Яны чакалі ночы. Потым чакалі світання. Бо цераз дарогу не перайсці ні ўдзень, ні ўночы. Удзень сонца свеціць, а ўночы пражэктары. А перайсці дарогу трэба было абавязкова, і дзеду Андрэю Андрэевічу, і ўнуку Андрэйку.
Нарэшце на світанні крыху паблякла неба, і дзед разбудзіў Андрэйку. Яны падпаўзлі да самага насыпу. Навокал стаяла такая ціша, што аж у вушах звінела. Над дарогай слаўся густы туман, захіліўшы сабою лес з другога боку.
– Не адставай, Андрэйка. Паўзі мышкаю, не ўзнімай галавы. Вось так.
I дзед яшчаркаю зашамацеў у прыдарожным бур’яне. Андрэйка, адным вокам пільнуючы дзеда, не папоўз, а неяк нібы пакаціўся ўслед за ім. Нарэшце на другі бок дарогі скаціліся. Цяпер хутчэй лясамі пададуцца, да сваіх дабяруцца. Дзед аж захлынаецца ад бязгучнага смеху, а Андрэйка і сам смяецца: абдурылі-такі фашыстаў.
I тады дзед устае на калені, а потым і на здранцвелыя ногі. А ўжо за ім узнімаецца і Андрэйка. I раптам абвалілася над галавою неба. Застагналі сосны, затрашчала ўсё і загуло. Андрэйка ад нечаканасці на зямлю паваліўся, а дзед абедзвюма рукамі за жывот сябе абхапіў, сагнуўся. Потым дзед усё-такі ўпаў на зямлю, у адно імгненне Андрэйка каля яго апынуўся. Дзед, здалося, не пазнаў яго, а потым схапіў за руку, ускочыў на ногі, прыгнуўшыся, шугануў у гушчар, пацягнуў за сабой унука.
Колькі яны так прадзіраліся кустамі, паўзлі на карачках у густым маладым хвойніку – цяжка сказаць. Але Андрэйку здавалася, што яны паўзуць дзень, два, тыдзень, вечнасць. Ужо і страляніна заціхла, ужо і туман развеяўся, ужо сонца затрымцела ў шатах дрэў, а дзед усё некуды спяшаўся, усё спатыкаўся ды абдымаў аберуч свой жывот, усё паўтараў ды паўтараў: «Не адставай, Андрэйка…» Аж пакуль знясілена не паваліўся пад старую бярозу, не ўткнуўся галавою ў вялікую, падобную да шапкі, пакрытую мохам купіну.
Андрэйка рады быў перадышцы. Ведаў: яны ўжо далёка ад дарогі, фашысты іх не знойдуць. А дзядуля няхай адпачне. Андрэйка знаходзіць трошкі меншую купіну. Хвіліна – і хлопчык ужо не чуе нічога, сон ахоплівае яго. Калі прахапіўся, сонца ўжо за далягляд садзілася. Можа б, і не прахапіўся, ды дзядуля пабудзіў. Стагнаў ён чамусьці.
Аж спалохаўся хлопчык, калі на дзядулю зірнуў. Нібы гэта быў нехта чужы. Вочы заплюшчаны, нос завастрыўся, засмяглі вусны, лоб пакрыўся густымі кропелькамі поту. А рукі так і снуюць па аголеным жываце. Толькі цяпер Андрэйка ўбачыў, што дзядуля паранены ў жывот. Відаць, яму моцна баліць.
I Андрэйку стала не па сабе. Са страхам глядзеў ён на выцягнуты, незнаёмы дзедаў твар, нават адсунуўся ад яго далей. А што, як дзядуля памрэ? Што тады рабіць Андрэйку? Ураз усхапіўся ён на ногі. Не, дзед не павінен памерці! Нікога ж не засталося ў Андрэйкі. Ён павінен дапамагчы дзядулю, партызанаў знайсці, сюды прывесці.
Не аглядаючыся, Андрэйка рушыў у лясны гушчар. Проста на сонца. Хай слепіць яго, ён усё адно не адвернецца. Дзядуля сказаў: глядзі на сонца. А навокал – лясная ціша. Страх закрадаецца ў сэрца. Спатыкаўся не раз, падаў на зямлю, бо зусім ужо з сіл выбіўся, а усё адно ішоў, шукаў у бязмежным лесе партызанаў.
I якое ж было яго шчасце, калі сустрэў іх нарэшце, пачаў прасіць хутчэй дзядулю дапамагчы.
– А дзе ж твой дзядуля?
Андрэйка кіўнуў галавою ў той бок, адкуль прыйшоў.
– Я ішоў увесь час на сонейка, проста на сонейка…
Партызаны пераглянуліся, нехта нават прысвіснуў. Андрэйка ж быў перакананы, што паказаў найпрасцейшую дарогу, бо ішоў жа на сонейка, нават кроку не ступіў убок.
Андрэйка быў зусім малы. Ён не ведаў яшчэ, што ні зямля, ні сонца не стаяць на месцы.
(564 словы)
Паводле Ю. Збанацкага.