У Афрыцы, у Егіпце людзі вельмі даўно навучыліся пісаць на папірусе. Матэрыял для пісьма з папірусу рабілі так: расліну ссякалі, ніжнюю частку дзялілі на роўныя кавалкі. Іголкаю дзялілі валакно на палоскі як мага шырэйшыя, танчэйшыя і даўжэйшыя. Разабраўшы іх у залежнасці ад якасці – шырэйшыя лічыліся лепшымі, – выкладвалі гэтыя палоскі на стол са спецыяльна нахіленаю стальніцаю, сцелючы так, каб іхнія краі заходзілі адзін за адзін. Найлепшыя стужкі-палосачкі атрымліваліся з сярэдняй часткі сцябла. Яны былі і найшырэйшыя, і найдаўжэйшыя.
Пасля на разасланы пласт палосак накладвалі другі, але ўжо ўпоперак. Білі драўляным малатком: ад гэтага пласты танчэлі і шчыльнелі. Потым палівалі нільскай вадой і клалі пад прэс. Пры сцісканні з расліны выдзяляўся сок. Ён праклейваў усе валокны – атрымліваўся суцэльны аркуш. Два пласты ў ім так непарыўна злучаліся, што і сёння захавалі сваю трываласць.
Каб на атрыманых аркушах можна было пісаць, іх трэба было адпаліраваць. А каб яны лепш паліраваліся, ды яшчэ і не ламаліся, бо папірус – даволі крохкі матэрыял, іх праклейвалі спецыяльным клеем. Гэта быў мякіш хлеба, які пракіпяціўся ў вадзе і прастаяў суткі.
Пасля ўжо сушылі на сонцы і звычайна пемзай, ракавінай ці слановай косцю гладзілі аркуш да таго часу, аж пакуль яго паверхня не блішчала. Добра выраблены папірус быў гнуткі і спружыністы. I нават праз тысячагоддзі не страціў гэтых якасцей.
Паліравалі звычайна толькі адзін, верхні, бок аркуша, бо і пісалі толькі на гэтым баку. Папірус празрысты, а таму не асабліва ўдаецца пісаць на ім з другога боку. Затое разліноўваць радкі не прыходзілася. Пражылкі верхняга пласта, які клаўся ўпоперак, самі ўтваралі гарызантальныя лініі. Уздоўж іх і пісалі. Размеціць трэба было толькі калонкі.
Паколькі папірус гнуткі, яго можна было звіваць. Таму даўнейшыя папірусныя кнігі падобныя не на нашы сённяшнія, а на геаграфічныя карты, скручаныя ў трубку. Грэкі такі запісаны скрутак-папірус называлі томам, што на іх мове азначала "частка". Ад іх гэтае слова і перайшло да нас.
У папірусным скрутку быў шчасліва знойдзены той памер старонкі, які дазваляе нам пры чытанні вадзіць толькі вачыма ад краю да краю, не паварочваючы галавы. I калі часам і забаляць ад доўгага чытання вочы, то не баліць шыя.
Каб арыентавацца ў суцэльным рукапісе было лягчэй, у пачатку раздзела або пэўных частак першыя літары – ініцыялы – размалёўваліся чырвоным колерам, і яны кідаліся ў вочы. Так пасля рабілі і іншыя народы, так даўней некалі пісалі і ў нас. Адсюль і пайшоў выраз "пісаць з чырвонага радка", а гэта значыць – пачынаць з новага радка.
У старажытнарымскім горадзе Пергаме нібыта захацелі стварыць бібліятэку, якая б зацьміла славу александрыйскай у Егіпце. Егіпецкі цар, дачуўшыся пра гэта, забараніў вывозіць папірус у суседні Пергам. Але майстры горада знайшлі выйсце. Яны пачалі вырабляць скуры так, каб на іх можна было пісаць. Новы пісьмовы матэрыял нібыта з той пары пачаў называцца "пергамен" – ад імя горада. На пергамене спачатку пісалі, як на папірусе, трысняговаю ці драўлянаю палачкаю. Але неўзабаве і тут прыйшлі змены. Пачалі пісаць больш зручнымі птушынымі пёрамі. А найбольш пашыранымі былі гусіныя. I не ў апошнюю чаргу таму, што гэтыя пісьмовыя прылады разгульвалі па двары.
(491 слова)
Паводле А. Клышкі.