Статут Вялікага Княства Літоўскага дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі два з паловаю стагоддзі. Статут – гэта звод законаў, напісаны тагачаснаю беларускаю моваю. Ён быў надрукаваны летам 1588 года ў Вільні. Пазней з’явіліся пераклады Статута на лацінскую, польскую і рускую мовы. З таго часу да сённяшніх дзён адукаваныя людзі захапляюцца мудрымі старонкамі законаў.
Значны ўклад у распрацоўку Статута 1588 года ўнёс князь Леў Сапега – славуты сын беларускай зямлі. Менавіта на яго ўласныя сродкі ажыццявілася першае выданне гэтага пісьмовага помніка.
Леў Сапега нарадзіўся ў багатым маёнтку на Віцебшчыне. Калі хлопчыку споўнілася сем гадоў, яго прывезлі ў Нясвіж і аддалі ў мясцовую школу. Нясвіж на той час вылучаўся сваёй асветай, культурнымі традыцыямі. У замку Радзівілаў знаходзілася надзвычай багатая бібліятэка, дзейнічала друкарня. У Нясвіжы Сымон Будны разам з аднадумцамі выдаў на беларускай мове «Катэхізіс», што выкарыстоўваўся як падручнік у пачатковых класах. Менавіта па гэтай кнізе вучыўся чытаць будучы канцлер Вялікага Княства Леў Сапега.
Вышэйшую адукацыю Леў Сапега атрымаў у далёкай Германіі. У знакамітым Лейпцыгскім універсітэце ён вывучаў складаную юрыдычную навуку. Вывучаў з ахвотаю і вялікім стараннем. Затым малады князь вярнуўся на радзіму. У той час Вялікае Княства Літоўскае і Польскае Каралеўства аб’ядналіся ў адну дзяржаву, каб бараніцца ад варожых набегаў. Аднак абедзве краіны заставаліся самастойнымі, кожная мела свой урад і асобнае войска. Кожная дзяржава кіравалася сваімі законамі.
Доўгія гады Леў Сапега займаў высокія пасады ў Вялікім Княстве. Яму даручаліся самыя адказныя перамовы з замежнымі пасламі. Князь непахісна, цвёрда верыў, што яго краіна будзе па-сапраўднаму заможнай і магутнай, калі яе грамадзяне пачнуць жыць па разумных законах. Таму Леў Сапега шмат сілы і душы аддаў падрыхтоўцы артыкулаў Статута. Ён напісаў прадмову да гэтага помніка, у якой тлумачыў суродзічам сілу законаў. Леў Сапега лічыў, што кожны прыстойны чалавек павінен ведаць законы дзяржавы, нікога не крыўдзіць, дапамагаць абяздоленым, жыць згодна з «пісаным правам».
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года мае каля пяцісот артыкулаў. Паводле іх нашы продкі вырашалі ўсе спрэчныя пытанні, верылі ў справядлівасць дзяржаўнага суда. Дакумент забараняў чужынцам займаць важныя пасады ў Літоўскім Княстве. Былі змешчаны артыкулы, што баранілі, аберагалі малых сірот, бацькі якіх памерлі ці загінулі. Меліся нават асобныя артыкулы пра ахову лясоў, лугоў, дзікіх жывёл. Ёсць у Статуце 1588 года асобны запіс адносна дзяржаўнасці беларускай мовы, якая на той час называлася рускай, або простай. Гэта сведчыць, што нашы продкі шанавалі роднае слова, абавязвалі ўсіх ведаць, вывучаць мову сваёй зямлі.
Значэнне Статута ў беларускай гісторыі яшчэ і ў тым, што ён юрыдычна замацаваў прававое становішча беларускай мовы як дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім. У Статут быў унесены спецыяльны закон аб абавязковым ужыванні ў афіцыйным справаводстве беларускай мовы. Гэта садзейнічала яе высокаму статусу, удасканаленню і развіццю лексічных, марфалагічных і сінтаксічных сродкаў. Дарэчы, багаццем тагачаснай лексікі Статут пераўзыходзіць усе іншыя старабеларускія помнікі.
Статут Вялікага Княства Літоўскага – выдатны помнік прагрэсіўнай чалавечай думкі. Ён прасякнуты ідэяй зрабіць людзей больш дасканалымі і справядлівымі.
(464 словы)
Паводле А. Бутэвіча.