Мой дух, узвіўшыся ў прасторы,
Да сонца, зораў і планет,
Глядзіць з вышынь на Божы свет
Істужкі рэк, грамады гораў.
I бачыць ён: як прывід-змора,
Блукае ў цемры з веку ў век
Сварлівы, злосны чалавек –
Каваль жыцця і дойлід гора.
Яму насустрач – яркі промень
Свідруе цемру, крышыць, ломіць,
Бы крохкае й сухое лісце.
Шточас імклівей ды іскрысцей
Ідзе магутным ледаломам
Жаданае вякамі Прыйсце.
3 лютага 1958 г.