Янка Золак — Ода маці

Янка Золак

Маме Ганне

 

Хвала табе, жанчына-Маці,
Хвала і мой зямны паклон!
Бо ты, каб даць жыццё дзіцяці,
Сваё жыццё кладзеш на кон.

Дзяцей ты песціш і гадуеш,
Каб іх людзьмі пусціць у свет,
Хоць мо’ не кожны з іх шануе
Цябе – жыцця зямнога цвет.

Быць можа, хтосьці з іх няўдзячны
Прынёс у косы твае снег;
Ад іх ты, часам, і паплачаш,
Але дзяцей не праклянеш.

Ты – жыццядайная крыніца,
Што жывіць нас із роду ў род.
Табою смела ганарыцца
I сем’янін твой і народ.

Не грэх тут будзе прыгадаці:
Табе пашану й Бог прынёс,
Бо праз цябе, людзкая Маці,
На свет прыйшоў Ісус Хрыстос.

Хвала-ж табе, руплівай Маці!
Я прад табой хілю чало.
Каб не магла жыцця ты даці, –
На свеце й нас-бы не было.

10 траўня 1969 г.
 

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений