Лётаюць, сыплюцца
Зоркі-сняжынкі –
Белыя, лёгкія,
Быццам пушынкі.
Роўна так сцелюцца
У вёсцы і ў полі,
Круцяцца, кружацца
Ціха, паволі.
Дзецям тут весела,
Хоць і марозна:
Цёпла за гульнямі,
Зімка не грозна.
Шумна забегаем
Тут удагонкі,
Гулка пакоціцца
Голас наш звонкі.
Жыва праложым тут
Новыя сцежкі,
Дружна наладзім мы
Гульні у снежкі.
Лётаюць, сыплюцца
Снежныя зоркі…
Будзем на саначках
Ездзіць мы з горкі.
1935