Янка Журба — Прыгонная душа

Янка Журба

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Старэнькая бабуля Аксана, што калісь маладой будучы была за няньку ў пана Сакалоўскага, выйшла на двор і села на прызбе.
 Стаяла вясна. Быў цёплы сонечны дзень. Вераб’і звонка шчабяталі на вярбіне, што схілілася над старой спарахнеўшай хатай, як бы падтрымваючы яе і не даючы саўсім зарыцца.
 Даўнейшая панская нянька, а цяпер адзінокая бабулька, грэлася на сонцы, падстаўляючы свае старыя плечы над гарачыя лучы. Твар яе быў увесь зморшчаны, падобны да печанага яблыка; валасы на галаве – сівыя.
 Закрываючы ад сонца рукой свае мутныя вочы, яна пазірала на хлопцаў і дзяўчат, што стаялі вакол яе.
 – Вы хочаце, каб я расказала вам аб прыгоне. А вы ж усяму, што раскажу вам, дасцё веры? Бо цяперашнія маладыя людзі нічаму не вераць, саўсім папсаваліся, – пачала бабуля сваё апавяданне. – Дык вось слухайце, калі ўжо дужа хочаце ведаць, як жылі ў нас у дварэ.
 Наш пан быў страшэнна сярдзіты. Ледзьве што якое бывала не так, крычыць: "На стайню! Усыпаць дваццаць розаг!"
 Помню, як ён памёр… Прывязлі тады да дзяцей немку. Я, гэта, увайшла ў каморку, гляджу, а немка нейкія іголкі рассыпала дый падбірае. "Што ты гэта тут, – кажу, – нямецкая морда, робіш? А?!!" Твар у яе якісь нядобры, і якійсь незразумелыя словы кажа мне. Я адразу пайшла да пані і ўсё расказала – і аб незразумелыя словы, і аб усё. А паня толькі смяецца. Ну і што ж вы думаеце? Праз два дні стары пан і захварэў. Колець яго з усіх бакоў. А я-то добра ведаю, што яго колець. Кажу пані: "Прымусьце чортаву немку, каб аддала гэтыя іголкі, ды ў ваду з сінім камянём іх палажыць, ды дайце вы гэтага сіняга камяня выпіць пану, дык у яго ўсё калаццё паверх іголкамі вылезе". Не, не дала веры! Вось і памёр. Ці ж паны дадуць веры? Колькі іх бачыла, – усе такія. Стану прыпамінаць іх, дык, можа, твараў з пяцьсот успомню, – і ўсе такія…
 Быў у нашых паноў кухар, адукаваны, трыста рублёў пан за яго заплаціў, сталага купіў. Дык кухар гэты быў гэткі благі для нас, што наўмысля нам у хлеб тараканаў запякаў. Плачам, а сказаць баімся, бо пан яго дужа любіў…
 …Хустачку паня наша вышывала два гады; чатыры анталажніцы іголкамі плялі; кожная свой ражок. Паня наша, на што казаць, вельмі разумная была. Ніколі дзяўчыну па правай руцэ не ўдарыць, дзеля таго, што ўсе мы ў яе анталажніцы былі; ну, а левую руку, бывала, сашчыпіць, ай, як сашчыпіць; у кожнай левая рука, як рэшата, шэранькая. У нас усе дзяўчаты крывабокія былі. З пяці гадкоў за кросенцы садзілі, – правае плячо ўверх, а левае ўніз: левай рукой знізу іголку падтыкаеш. У дзявочую каморку да нас любіў заходзіць паніч і жартаваць з дзяўчатамі, каторыя былі прыгажэй. Прыехаў раз з палкай, вывалак Кацярыну за косу ў спіжарню, клычыць яе дый крычыць: "Спявай мне, мая красуня, варшаўскія песні". Кацярыне было ўсяго шаснаццаць гадкоў – дурная, напужалася. А паніч блізка ўсю ноч трымаў яе ў спіжарні, змардаваў саўсім. На другі дзень была як атручаная; тры дні ў сябе не прыходзіла. Але каб толькі ж гэтым і скончылася, дык дзе там… А паніч што? Праз колькі дзён гэтаксама было і з Матрунай, дый з другімі. Паніч троху змяніўся толькі пасля свайго вяселля.
 …Сталі ў мяне, мае вы дзеткі, балець ногі, тады аддала мяне паня панічовай жонцы за нянькі. Добрая была маладая паня, кволая ўся. Усё на цыпачках хадзіла, як анёл. Тоненькая такая, як саломінка. А сам малады пан дужа сярдзіты быў, у бацьку ўдаўся. Як пачне каго біць, аж заходзіцца ўвесь. Але, мае вы кветачкі, да маладой пані нашай чужы пан хадзіў. I лісты ён пісаў. Лісты яна мне часам давала, бо непісьменная Я, сама не прачытаю і людзём не накажу. Дужа верыла мне. Вельмі яе любілі ўсе. Адна наша заступніца яна была. Бывала, за кожнага апошняга мужыка ў пана ў нагах поўзае. Вось раз нарыхтаваўся пан вечарам у госці. А лакей Навум і кажа мне: "Глядзі, нянька, я не я буду, калі сягоння дзесяці рублёў не зараблю". Паехалі. Да пані госць прыйшоў. Сядзяць яны ўдваіх, размаўляюць. А Навум, ад’ехаўшы колькі вёрст, і кажа пану – "Нам бы, паночак, цяпер дадому звяртацца, паглядзець бы як у нас вечары спраўляюцца". Вярнуўся пан звер зверам. Начынне ўсе перабіў. А госць патрапіў-такі неяк уцячы. Чую я з каморкі , як пан завінуўся. Ну, думаю, прыйшла наша гадзіна пакаянная. Пачакала троху, але ўзяла лісты паніны, пабегла да пана ды бразь у ногі. Супрошчу пана майго я вось нязгубніца. І – і, Божухна! Што тут толькі было!.. Пасля гэтага здарэння паня наша, анёл наш, і году не працягнула. Заеў ён яе гэтымі лістамі. А Навуму лоб абгаліў і ў салдаты аддаў. Колькі смеху было – хі-хі-хі! Вось табе і зарабіў дзесяць рублёў!
 Памёрла мая паня, светлая ты мая панечка, заступніца наша. Пэўне, і ў рай-то ўвайшла на цыпачках. Вось памру, мае дзеткі, і я цяпер, апрануць цела, маё ў апратку смяротную, паложаць у свежую яму на магільніку, а сама я ў рай пайду, І спаткае мяне там мая паня кволая і прад Богам заступніца. "Вось, – скажа, – Божухна, прыйшла нянька мая, Аксана, верная слуга мая, прыгонная душа. Дай ты ёй, Божухна, мейсцечка пад пазухай, каб яе душачка ў цяпле распарылася, у выгодзе пакачалася".

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений