Пераможныя крылы «Нармандыі – Нёман»

Пераказы і дыктанты

  Кароткія радкі хронікі франтавых падзей, датаваныя 4 ліпеня 1944 года, сведчаць, што за перыяд з 23 чэрвеня па 4 ліпеня было здзейснена больш за пяцьдзясят пяць тысяч самалёта-вылетаў. Нават і сёння гэтыя кароткія радкі і строгія лічбы ўражваюць. За сем дзён чэрвеня і чатыры дні ліпеня ў неба над нашай зямлёй пяцьдзясят пяць тысяч разоў узляталі адважныя сокалы – па пяць тысяч кожны летні дзянёк, па гадзінах набліжаючы светлы дзень вызвалення. I кожны салдат, кожны мірны жыхар, убачыўшы чырвоныя зоркі на крылах самалётаў, уплятаў у грозны гул радасны вокліч: «Нашы! Нашы імчаць!»
 I далёка не кожны ў тыя гарачыя і крывавыя дні і ночы лета сорак чацвёртага ведаў, што там, у вышыні, у самалётах, што нясуць вызваленне беларускаму краю ад фашысцкай навалы, гучыць і французская мова. I, мабыць, пачуўшы яе ў сваіх шлемафонах, здзіўленыя фашысцкія лётчыкі на нейкі міг гублялі духоўную раўнавагу, разгублена азіраючы блакітную прастору навокал сябе. I не раз гэтае імгненне разгубленасці не на іхнюю карысць вырашала зыход маланкавага паветранага бою.
 Пра смеласць, мужнасць і кемлівасць пілотаў-французаў са знішчальнай эскадрыллі «Нармандыя – Нёман», што ваявала ў небе Беларусі ў дні пераможнага наступлення нашых войск улетку сорак чацвёртага, вельмі прафесійна, займальна і праўдзіва напісаў у сваім рамане «Дарогі без слядоў» выдатны беларускі празаік Антон Алешка.
 Пісьменнік нарадзіўся ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці і прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, ад першага і да апошняга дня, да поўнай і велічнай нашай перамогі. У той год, калі гітлераўцы па-зладзейску напалі на нашу краіну, ён скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію, а далей франтавы лёс звёў яго са знішчальнай эскадрылляй, якую складалі французскія лётчыкі. У сябе на радзіме яны не маглі сядзець склаўшы рукі, бо добра разумелі, што на прасторах Расіі вырашаецца не толькі лёс гэтай зямлі, але і будучыня роднай ім Францыі.
 Антон Алешка моцна пасябраваў з адважнымі французскімі лётчыкамі, якіх прывялі ў знішчальную эскадрыллю «Нармандыя – Нёман» цяжкія і пакручастыя сцежкі вайны. Ён праводзіў у бой кожнага, з трывогай глядзеў, як знікаюць у паветранай прасторы імклівыя знішчальнікі, і ад душы радаваўся, калі бачыў, як яны вынырваюць з той жа прасторы і з прастрэленымі крыламі і фюзеляжамі садзяцца на прыфрантавым аэрадроме. Ён кратаў рукамі меціны ад фашысцкіх куль, і яму было балюча, быццам былі прастрэлены яго ўласныя плечы. Таму гэтак здзівіла і ўсхвалявала чытача кніга пісьменніка, у якой адкрылася новая і яркая старонка жахлівай бяды, што навісла над зямлёй і народам Беларусі.
 Назву кнігі падказала пісьменніку неба. Аднойчы, ужо ў мірны час, назіраючы за самалётам высока ў небе, ён сказаў: «Вось праляцеў – і знаку няма, як дарога без слядоў». Так і была знойдзена назва для кнігі.
 Неба вайны і неба мірнае – дарога, сапраўды, без слядоў. Але гэта толькі на першы погляд. Сляды з той блакітнай высі анікуды не знікаюць, іх адбітак кладзецца на дарогі зямныя і на іх застаецца назаўжды, калі сляды гэтыя пакідае мужнае і смелае сэрца. А з тых слядоў складваецца тая вялікая дарога, на якой сумленны чалавек сустракае сваю будучыню.
 У нашай роднай Беларусі дарога гэта светлая і шырокая, і ад думак пра гэта ў душы заўсёды свята.
(497 слоў)

Паводле А. Савіцкага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений