пявунні:

У цёплым гняздзечку
Заціўкалі дзеткі,
I мушак прасілі
Сабе малалеткі.

I ластаўкі часта
Ім ежу насілі
I свежай вадою
Старанна паілі.

Прыйшоў час – і ластаўкі
Дзетак-пястушак
Вучылі ўжо лётаць,
Лавіць сабе мушак.

Вось выраслі дзеткі,
За лета ўзмацнелі,
Пад восень у вырай
Яны паляцелі.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений