Прабач, мой дружа, мой чытач,
Калі не гэтак што, як трэба.
Няўдач шмат болей, як удач,
Было ў мяне пад родным небам.
Быў рад, калі прыйшла у сад
Вясна, а з ёй садоўнік дбалы.
Быў рад, калі на новы лад
Зайгралі скрыпкі і цымбалы.
Святло ад сонца скрозь плыло,
Маёй не абмінала песні.
Было, калі яно ўзышло,
Святлей, цяплей, як напрадвесні.
Дужэў. Вясновы дзень даўжэў.
Я помню светлыя гадзіны.
Бліжэй за ўсіх і даражэй
Была ты мне, мая Радзіма.
З табой ішоў, ў табе знайшоў
Людзьмі нязведанае шчасце.
Ішоў і ўсё хацеў душой
Я да крыніц тваіх прыпасці.
Хацеў не проста для уцех…
Але павеяў вецер золкі,
I ўжо не смех, а зябкі снег
Засыпаў долы і узгоркі.
I тых тваіх крыніц святых
Я не згубіў і ў дзень завейны.
Не сціх звон сосен залатых,
I ў сэрцы голас твой напеўны.
Слатой зляцела тля з лістоў,
Прыйшоў дзень сонечны, уцешны,
Прынёс зямное хараство
I словы новай, гулкай песні.
1960